Темы

Маё юнацтва — вайна… (Успаміны Стрэж (Рускай) Кацярыны Лук’янаўны)

Нарадзілася я ў 1924 год-зе 22 снежня. Закончы-ла чатыры класы на выдатна ў Зоркаўскай школе і пайшла ў Слаўкавіцкую сямігодку. У нашым сельсавеце школы-дзесяцігодкі не было, прыйшлося ў восьмы клас ісці ў Забалацце Акцябрскага раёна.
Неўзаметку праляцела дзяцінства. Закончыла 8 класаў. Потым канікулы, пайду ў дзявяты клас…
22 чэрвеня 1941 года. Нядзеля. Мы пайшлі з дзяўчатамі ў кааператыў, набралі цукерак, каб з чым было заўтра паехаць ў Баянічы драць лазу. Яе здавалі на грошы. У калгасе тады грошай не давалі, а разлічваліся збожжам, бульбай, іншы раз плацілі па 10 ці 15 капеек за дзень. За год можна было атрымаць сям’ёй каля 300 працадзён.
Ідзём, мяркуем, колькі мы грошай атрымаем. Бачым, нясуць да суседа начоўкі. Кажуць, нарадзілася дачка. А ўсе плачуць. Пытаемся, чаму гэта ўсе плачуць і столькі людзей на вуліцы. Вайна, кажуць, напаў Гітлер на Савецкі Саюз. Мы яшчэ не ведалі, што гэта страшна, але адчувалі, што гэта нешта ліхое, дрэннае. Вайна то вайна, а гуляць усё роўна хочацца. Сцямнела, выйшлі на вуліцу. Самалёты ляцяць, так страшна равуць. Тут мы адчулі страх і разбегліся па хатах. З гэтай пары пачаліся пакуты, вечны страх. Мы, дзеці, з гэтае пары адразу сталі дарослымі. Назаўтра прыехалі з ваенкамата і забралі ўсіх ваеннаабавязаных мужчын і павезлі на фронт.
Праз дзён чатыры ці пяць прыйшлі к нам немцы. Пабылі гадзіны дзве і паехалі.
Бацькі дома няма. Праз дзён дзесяць чую бацькаў голас, перашэптваюцца з мацерай. Ён гаворыць: “Закрылі “вароты” немцы за Слабадой і прарваліся зусім нямногія. Усе мужчыны вярнуліся дамоў”.
Прайшло некалькі месяцаў, з Масквы прыслалі самалётам ваенных для арганізацыі партызанскіх атрадаў. Аэрадром быў у Зыславе. Калі туды прыляталі самалёты, то мы чулі гукі і грукат. Усе казалі, што самалёт, мабыць, зброю скідвае.
Часта прыходзілі ўночы да бацькі партызаны. Ён заўсёды атрымліваў заданне. Сказалі, што як працаваў у сельсавеце, так і працуй. Будуць вызываць у Глуск немцы, то едзь.
Калі паехаў яшчэ раз, падышла да яго перакладчыца Аторына і сказала: “Стрэж, больш не прыязджай, бо цябе немцы заб’юць, яны ведаюць, што цябе пасылаюць партызаны. З Клетнага Сокала Аляксея ўбілі”. Настаўніцы Аторынай бацька быў немец і ёй немцы верылі, але яна працавала супраць іх.
Памятаю, калі скончылася вайна, я прыйшла ў Глускую школу. Была нямецкая мова. Прыйшла настаўніца, пачала вызываць па прозвішчах. Пытае: “Ты Лук’янава?”. Я бачу, што яна ў канцы журнала чытае.
— Так, – сказала я.
— Дзе бацька?
— Немцы ўбілі.
— Ах, Стрэж, Стрэж.
Я заўсёды адчувала, што яна адносілася з душой да мяне.
У нашых лясах, было шмат партызанскіх атрадаў, і заўсёды камандзіры атрадаў Цыкункоў, Сталяроў, Якавенка і іншыя жылі ў нашай хаце.
Памятаю Цыкункова, бацька быў у яго атрадзе. Часта хадзілі лавіць немцаў або на падрыў чыгункі. Людзі хаваліся па лясах, балотах, жылі ў буданах у лесе. Доўга жыў Сталяроў Жора з жонкай Клавай. Была яна маладая, зусім здавалася дзіцём. Аднойчы плача: “Мёду хачу”. Слухаў камандзір, слухаў, ды як стукне кулаком па стале: “Людзі кроў праліваюць, а ты мёду хочаш!”. Часта да яго прыязджаў камандзір Гуляеў з жонкай. Яна была вельмі прыгожай. Аказалася, што яе падаслалі немцы. Хутка партызаны ўбілі яе, як шпіёнку.
Быў яшчэ атрад Якавенкі. Іх называлі “белаштанікі”, бо ў атрадзе былі ўсе мясцовыя хлопцы, ды некаторыя ў саматканых штанах. У Чапаеве быў камандзір брыгады. Некалькі разоў даручаў мне Сталяроў адносіць яму паперу і аддаваць толькі яму ў рукі. Калі я прыйшла першы раз, выйшла прыгожая дзяўчына і сказала, што яна яго жонка. Потым выйшаў сам: лысы, сівы, стары. Ішла дамоў і ўсю дарогу дзівілася, чаму яна за яго пайшла. Калі я стала настаўніцай, прыйшлося працаваць з ёй у адной школе. Яна мяне пазнала. На маё пытанне адказала, што была маладая, дурная, любіла яго так, што калі кінуў і паехаў пасля вайны ў Мінск да жонкі, думала, што памрэ.
Сорак першы і сорак другі гады былі спакайнейшымі, хаця не зусім. Падыходзілі немцы ў Амур, Стражы, а ў Слаўкавічы ісці баяліся. Нашы Слаўкавічы называлі другой Масквой.
Потым пачалі бамбіць з самалётаў. Аднойчы цэлы дзень лятаў самалёт, бамбіў Слаўкавічы, Чапаева. Усё навокал гарэла. Людзі ўсе ў лясах, партызаны таксама адышлі. Да нас прыехаў з брыгадай камбрыг Чайкоўскі. Прывезлі к нам шмат усяго. Яшчэ не паспелі паабедаць, як пачалася бамбёжка. Мы пабеглі хто куды. Ён кружыў над нашай хатай. За трэцім разам скінуў бомбу прама на хату. Кінуў яшчэ некалькі шашак і паляцеў. Андрэй Марус выглянуў з пограба і кажа: “Гарыць Лук’янава хата!”. Я – бягом з пограба, бо не ведала і думала, што ўсіх пабіла. А мяне Андрэй Марус за ногі і цягне назад. Ён ужо памёр. Я і сёння ўдзячна яму за тое, што ён выратаваў мяне ад смерці, бо самалёт доўга яшчэ лётаў і страчыў з кулямёта. Але выжылі. А ў нас нічога не засталося, толькі тое, што на нас. Дзякуй людзям, што далі хто лыжку, хто міску.
Жылі ў мацярынай сястры Варвары. Потым прарэзалі малое акенца ў стопцы, дзе бульбу сыпалі, і там жылі. Ва ўсіх хатах былі партызаны, нават з намі ў гэтай стопачцы, а спалі на падлозе. Калі яшчэ не спалілі хату, то заўсёды да нас прыводзілі на допыт тых, каго лавілі партызаны ў нямецкай зоне, ці хто прыходзіў у партызанскую. Мы з мацерай тады ўцякалі куды-небудзь, каб не чуць, бо было страшна, як білі. Яны ж, хоць і віноўныя, але не хацелі прызнавацца. Дапытваў, казалі, з Цяснова Пагарц.
Шмат зла рабілі і самі людзі адзін аднаму. Раззлуецца сусед на суседа, нагаворыць партызанам абы чаго, што ён, быццам бы ўсяляк гаварыў на партызан, або што дапамагае паліцыі. Ды мала што можна нахлусіць… Партызаны таго і могуць забіць. Ведаю адзін такі выпадак, калі самі нашы загналі ў паліцыю чалавека (Стрэжа Кірэя). Калі б не ўцёк, яго забілі б партызаны. Было гэта так: пасля даносу партызаны прыйшлі, замучылі яго бацьку і падпалілі хату. Калі Кірэй бег у Глуск, ноччу яго сустрэла Круцька Агапа і запытала: “Куды ты бяжыш?”. “Спасаю сваю шкуру”, – так адказаў Кірэй. А ў яго было пяць сясцёр і брат. Усе яны паўцякалі ў Глуск, а потым выехалі хто ў ЗША, а хто ў Канаду. Так, жонка Андрэя Маруса трапіла з нямеччыны ў Канаду, а ён застаўся ў партызанах.
Нас у пачатку сорак трэцяга года вучылі рабіць перавязку раненым. Ішоў час, крэплі партызанскія атрады. Хадзілі падрываць цягнікі. Падпільноўвалі немцаў на дарогах, нападалі на нямецкія гарнізоны. Тады немцы на барацьбу з партызанамі накіравалі войска ў дзесяць тысяч салдат, а вадзілі іх па лясах паліцаі, бо яны добра ведалі мясціны, лясы і балоты. Гарэлі вёскі, забівалі людзей. У Стражах спалілі ў хляве больш як сто чалавек. Там зараз стаіць помнік.
Было гэта ў канцы сакавіка 1943 года. Прыйшоў бацька з атрада і кажа, каб маці дала чыстую бялізну, сала, хлеб. Іх адсылаюць на захад, бо тут будуць немцы. Гэта было ў нядзелю рана. Маці зварыла грэцкі крупнік. Мы паелі, а маці стаіць і есць суп з кацялка. Я расказваю, што бачыла ноччу сон: бамбяць самалёты, а я бягу па жыце з вінтоўкай, села і страляю ў самалёт. Лётчык мяне злавіў, мяне судзілі, прынеслі жалезны кош і кажуць, што пасадзяць мяне і буду сядзець у ім, пакуль не памру. Я ўцякла, іду і шукаю дарогу на Германію. Бацька кажа, што калі я буду адставаць ад іх, як будзем уцякаць, то немцы зловяць. А маці адказвае: “Такая здаравяка, хай Ганна Марус і другія баяцца”. Потым пачулі крыкі на вуліцы, людзі бягуць у лес. Маці з кацялком – за хлявы, а мы ўсе за ёю, ды ў лес за людзьмі ў Задубраўкі, у свае буданы. Пахаваліся і сядзім. Праз колькі часу чуем брэх сабак. Мы – з буданоў, беглі, беглі і селі адпачыць. Потым зноў чуем: “Хальт, хальт!”. І сабакі брэшуць. У мяне за плячыма клунак з адзеннем. Усе ўсталі і пабеглі, а ў мяне ногі адняліся, спрабую ўстаць і нельга. Толькі за трэцім разам устала і пабегла. Было нас чалавек дзесяць разам. Маці і бацька пабеглі ў іншы бок, нас жа злавілі, завялі ў Чапаева к Лабовічу ў хату, а потым прывялі ў Зорку. Там было шмат людзей. Нас паставілі паміж немцаў і па дарозе пагналі да жывуньскай канавы на Падлуг (па той дарозе, што я ў сне шукала на Германію). Там, за буртом, які быў паўз канаву, былі партызаны. У іх былі пушкі і яны стралялі ў наш бок. Нас нікога не забілі, а два немцы, мы бачылі, паранілі. Яны тады нас прыгналі ў сяло (Зорку). Закрылі ў хаце Прыдыбайлы Варвары аканіцы, прынеслі саломы і вядро бензіну. Падышлі да нас: “Аўштэйн!”. Усе плакалі, маліліся, разумелі, што хочуць нас спаліць. Потым пад’ехалі два немцы на конях. Жанчыны кажуць: “ Падыдзі бліжэй, паслухай, ты ж ведаеш крыху нямецкую мову”. Я толькі пачула, што яны сказалі ісці на Слаўкавічы, Заграбелле і Забалацце. Нас пагналі ў гэтым напрамку. Мы ішлі, плакалі, стомленыя ў акружэнні салдат. Было ўсіх нас чалавек пяцьдзясят, а можа і болей. Загналі ў сяло, мы паселі на снег, а яны бралі нас па некалькі чалавек, вадзілі ў хату і пыталі пра партызан. Пасля гэтага яны загналі нас у хату. Страшна, есці хочацца, днём мы агледзелі, што гэта лагер, кругом абцягнуты калючым дротам і салдаты з сабакамі. Капцы бульбы людзі ўжо раскапалі. Гарыць касцёр, і мы ўзялі банку з-пад кансервы, чуць прыварылі бульбу і грызлі. У хаце ляжала салома, у гэтай саломе вошай аж кішыць. Гэта зразумела, таму што тут жылі людзі і да нас. Ноччу спалі на гэтай саломе. Разам з намі забралі Сульжыца Фаму. А са Слабады таксама быў Фама. Гэты заўсёды насіў з сабою цэлае перавясла праз плячо лазы. Абодва яны былі, як кажуць, няхітрыя. Сядзіць адзін з намі, а другі са сваімі людзьмі. Чуем, Фама са Слабады крычыць: “Хомка, дзе ты?”. А наш таксама ва ўвесь голас: “Хама, хадзі сюды, я тут!”. Хоць гора, але смяяліся ўсе. Жанчыны кажуць: “Мабыць, праўда, што дурань дурня ведае”.
Прабылі мы ў лагеры тыдзень, потым нам загадалі ісці, а партызан чалавек некалькі ўбілі. Калі выйшлі з лагера, то ўбачылі прывязаным да слупа знаёмага партызана ўкраінца Прыходзьку. Загналі нас пешшу ў Акцябрскі раён і зноў — за дрот, на чыгуначную станцыю Залессе. Тут прабылі суткі. Прыйшоў цягнік-таварняк, пасадзілі нас і прывезлі ў бабруйскую турму. Сядзелі дзён дзесяць. Адзінаццатага красавіка нас ізноў на цягнік пасадзілі. Мы гаварылі, добра, што не ў турме. Бо спалі на голых дошках, кармілі вадой, калі рыбай пахла, калі мясам, а нам — вада. Кавалачак хлеба з высевак, як мякіна, а цвёрды, як камень. На двор не выпускалі. Для “абмену рэчаў” стаялі катлы. Такі смурод стаяў, цяжка было дыхаць. 11 красавіка вывялі нас да цягніка, загадалі стаць у шарэнгу па чатыры чалавекі. Перакладчык прачытаў нам прамову: “Вас павязуць у Германію. Вас навучаць культуры заходняй, будуць добра карміць…” і гэтак далей.
Везлі нас дзён шэсць. Таму што чыгунку падрывалі партызаны. Мы бачылі, што паабапал дарогі ляжалі груды вагонаў. Завезлі нас у Германію ў горад Франкфурт-на-Майне. Там быў размеркавальны лагер. Людзей шмат, баракі навокал. Кармілі так: стаім у чарзе з баначкамі з-пад кансерваў, лінуць баланды, тут жа яе выпіў і пайшоў. Нас было некалькі дзяўчат з Зоркі. У лагеры былі і людзі з клункамі вялікімі. Мы пелі прыгожа. Спяём — яны нам дадуць хлеба, сухароў. Мабыць, гэта тыя, што самі па жаданню прыехалі, ці сем’і паліцаяў, калі ў іх было шмат яды. Такіх мы бачылі і ў цягніку, калі нас везлі. З намі ў вагоне ехалі жанчыны з Ляскавіч. Адкрыюць немцы дзверы, укінуць некалькі буханак хлеба і закрыюць. Аднойчы пахваталі ляскавіцкія ўвесь хлеб, а нам няма. Баба Варвара Прыдыбайла ўзяла вялікі нож, падышла да іх і кажа: “Нашы дзеці таксама есці хочуць, дайце і нам”. Кажуць, голад не цётка, а яшчэ — голад хлусіць і крадзе.
У гэтым лагеры мы былі толькі два дні. Прыехаў здаровы, пузаты начальнік, і ўсе мы з нашага Слаўкавіцкага сельсавета і з Ляскавіч разам з ім паехалі ў горад Касэль. Першы дзень накармілі добра. Ну, можна жыць. Далі койкі ў бараках, далі з дрэва абутак і — на завод “Юнкерс”, туды, дзе вырабляюць дэталі для самалётаў. Працавалі па зменах, тыдзень — днём, другі — уначы, па дванаццаць гадзін у суткі. Яды зусім мала. Хлеба на пяць чалавек буханка на суткі, баланда (капуста ці суп), бульбіны сярэднія дзве ці тры. Аднойчы ідзём з работы раніцай, а з другога паверха немка выкінула скарынку вялікую хлеба. Мая цётка Ксеня кажа, каб я ўзяла, а я адмовілася спачатку, а потым пабегла, і як добра было, размачылі і з’елі.
Непадалёку быў лагер чэхаў. Ім слалі пасылкі, ды і глядзелі іх немцы лепш, чым нас. Там была скрыня для смецця, дык мы пойдзем з цёткай Ксеняй, я стану ёй на спіну, улезу і знайду кавалачкі хлеба ці яшчэ што. Там быў дзед, які збіраў цвілы хлеб коням. Я выйшла яму насустрач і кажу: “Пан, кіб брот”. А ён мне гаворыць штосьці, паказвае, што памру, і тлумачыць — “пферд”, а потым бачыць, што я нічога не разумею, ды і кажа: “і-га-га”, і тады я зразумела, што гэта хлеб коням. Даў вялікую белую булку. Хоць ён у сярэдзіне быў зялёны, цвілы, але нам з цёткай было на два дні вялікае свята.
Каля завода былі вялікія кучы бручкі, пойдзем нібы ў прыбіральню, украдзем і з’ядзім.
На працы ў нас майстар быў стары немец. Ён іншы раз прыносіў мне кавалачак хлеба або яшчэ што. Часта я хадзіла босая, бо драўляныя сандалі (шугі) былі цяжкія. Ён сказаў, што патрэбна памераць у кааператыве. Сказаў, каб я маўчала, каб ніхто не здагадваўся, што я руская, бо яго павесяць. Як я была ўдзячна яму, што набыў мне чаравікі.
А яшчэ было: побач з маім станком быў станок чэха. Пайшоў ён у прыбіральню і заснуў. Майстар узяў вядро халоднай вады, абліў яго і прывёў да станка, за нагу яго прывязаў. Мы ўсе тады выключылі станкі і перасталі працаваць. Прыйшоў ён і пытае, чаму мы не працуем. А я крыху ўмела патлумачыць, кажу, што гэтыя самалёты, што мы робім, паляцяць і заб’юць нашых бацькоў. Немец узяў мяне і пасадзіў у падвал і закрыў. Каб не мая цётка і ўсе зоркаўскія жанчыны — была б я ў канцлагеры. Яны пачалі яго прасіць, кажуць, яна яшчэ дзіця. Пасядзела я там два дні, і выпусцілі мяне.
З фашысцкага рабства нас вызвалілі амерыканцы, здалі нашым войскам у Франкфурце-на Одэры. Падвялі да Одэра, а на другім беразе вялікімі літарамі напісана “СССР” і стаяць нашы салдаты.

Последние новости

Актуально

Районный день охраны труда прошел в Глуске

23 апреля 2024
Общество

Анжела Полупанкова: всё происходящее на ВНС буду рассматривать с точки зрения защиты человека-труженика

23 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Дмитрий Махунов: ВНС — это возможность участвовать в принятии стратегических решений на благо государства

23 апреля 2024
Общество

Говорят делегаты ВНС. Директор Глусского районного музея Наталья Акулич

23 апреля 2024
Общество

Труд во имя памяти. В республиканском субботнике поучаствовало три с половиной тысячи глусчан

23 апреля 2024
Актуально

Главные задачи Всебелорусского народного собрания

23 апреля 2024
Власть

Лукашенко подписал закон по вопросам предпринимательской деятельности

23 апреля 2024
Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Власть

Новое руководство в министерствах и местная вертикаль. Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы

22 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024