Темы

Лучкі

Лучкі

Лучкі – былы фальварак (хутар) Руда-бельскай воласці. Як сведчыць выпіс з “Інвентару Рудабельскай воласці”, фальварак Лучкі вядомы з 1692 года. У гэтым жа “Інвентары…” прапісаны і правілы жыцця сялян фальварка, а іменна: “Двор бязбожных злачынцаў, не гледзячы на заслугі, без усялякай палёгкі сурова павінен караць смерцю. Усе павінны ў нядзельныя дні і ўрачыстыя работ не праводзіць, прыстойна святкаваць, да царквы на набажэнства хадзіць, ніякай работы не рабіць, і калі хто-небудзь не шчыры, то раз у год на Велікодную споведзь і Святую камунію, пачаўшы ў 10 гадоў, выканаць належыць. А калі хто ў святы будзе працаваць, то за кожную ў дні свята работу штраф 3 грошы і за незнаходжанне ў царкве накладаецца штраф 3 грошы і 50 удараў, а на дзясятніка 10 грошаў і 100 удараў, аб чым кожны прэсвітар сваёй парафіі Двору (Двор – галоўная панская сядзіба — аўт.) даносіць, а Двор без усялякай палёгкі прыводзіць у выкананне віну і Царкву задавальняе…”. Хваставіцкае, Дакольскае, Пагосцкае і Балашэвіцкае войтаўствы, якія знаходзіліся на баршчыне, павінны былі кожную нядзелю адпраўляць у Лучкі тры старажы і адну старажыху.
Крыху пазней Лучкі пачалі звацца “засценкам”. Назву “засценак” паселішча атрымала ад месца знаходжання зямлі, на якой размясцілася. Адносна “Устава на валокі”, што быў выдадзены ў другой палове XVI стагоддзя, сялянам адводзілася па тры полі. Кожнае з іх мела сваю “сцяну”, а па-сучаснаму мяжу. Адсюль усе землі, якія былі за межамі гэтых “сцен”, называліся засценкавымі. Іх часцей за ўсё аддавалі дробнай шляхце, якая тут сялілася “адным альбо некалькімі дварамі”, і паселішча атрымлівала назву “засценак”. Лучкі якраз і ахінаюць такія палі. Сама ж назва “Лучкі” звязана з працоўнай дзейнасцю насельніцтва, што тут пражывала, з яго працоўнымі звычкамі, яна паходзіць ад слова “луцце” — лыка маладых ліп, з якога плялі лапці, а з аблупленых ліп рабілі ручную зброю ў выглядзе гнуткай дугі, сцягнутай цецівой для пуску стрэл, з такімі лукамі хадзілі на паляванне ў лес, што ахінаў засценак з усіх бакоў. Хапала ў лесе рознага звяр’я. Вось так “луцце” і “лук” і далі назву “Лучкі”. А тое, што ў гэтых мясцінах сяліліся людзі з даўніх часоў, пацвярджаюць і даследаванні вучонага В.Ф.Капыціна, што праводзіліся ў гэтых краях у 1977 і 2000 гадах. Непадалёк ад вёскі Лучкі, метраў за 700 на захад, ва ўрочышчы Галістыя пелі, знойдзены курганны магільнік часоў старажытнай Русі. Гэта восем круглых насыпаў вышынёй да 1,5 метра, заросшых дзёрнам і дрэвамі. Чатыры з іх, на жаль, пашкоджаны скарбашукальнікамі.
З 1793 года вёска Лучкі ўваходзіць у склад Расійскай імперыі, яна — маёнтак Бабруйскага павета. 1878 год – засценак Лучкі складаецца з аднаго двара і 5 жыхароў. У пачатку ХІХ стагоддзя не змог устаяць пад ударамі крызысу ўладальнік Глускага графства І.Юдыцкі. Ён запазычыў значную суму грошай, а вось аддаваць не было чым. І граф пачаў распрадаваць сваю маёмасць. Вось так уласнікам засценка і стаў пан Свід. У 1897 годзе ў Лучках ужо 6 двароў і 49 жыхароў. Жыхары Лучак не толькі плялі лапці, што добра ішлі на продаж, і хадзілі на паляванне, але і займаліся земляробствам. Сеялі ўвесь час жыта і пшаніцу, лён і каноплі, садзілі бульбу і іншую гародніну. Жылі ў гэтым шляхецкім засценку і свае грамацеі, што добра ведалі розныя навукі. Малады хлопец па прозвішчы Алімп Шулякоўскі быў нават наняты настаўнічаць у в.Байлюкі, вучыць дзяцей грамаце, пісьменнасці. А яго брат Сямён, які скончыў настаўніцкую семінарыю, арганізаваў у гэтай вёсцы хор і навучыў спяваць колькі царкоўных песень. Вынік сваёй працы браты Шулякоўскія пачулі ў царкве, куды павялі спяваць сваіх вучняў. Вось што запісана ва “ўспамінах пра Яўхіма Кіпеля з Байлюкоў”: “У час абедні мы сьпявалі, і гэта зрабіла вялікае ўражанне. “Пабачце, вунь што за зіму навучыліся! Аж у царкве могуць сьпяваць!” — гаварылі сяляне. Таму што мы нешта навучыліся, за прыкладам нашай і суседнія вёскі хутка адчынілі школы граматы, ды таксама за свой кошт”. Такім чынам навука і распаўсюджвалася ў народ.
У 1917 годзе да ўлады прыйшлі Саветы. На кожную душу сям’і прырэзалі па гектару зямлі ад панскіх фальваркаў. А было ў гэты час у засценку 97 жыхароў, з іх 15 палякаў. Двароў жа ўсяго – 15, па 6 – 7 чалавек у кожным. Прылуцкія, Мажэйкі, Ермалінскія, Шыкіры, Сеўрукі… Засцянкоўцы, “патомныя гарэтнікі, нястомныя і дбайныя гаспадары”. Як пісаў у сваіх успамінах С.І.Грахоўскі, “яны любілі і пеставалі зямлю, і яна ім аддзячвала за клопат буйным коласам і поўнаю баразною на бульбяным полі. А дамы ў засценку ладныя, пад гонтаю, ганачкі з каляровымі шкельцамі, падлогі маляваныя, былі самавары і фікусы, сем’і – вялікія, рабацяшчыя. Гаравалі на зямлі ад цямна да цямна, не разгіналіся і старыя і маладыя. Ледзь прыпаўзе чалавек з поля, памыецца, павячэрае і рады, што столькі зрабіў, што ні калі-ва не пайшло ў глум. Таму і жылі па-людску, мелі хлеб і да хлеба, сваё кужэльнае палатно, сукно свае работы і зрэб’е, добра вырабленую шкуру на юхтавыя боты і мяккую, хоць у вуха кладзі, аўчыну на футра да пят і на паўкажушок з аблямоўкай. Куплёны толькі паркаль на дзявочыя блузкі, а так – усё сваё, уласным мазалём загараванае. Саветы адкрылі дарогу ў навуку, і пацягнуліся сыны і дочкі засцянкоўцаў у Горы-Горкі, у Чырвоны бераг на аграномаў вучыцца, у Мінск – на дактароў і настаўнікаў, у Віцебск – на ветэрынараў. А з’едуцца на лета, аж гай гудзе ад работы на полі і ў лузе, вечары звіняць песнямі. А ў нядзелю ідуць студэнты ў мястэчка ў кужэльных вышыванках з чырвонымі паясамі і рэжуць усё па-інтэлігентнаму, усё па-беларуску”.
30-я гады ХХ стагоддзя — гэта гады калектывізацыі, якая прыйшла і ў засценак. Улада ж вынесла засцянкоўцам, як пісаў С.І.Грахоўскі, “канчатковы прысуд — ліквідаваць як клас. За два дні апусцелі хлявы і хаты: патрушчылі абцасамі абразы, пазабі-ралі гаршкі, патэльні і дзіцячыя цацкі. Засцянкоўцам нават не прапанавалі ісці ў калгас. Яны б, мабыць, і пайшлі б, і выціналіся б як на сваім полі. А за тое, што людзі жылі па-людску, і пусцілі іх першых пад нож вынішчэння”. Раскулачылі і выслалі ў Свярдлоўскую вобласць Ермалінскую Усцінню Андрэеўну 1874 г.н., Ермалінскага Пятра Сцяпанавіча 1903 г.н. і Ермалінскага Сцяпана Пятровіча 1873 г.н. Яны былі рэабілітаваны 12 красавіка 1996 года.
У 1926 годзе быў арганізаваны калгас “Рэўузрыў”, у які ўвайшлі жыхары вёсак Лучкі і Падзамша, у канцы 30-х гадоў ён насіў імя Арджанікідзе. Старшынёй гэтага калгаса ў 1937-1940 гадах быў Іцка Гіршавіч Левітан. Жыццё набірала свае абароты. Людзі прывыкалі да новай савецкай улады, да выканання новых законаў, указаў, асвойваліся з новымі парадкамі… А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, засцянкоўцы з Лучак пайшлі абараняць радзіму ад ворагаў. Пад Варшавай загінуў радавы стралок Валодзька Васіль Якаўлевіч, ва Усходняй Прусіі — Сіраж Аляксей Цімафеевіч, у Германіі — Казачок Іван Яфімавіч, прапалі без вестак Сеўрук Георгій Іванавіч і Толсцік Ціхан Мікалаевіч, не вярнуўся ў сваю родную вёску і Бабак Міхаіл. Імёны загінуўшых увекавечаны на помніку, што ўзвышаецца сярод прыгожых хваёвых дрэў у в.Мыслоціна. Сярод тых, хто вярнуўся дадому, быў і Аляксандр Фядотавіч Прыжылуцкі. Тут ён нарадзіўся, на яго вачах будавалася вёска, гулялі вяселлі, нараджаліся дзеці. Адсюль ён пайшоў служыць на Далёкі Усход, а калі пачалася вайна, трапіў у вучэбны полк, потым на фронт. Ваяваў на Манчжурскай граніцы, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Польшчы. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За вызваленне Варшавы”, юбілейнымі ўзнагародамі. Дэмабілізаваўся з арміі ў 1946 годзе. Ажаніўся. Нарадзіліся дзеці. Амаль паўвека адпрацаваў у калгасе. Яго лёс — гэта лёс вёскі Лучкі, лёс яго землякоў. Яны, гэтыя лёсы, усе шмат чым падобныя адзін на другі…
У тыя пасляваенныя гады ў Лучках было вельмі багата моладзі, і галоўнае, нікога не палохала праца. Усе вельмі радаваліся, што вакол мірна і ціха… Бывала, ідуць з поля стомленыя, але задаволеныя і абавязкова з песняй. А праца і сапраўды была цяжкая. Амаль усё рабілася ўручную. Жыта жалі сярпамі, траву касілі касой і граблямі зграбалі, лён адбівалі пранікам, а бульбу садзілі і капалі “пад плуг”, коньмі… Гэта ўжо багата пазней на палях з’явілася шмат тэхнікі. А так — лічаныя адзінкі… Людзі жылі з верай у будучыню, радаваліся кожнаму дню, кожнаму народжанаму дзіцяці. А іх было амаль у кожнай сям’і не менш за трое. І спраўлялі хрэсьбіны ў кожнай хаце. Бо нараджэнне дзіцяці — гэта ж свята. Дзяцей сваіх засцянкоўцы з самага ранняга ўзросту прывучалі да працы па гаспадарцы і ў полі… Ды і як па-іншаму, калі так вялося ад дзядоў і прадзедаў. Працавітыя людзі ў Лучках: спраўляліся і ў калгасе, і ў сваёй гаспадарцы. Вось і зараз, хоць і жыве іх тут толькі 25 чалавек, 15 з якіх — пенсіянеры, без працы не сядзяць. Вясной сеюць зерневыя, садзяць бульбу, гародніну, улетку — нарыхтоўваюць сена… Хто на што мае сілы і патрэбу. Ніякай калгаснай гаспадаркі тут зараз няма. Была дзесьці ў 70-80 гадах ХХ ст. ферма, на якой адкормлівалі бычкоў, але зараз ад яе — адны ўспаміны. Вакол вёскі, як і колісь — палі, толькі не панскія, а ААТ “Райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Магазіна свайго ў вёсцы няма, але неабходныя прадукты прывозіць аўталаўка. Каму спатрэбі-цца нешта з прамысловых тавараў, робіць заказ, і яго выконваюць. Ды і з сувяззю асаблівых праблем не існуе, амаль ва ўсіх ёсць тэлефоны. А каму па нейкіх справах у райцэнтр — дастаткова дайсці да дарогі, а там транспарту ідзе шмат, бо сама ж вёска ляжыць непадалёк ад шляху, што вядзе з Глуска на Слаўкавічы. А да Глуска ад Лучак — усяго 2 кіламетры.
Вось так і жывуць Лучкі, якія колісь былі засценкам, а зараз — маленькая вёсачка. Час ад часу да бацькоў наязджаюць дзеці з гарадоў, прывозяць ім унукаў, а каму і праўнукаў. Тады вёска ажывае і нібы маладзее, як некалі ў далёкія часы. А яшчэ тут амаль няма пустых сядзіб, бо яны запатрабаваны дачнікамі. Цягне людзей да свайго, асабістага кутка са шматпавярховак, як кажуць у народзе, “шпакоўняў”, у гэты спакойны, прыгожы куточак Глушчыны.

Іна КІРЫНА

Последние новости

Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024
АПК

Галоўнае — захаваць маладняк. На семінары-нарадзе, які прайшоў у Глусскім раёне, разглядалі тэхналагічныя аспекты захаванасці і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы

28 марта 2024
Общество

Реконструкция линейно-кабельных сооружений проводится в Глуске

28 марта 2024
Общество

Районные соревнования по настольному теннису прошли в Глуске

28 марта 2024
Актуально

Надо брать! Новый кредит на потребительские нужды «На родныя тавары» запустил Беларусбанк

27 марта 2024
Актуально

В Могилёвской области дорожные предприятия приступили к озеленению транспортных развязок и придорожных полос

27 марта 2024
Общество

Право знать! В Глуске прошел правовой брейн-ринг

27 марта 2024
Власть

Лукашенко о полете белорусского космонавта: это не только имидж страны, мы — космическая держава

27 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024