На чарговым пасяджэнні Глускага раённага выканаўчага камітэта было разгледжана пытанне аб падрыхтоўцы прадпрыемстваў і арганізацый раёна да работы ў асенне-зімні перыяд.
Значная частка запланаваных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, па інфармацыі намесніка старшыні Глускага райвыканкама Аляксандра Анцюшэні, выканана. Завершаны работы па замене ўчасткаў цеплавых сетак па вуліцах Савецкай, Кірава, Пушкінскай, мантажу перамычкі паміж кацельнямі № 1 і № 2 у Глуску, да пачатку кастрычніка будзе адрамантавана 800 метраў надземнай цеплатрасы ад кацельні № 1 да мікрараёна “сем вятроў” і заменены трубы на ўчастку ПМК-249 – вуліца М.Горкага. Да сярэдзіны верасня Глускі “Жылкамгас” амаль на 90% выканаў асноўныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы кацельна-цеплавой гаспадаркі да ацяпляльнага сезона: зроблены прафілактычныя рамонты катлоў, кацельняў, праведзены іспыты абсталявання і іншае. Практычна завершана камунальнікамі і падрыхтоўка жылога фонду: прамыты сістэмы ацяплення, адрамантаваны печкі, цеплапункты, воданагравальнікі, казыркі, балконы, у месцах агульнага карыстання зроблены шкленне і рамонт электраправодкі, выкананы іншыя мерапрыемствы. У той жа час значна ніжэй запланаванага нарыхтавана “Жылкамгасам” паліва: дроў, шчапы і саломы. Таму райвыканкам абавязаў прадпрыемства паскорыць тэмпы нарыхтоўкі, да 31 снежня 2012 года забяспечыць наяўнасць запасу мясцовых відаў паліва на кацельнях пад поўную патрэбнасць на ўвесь ацяпляльны сезон, а пачынаючы са студзеня 2013 года арганізаваць нарыхтоўку дроў і шчапы для ацяпляльнага перыяду 2013 – 2014 гадоў.
У ходзе абмеркавання пытання размова зайшла і пра страты цяпла ў сетках. Каб іх зменшыць, па словах дырэктара УКП “Жылкамгас” Генадзя Шуміна, патрэбна ў год мяняць у раёне не па 2 кіламетры цепласетак, як гэта робіцца зараз, а значна больш, адпаведна для гэтага неабходна і больш сродкаў. Камунальнікі гатовыя выконваць большыя аб’ёмы работ, а райвыканкам у сваю чаргу прыняў рашэнне звярнуцца ў вобласць з просьбай павялічыць фінансаванне на замену цепласетак, каб знізіць цепластраты.
Дарэчы, пры размове пра эканомнае выкарыстанне рэсурсаў была ўзнята і тэма эканоміі нафтапрадуктаў. Напрыклад, у “Жылкамгасе”, дзе 10 машын пераабсталявалі на выкарыстанне газу замест бензіну, устанавілі лічыльнікі паліва, ужо бачны эфект і эканомія сродкаў. Таму старшыня райвыканкама Юрый Дымша даручыў кіраўнікам прадпрыемстваў больш уважліва аднесціся да рацыянальнага выкарыстання паліва і ў бліжэйшы час арганізаваць работу па пераабсталяванню тэхнікі.
На момант правядзення пасяджэння выканкама пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі зарэгістравалі 28 з 40 устаноў і прадпрыемстваў раёна. І гэта стала падставай для сур’ёзнай размовы з кіраўнікамі, якія не забяспечылі ў вызначаны тэрмін выкананне ўсіх патрабаванняў па падрыхтоўцы да асенне-зімняга перыяду. У рашэнні райвыканкама, прынятым па выніках разгледжанага пытання, змешчаны шэраг канкрэтных заданняў па паскарэнню тэмпаў работ, ухіленню маючыхся недахопаў, прыняццю вычарпальных мер кіраўнікамі прадпрыемстваў, гаспадарак, устаноў для забеспячэння ўстойлівага функцыяніравання падведамасных аб’ектаў у асенне-зімні перыяд. Трэба дадаць, што ход падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона кантралюецца райвыканкамам штотыднёва на нарадах у кіраўніка раёна і яго намеснікаў. Таму ёсць упэўненасць, што да пачатку ацяпляльнага сезона ўсе запланаваныя мерапрыемствы будуць выкананы.
І.ГРАМЫКА