Темы

Малінава

Малінава

Невялікая вёсачка з такой прыгожай назвай знаходзіцца ў Клятнянскім сельсавеце і размешчана абапал шляху, што вядзе на Слаўкаўшчыну і далей – на Любаншчыну, Гомельшчыну… Іменна тут, дзесьці ў межах вёсак Малінава, Клетнае, Барбарова, пачынаецца Прыпяцкае Палессе, адна з ніжэйшых кропак мясцовага рэльефу Глушчыны. А вядома вёска Малінава з сярэдзіны XIX стагоддзя, калі ў 1847 годзе тут быў заснаваны засценак Малінаў – паселішча хутарскога тыпу, дзе сталі жыць некалькі сем’яў дробнай шляхты, якая арандавала ў пана ворныя і сенакосныя землі, іх колькасць у гэтых мясцінах была вельмі абмежавана балотам. Гэта непраходнае балота было заросшым густым маліннікам, адкуль мела і назву сваю – Малінаўскае балота. Тутэйшыя сяляне толькі зімой, у вялікі мароз, выязджалі па вузкай гаці ў мястэчка і запасаліся на год соллю, запалкамі і ўсім неабходным. (Гаць – гэта насціл з галля, бярвення, ламачча для праезду цераз балота альбо гразкае месца).
Восенню і вясной, калі ішлі дажджы, а то і ў мокрае лета багна літаральна адразала засценак Малінаў ад усяго свету. А маліннік там так быў разросся, што падступаў да самых сялянскіх агародаў. З ім і звязана назва вёскі Малінава, дарэчы, маліны і зараз расце шмат у навакольных лясах. У 1857 г. засценак Малінаў – гэта ўласнасць пана Быкоўскага. З 1897 г. ён стаў пісацца ў некаторых афіцыйных дакументах як вёска Малінава, у якой налічвалася 17 двароў, дзе пражывала 136 чалавек. “Двор” – у гэтым выпадку сталае жыллё адной альбо некалькіх сем’яў, звязаных паміж сабой сваяцкімі сувязямі, якія мелі кожная сваю асобную гаспадарку, жыллё, зямлю… Адносілася вёска Малінава да Глускай воласці Бабруйскага павета. У канцы XIX ст. у засценку Малінаў была адкрыта рухомая школа граматы. У параўнанні з царкоўнапрыходскімі школамі школа граматы была ніжэйшага разраду. Але прадметы выкладаліся аднолькавыя: закон Божы, руская і царкоўнаславянская мовы, чытанне, чатыры першыя дзеянні арыфметыкі і царкоўныя спевы. У школе быў адзін клас, і знаходзілася яна папераменна ў хатах бацькоў навучэнцаў. У 1890-1891 гадах у малінаўскай школе навучалася 8 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Настаўнікам працаваў унтэр-афіцэр царскай арміі ў адстаўцы Леў Іпалітавіч Тамашэўскі. У 1913 годзе ў школе навучалася ўжо 8 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак, і адносілася яна да прыходу Свята-Уваскрэсенскай царквы, што была пабудавана ў Глуску ў 1898 годзе. Засценак Малінаў у 1909 годзе налічваў 10 двароў і 89 жыхароў. 1917 год – 21 двор і 161 жыхар, з якіх 23 палякі.
Праз некалькі год пасля ўстанаўлення савецкай улады кіраўніцтва краіны ўзняло пытанне аб асушэнні балот на Беларусі. А іх было вельмі багата. Краіне патрэбна была зямля, ураджаі, хлеб… У суседнюю вёску Пад’елле наркамзем прыслаў інжынера Важаеўскага. Разам са спецыялістамі той правёў даследаванні ўсіх навакольных балот і склаў праект асушэння. Было створана Пад’ельскае меліярацыйнае таварыства. І пачалася праца… Асноўнай прыладай працы ў руках селяніна была рыдлёўка. Калі пачалі капаць уручную магістральны канал, некаторыя вяскоўцы глядзелі на гэтых адважных мужыкоў, як на дзівакоў. Людзі не маглі сабе ўявіць, што можа карыснага расці на балоце, пакрытым непатрэбнай зелянінай, што ўчапілася глыбока ў торф, пусціўшы ўсюды свае карані. Вельмі цяжка было змагацца з балотным пустазеллем, маліннікам, хмызняком. Цяжка і марудна, але праца на канале працягвалася. Ніхто рукі не склаў, людзі ішлі наперад і дабіліся-такі сваёй мэты. К 1930 году магістральны канал быў пракладзены ўздоўж усяго Дзікага балота. Гэты канал і зараз існуе, мо крыху толькі змяніў свой накірунак ды болей падоўжыўся. Хто заве яго Барбароўскім каналам, а хто Малінаўскім меліярацыйным каналам. Ён стаў першым прытокам ракі Даколькі (басейн р. Прыпяць). Зараз даўжыня канала 19 км. А пачынаецца ён за 5 км на поўдзень ад в. Сялец, вусце ж за 3 км ад в. Барбарова. Актыўнае асушэнне балот працягвалася аж да 80-х гадоў XX стагоддзя.
На асушаным Малінаўскім балоце пачалі сеяць цімафееўку, кукурузу, азімае жыта… Добрыя ўраджаі здымалі на гэтых землях і аўса, і цукровых буракоў, і бульбы. У 1967 годзе, выступаючы на сустрэчы з моладдзю, брыгадзір Андрэй Балтушкін казаў: “Наш чалавек не прывык чакаць літасці ад прыроды. Ён бярэ ў яе багацце сваімі мазолістымі рукамі, нават з такіх гнілых мясцін, як Малінаўскае балота. Наша брыгада мае зараз 175 гектараў асушаных тарфянікаў. Летась з гектара цімафееўкі (цімафееўка – гэта культурная расліна для корму жывёлы, у народзе яе так і звалі “культура”) сабралі 60-70 цэнтнераў на гектар сена, кукуруза дала па 300 цэнтнераў зялёнай масы. Мы самі пераканаліся, што тарфянікі – гэта такая кладоўка, адкуль можна чэрпаць багацце поўнай жменяй”. І чэрпалі…
У 1922 годзе ў в. Малінава была адкрыта савецкая пачатковая школа, якая размяшчалася ў наёмным памяшканні. У 1923 годзе школу наведвалі 19 вучняў. Сяляне засценка былі ў асноўным гаспадарамі заможнымі, працавітымі, жылі ў дастатку. І калі пачалася агітацыя за арганізацыю калгасаў і дабраахвотнае ўступленне ў калектыўную гаспадарку, мала хто з іх паддаўся на яе. Не жадалі людзі ісці ў калгас. Так было не толькі ў Малінаве… І тады стаўка рабілася на сілавыя метады. Яны былі больш звычныя і як-ніяк давалі рост паказчыкаў. У 1924 годзе Глускі РК КПБ прымае пастанову “Аб ліквідацыі кулацтва як класа”. У ёй было запісана: “Там, дзе згрупавана кулацкая частка ў засценках (Малінава, Беркава, Жукавічы і г.д.), лічыць неабходным зараз жа правесці работу па арганізацыі калгасаў у акаляючых вёсках з беднякоў і сераднякоў і напоўніць іх батракамі і беднякамі тутэйшай мясцовасці”. У гэтай жа пастанове 1924 года прапаноўвалася прыняць наступныя меры супраць кулакоў: “прыступіць да ўліку ўсёй маёмасці іх гаспадарак, пакінуць кулакам участкі горшай зямлі не больш за 5 га на гаспадарку, выключыць усе кулацкія гаспадаркі з ліку пайшчыкаў кааперацыі, а належачы ім пай і ўклады – канфіскаваць, абкласці кулацкія гаспадаркі дадатковым падаткам на 35%”. У 1926 годзе ў Малінаве быў 21 двор і 150 жыхароў, і ўсе павінны былі стаць калгаснікамі. Сталін і яго акружэнне патрабавалі суцэльнай калектывізацыі. І як вынік усіх мер – у 1930 годзе ў Малінаве арганізаваны калгас “Серп і Молат”, у які ўвайшлі 59 гаспадарак. Такія ж гаспадары, як Мажэйка Кацярына Антонаўна, 1902 г. н., і Мажэйка Максім Іванавіч, 1884 г. н., былі раскулачаны, арыштаваны і сасланы ў Сібір. І толькі ў 1992 годзе іх рэабілітавалі. Першым старшынёй калгаса “Серп і Молат” быў Голуб Барыс Фёдаравіч, ураджэнец Глуска, які да гэтага часу працаваў старшынёй местачковага Савета. Кіраваў ён малінаўцамі тры гады, а потым Голуба Б.Ф. перавялі ў вёску Макавічы старшынёй сельскага Савета, а ў 1937 годзе ён быў рэпрэсаваны і сасланы ў Магаданскую вобласць, дзе на залатым прыіску “Туманны” адбываў пакаранне. У гэтым жа 1937 годзе быў рэпрэсаваны па даносе і калгаснік з вёскі Малінава Іванюк Іван Іосіфавіч (ён жа Малецкі Уладзімір Іосіфавіч) 1888 г. н., следчая справа якога была спынена 19.02.1939 г.
К 1936 году калгас “Серп і Молат” меў 360 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў і аб’ядноўваў 74 гаспадаркі. У ліпені 1930 года адкрылася першая Усебеларуская выстава сельскай гаспадаркі, якая адлюстроўвала здабыткі працоўнага сялянства за гады першай пяцігодкі. У гэтай выстаўцы з Глускага раёна ўдзельнічалі 262 калгаснікі. У раённай газеце тых гадоў паведамлялася, што “ў калгасе “Серп і Молат” калгасніца Ганна Марціновіч (в. Малінава) жне збажыну сярпом па 24-27 сотак за дзень, пры норме – 12”. У 1934 годзе ў в. Малінава было праведзена радыё. У час гарачых сезонных работ для больш шырокага ўдзелу ў іх жанчын-маці ў сельгасарцелі “Серп і Молат” працавалі сезонныя ж яслі.
Шамацеў і гаманіў багаты ўраджай хлеба на асушаных тарфяніках, па добрай траве пасвіўся вялікі статак асабістай жывёлы, людзі зноў пачалі ўбірацца ў дастатак. Быў хлеб, сваё свінчо, авечкі, куры, гусі… Працавалі малінаўцы багата, гаравалі і ў калгасе, і дома. Але ж і мелі ўсё. Людзі памяталі і першыя гады савецкай улады, і першую сваю радасць пакарыцеляў балот. У вёсцы заўсёды было людна. У 1940 годзе ў 48 дварах жыло 236 чалавек. Збіраліся на вячоркі ў якую-небудзь з хат – і пралі, і ткалі, і вышывалі… Знаходзіліся заняткі і для моладзі, і для дзяцей. Адной з такіх хат была ў Малінаве – хата Званковічаў. Робяць работу на вячорках, размаўляюць, а потым і песні заспяваюць, а гаспадар Сцяпан Званковіч на скрыпцы падыграе. Добра ён вельмі ўмеў музыцыраваць. Перадваеннае Малінава ўсё патанала ў багатай квецені садоў…
І вось у гэтае наладжанае сялянскае жыццё ўварвалася чорнай хмарай вайна. Першым жа прызывам амаль усіх мужчын прызвалі ў армію, і пайшлі яны на фронт абараняць Радзіму. Па ўспамінах малінаўцаў, вайну яны ўпершыню ўбачылі адразу ў небе. У ваколіцах в. Клетнае, што непадалёк ад Малінава, то ў адзін, то ў другі дзень з’яўлялася багата чорных кропак у небе і стаяў вялікі гул. Гэта ляцелі савецкія самалёты ў бок Бабруйска. Ды яшчэ ў першыя ж дні вайны калгаснае дабро, у тым ліку і ўсю жывёлу, раздала савецкая ўлада па сялянскіх гаспадарках на часовае карыстанне, пакуль разаб’юць ворага. Дзесьці ў сярэдзіне лета малінаўцы бачылі, як непадалёк ад “залатой горкі”, на полі, што цягнецца ўздоўж шляху на Малінава, селі два самалёты. З аднаго ў другі самалёт перанеслі параненага лётчыка, і гэты самалёт адразу ж, амаль прама з месца, узляцеў. У гэты час у Клетным стаяў нямецкі гарнізон. І немцы, пакуль пад’ехалі з Клетнага да месца пасадкі самалётаў, там ужо нікога не засталі, толькі пакінуты самалёт быў ахоплены вялікім полымем.
Малінаўцы ж па сваёй даваеннай звычцы збіраліся па вечарах па хатах, ладзілі вячоркі… Вось толькі тэмы размоў на гэтых вячорках былі зусім іншыя – пра вайну… У вёску сталі даходзіць чуткі, як лютуюць немцы, забіваюць мужчын, нават хлопцаў, якім няма яшчэ і 14 гадоў. І мужчыны, якія не трапілі на фронт, і старэйшая моладзь падаліся ў партызаны. У асноўным усе сталі ваяваць у атрадзе імя Гастэлы. Гэты партызанскі атрад заявіў аб сабе ўжо ў снежні 1941 года ў баі за в. Малінава, якая стала пачаткам партызанскай зоны Слаўкаўшчыны. Немцы баяліся сюды сунуцца. Але так было толькі на пачатку вайны.

Іна КІРЫНА
(Працяг будзе)

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024