Падчас паездкі па раёну ў адзіны дзень інфармавання даводзіцца сустракацца з рознымі людзьмі. Некаторыя з іх праяўляюць цікаўнасць да абранай тэмы дня інфармавання, а большасць любіць пагаварыць пра надзённыя праблемы, пра тое, што адбываецца менавіта па іх месцы жыхарства. Так было і на гэты раз, калі 20 верасня завіталі ў вёску Гарадок. Улічваючы не вельмі спрыяльнае надвор’е, людзей на сустрэчу прыйшло мала. Як заўсёды, нам прыемна было бачыць Міхаіла Канстанцінавіча Гардзіенку, які стараецца не прапускаць такія мерапрыемствы. У яго заўсёды знойдзецца тэма для размовы. Гэты раз пачаў з таго, што яму падабаецца сама ідэя праводзіць дні інфармавання, калі можна задаць любое пытанне інфармацыйнай групе. Закрануў таксама тэму маючых адбыцца выбараў. А потым Міхаіл Канстанцінавіч узяў ініцыятыву ў свае рукі і пачаў расказваць пра тое, што цікава было слухаць усім. У прыватнасці, закрануў праблему, пра якую мы часта пішам у газеце. Літаральна нядаўна да іх наведаліся непажаданыя “госці” — цыганкі. Яшчэ з парога пачалі прапаноўваць усялякія рэчы, а калі гаспадары адмовіліся, то хутка скемілі і перавялі размову ў іншае рэчышча. “Цяпер ім ужо спатрэбілася папіць вады, і мая жонка накіравала іх да калонкі, — кажа расказчык. — Тады цыганкі папрасілі нажа, каб парэзаць хлеб. Мы ім паказалі на альтанку і сказалі, што нож ляжыць там. Бачачы нашу пільнасць, што мы ні на імгненне не пакідаем веранду, жанчыны, незадаволеныя, пакрочылі да сваёй машыны”. Яшчэ шмат цікавых гісторый расказваў Міхаіл Канстанцінавіч. Як яму, заслужанаму настаўніку БССР, па пуцёўцы пашчасціла пабываць на экскурсіі ў Маскве. Там наведаў выставу, якую прывезлі індыйцы. Да гэтага часу ў падрабязнасцях памятае тыя падзеі. Потым, расказваючы пра Індыю, прыйшоў да высновы, што самы прыгожы народ — персы. А напрыканцы быў смешны анекдот. Усе прысутныя, і мы ў тым ліку, з задавальненнем слухалі Міхаіла Канстанцінавіча. Было прыемна, што на вёсцы ёсць людзі, якія не абыякавыя да таго, што адбываецца вакол іх і ў якіх не страчана пачуццё гумару. З такімі лёгка размаўляць і лёгка іх разумець.
В.ЧУЧВАЛ
Фота аўтара
На здымку: на сустрэчы ў дзень інфармавання ў вёсцы Гарадок