Санаторная школа-інтэрнат — установа адукацыі абласнога падпарадкавання, таму і сродкі на яе рамонт былі выдзелены з абласнога бюджэту. І сродкі немалыя — адзін мільярд сто мільёнаў рублёў, пайшлі яны на капітальны рамонт даху школы, а таксама на новую падвесную столь у спальным корпусе. Паколькі работа гэта спецыфічная, патрабуе і спецыяльных навыкаў, і спецыяльнай тэхнікі, таму даручана яна была будаўнікам-прафесіяналам з мясцовай ПМК-249. Іх жа сіламі, але за кошт спонсарскіх сродкаў ад міністэрства лясной гаспадаркі (75 мільёнаў рублёў) у спальным корпусе заменена электраправодка. Што і казаць, сродкі пайшлі на ўсё вельмі значныя, але, па-першае, гаворка ідзе пра ўстанову, дзе на працягу вучэбнага года жывуць і вучацца дзеці, якія маюць патрэбу ў пэўным лячэнні, па-другое, капітальны рамонт даху праводзіцца не кожны год, і не кожны год абласны бюджэт выдаткоўвае на гэта сродкі. Проста зараз гэта былі абавязковыя планавыя работы. “Ва ўсім астатнім, — гаворыць дырэктар школы Анатоль Міхайлавіч Ласоцкі, — мы разлічваем толькі на ўласныя сілы і на падтрымку спонсараў — на бацькоўскую дапамогу спадзявацца не даводзіцца”.
Тым не менш гэтымі днямі санаторная школа-інтэрнат завяршае ўсе рамонтныя работы як на даху, так унутры памяшканняў, на прышкольнай тэрыторыі. У канцы жніўня пачынаецца заезд дзяцей, плануецца, што ў гэтым навучальным годзе тут будуць папраўляць здароўе і вучыцца каля 120 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных раёнаў Магілёўшчыны. Хочацца, каб ім спадабалася ў нас.
Т.ЛУГАВАЯ