Темы

Зарэчча

Зарэчча

На ўзбярэжжы ракі Пціч прытулілася невялікая вёсачка Зарэчча.
Тут, як у нас кажуць, “за мастамі”, у некалькіх кіламетрах ад шляху Глуск – Бабруйск, што праз Вільчу, людзі сяліліся з даўніх часоў. Аб гэтым сведчаць археалагічныя даследаванні, што праводзіліся ў ваколіцах вёскі Зарэчча ў 2001 годзе. Знойдзена было паселішча (паселішча — гэта месца, дзе раней жылі людзі) жалезнага веку — VII ст. да н.э., на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, мясцовая назва “Турэцкая гара”, а таксама на паўднёва-заходняй — у пясчаных адкладаннях сабраны рэшткі ляпной керамікі. Па архіўных жа дакументах вёска Зарэчча стала вядома дзесьці з канца XVIII стагоддзя. На спецыяльнай карце Еўрапейскай Расіі, выдадзенай у 1868 годзе, яна пазначана кіламетрах у двух ад Балашэвіч. Назву вёска атрымала ад свайго месцазнаходжання. Зарэчча — гэта назва арыенцір, якая характарызуе адносіны вёскі да ракі і адлюстроўвае прыродныя асаблівасці сваёй мясцовасці. У 1897 годзе ў Зарэччы налічвалася 6 двароў і 20 жыхароў, адносілася вёска да Глускай воласці Бабруйскага павета.
Да нашых дзён захаваліся “Мемуары” — успаміны пісьменніка-земляка з вёскі Калацічы Альгерда Рышардавіча Абуховіча, якія ён напісаў у 1894 годзе. З гэтых успамінаў і стала вядома, што ў Зарэччы быў добры маёнтак, які належаў яго дзеду Юзэфу Абуховічу. Помніў Зарэчча пісьменнік-зямляк яшчэ з тых часоў, “калі быў такі маленькі, што прысмакі мне на крэсле, а не на стале стаўлялі”. У тыя часы, 1798 год, Зарэчча — гэта частка Глускага графства. Пан Юзэф Абуховіч быў чалавек справядлівы, ладзіў са сваімі сялянамі, не крыўдзіў сваю чэлядзь. Калі ў снежні 1825 года рускія дваранскія рэвалюцыянеры паднялі паўстанне ў Маскве супраць самадзяржаўя і прыгону, у Зарэцкім маёнтку, да якога дайшла гэтая вестка, пачалі ўзбройвацца. Нехта з акружэння маёнтка аб гэтых прыгатаваннях данёс уладам. Адразу “падазравалі па даносе чыноўніка пана Міткевіча і генерала Гатоўскага (дарэчы, генерал Гатоўскі пахаваны на могілках у Глуску — аўт.), але гэты апошні быў чалавек шанаваны, хоць і маскаль, адкрыта выказваў свае думкі Юзэфу Абуховічу, часта з ім уступаючы ў спрэчкі. Міткевіч таксама меў добрую славу”. А данёс, як пазней стала вядома, “старычок падкаморчыц, хоць і жыў ён яшчэ гады чатыры, але свабоды ўжо не бачыў.” Пасля даносу загадана было арыштаваць пана Юзэфа Абуховіча, што прыйшлося рабіць узброеным казакам. Сяляне, на чале са сваім гаспадаром, забарыкадзіраваліся ў маёнтку, з прыроды сваёй даволі недаступным, і пачалася страляніна. Забітых не было, але з абодвух бакоў былі параненыя, па некалькі чалавек. Сілы былі няроўныя. Доўга Юзэф Абуховіч пратрымацца са сваімі сялянамі не змог бы, і яго схіліў да капітуляцыі пан Кароль Нерэзіуш. Юзэф Абуховіч вельмі сябраваў з ім і любіў, называў яго ласкава “Нарулёнак”. Роля парламентара не прайшла Нерэзіушу проста так: казак, не пазнаўшы пана, сперазаў яго чатыры разы нагайкай, за што казака, калі разабраліся, потым высеклі, а пана Нерэзіуша прызналі адміністратарам ад маскоўскага правіцельства над маёмасцю Юзэфа Абуховіча. Больш ніякага пакарання Юзэф Абуховіч не атрымаў. А свайму сябру Нерэзіушу адпісвае ў завяшчанні тысячу дукатаў. Апекуном над абуховічаўскім маёнткам пан Нерэзіуш быў да паўналецця Рышарда Абуховіча, бацькі будучага пісьменніка Альгерда Абуховіча. Злажыўшы свае абавязкі апекуна, пан Кароль Нерэзіуш жаніўся з Ідыліяй Юдыцкай, апошняй наследніцай Глускага графства. Так сталася, што праз некаторы час пасля ўзяцця шлюбу, як запісана ва ўспамі-нах А. Абуховіча, “за дакананне вельмі цікавай справы, так званай эксдывізіі Глускай” пан Кароль Нерэзіуш атрымаў Зарэчча ў пажыццёвае карыстанне. Так калежскі асэсар, рэгент пры Навагрудскім судзе, былы супрацоўнік натарыяльнай канторы пан Кароль Нерэзіуш пасля смерці Юзэфа Абуховіча стаў гаспадаром маёнтка Зарэчча з хутарам Падзамша. Ён стаў адным з буйнейшых землеўладальнікаў на Глушчыне, у карыстанні якога было 3196 дзесяцін зямлі, свой вадзяны млын і карчма. Меў пан Кароль Нерэзіуш і свой герб на прыгожым палатне: крыж і месяц-маладзік. Які б пан у Зарэччы добры ні быў, але гэта была няволя, а людзям хацелася свабоды. Жыў у гэтыя часы ў вёсцы чалавек па прозвішчы Пёравіч, і думкі яго былі толькі аб волі. Здаў яго пан Нерэзіуш у рэкруты. Але Пёравіч збег з салдатаў і аціраўся ў сваіх родных мясцінах, наводзячы жах на паноў “будучы бунтаўшчыком, без ніякіх правоў, ён доўгі час трымаў у гразе амаль цэлы павет, казаў, што будзе помсціць панам”. Вельмі баялася яго шляхта. Сяляне ж звязвалі з ім “нейкія свае надзеі і загараліся пры ўспамінах аб ім”. Паходзіў Пёравіч з сялян, але быў чалавекам адукаваным, мілым і красамоўным і “павагу меў у сялян вялікую. Усё насіўся з нейкімі рэфарматарскімі планамі і для сваёй справы яднаў прыхільнікаў між сялян”. Спаймалі і ўтапілі яго па загаду дзядзькі Альгерда Абуховіча. Пасля смерці Пёравіча яго рэфарматарскімі планамі зацікавілася жандармерыя. Былі допыты, у выніку якіх двух непавінных сялян здалі ў салдаты. Тоячыся, гаварылі сяляне паміж сабою аб нейкіх “граматах,” недзе захаваных яго вучнямі. Але праз нейкі час уся справа Пёравіча заціхла. І толькі пасля смерці Пёравіча пан Нерэзіуш пабудаваў у Зарэччы вялікі прыгожы палац, бо баяўся гэтага рэфарматара. У 1904 годзе вельмі хораша спраўлялі ў Зарэччы Спас. “Народ рабочы заўзята танцаваў у слаўнай зале зарэцкага палаца, брала ахвота” патанчыць і старым, і маладым. Увесь час спраўлялі ў Зарэччы і свята Дзяды. “Свята гэта заўжды шанавалі, яно ўлівала народу веру ў бяссмерце душы. Вёска ў гэты дзень, нават не зважаючы на непагадзь, што магла быць у гэтую пару года, мела святочны выгляд. Сцены ў хатах і падлога вымыты былі дабяла, каб душы дзядоў маглі з уцехай прыбліжацца да акон і ўглядацца радасна на бяседуючых сваіх нашчадкаў”. Зямельныя надзелы, якімі валодалі сяляне з Зарэчча, былі розных колераў. Садзілі на іх гародніну, лён, каноплі, бульбу, жыта. Кожная сям’я мела сваю гаспадарку, трымала жывёлу, адносна свайго дастатку. Сама па сабе вёска Зарэчча мела разрэджаную забудову і па сутнасці складалася з трох частак: маёнтка і хутароў.
Сем’і ў вёсцы былі шматдзетнымі, нягледзячы на высокую смяротнасць з-за адсутнасці належнай медыцынскай дапамогі. Напрыканцы 1917 года на хутары Зарэчча-1 была адна сядзіба, у якой жылі 6 чалавек, на хутары Зарэчча- 2 — два двары і 14 жыхароў, а ў маёнтку — 51 чалавек. І ўсё гэта Зарэчча лічылася не толькі вёскай, а часткай мястэчка Глуск, што за ракой, і жыхароў гэтай вёсачкі часта называлі мяшчанамі, нават і ў паслярэвалюцыйны, савецкі час.
Вялікая кастрычніцкая рэвалюцыя ўнесла свае карэктывы ў жыццё сялян. Пан збег за мяжу, а тыя, хто яму служыў, падаліся да сваіх родных… У выніку падворнага перапісу 1926 года ў пасёлку Зарэчча, так запісана ў дакументах, налічвалася 53 жыхары і 9 сядзіб. Прымусовая калектывізацыя прыватных гаспадарак прайшла ў 1932 годзе. Вяскоўцы Зарэчча ўвайшлі ў склад калгаса “15 год Кастрычніка”, асноўная гаспадарка якога знаходзілася ў в. Балашэвічы. У 1936 годзе пачаў сваю працу пабудаваны ў Зарэччы крухмальны завод, які размясціўся ў межах панскага маёнтка, пабудовы якога таксама былі прыстасаваны для патрэб завода. Вакол раскінулася прыгожая дубовая алея. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, дубы некаторыя былі такія вялікія, што не ўмяшчаліся ў абхват чалавечых рук. Некаторыя з іх абжылі пчалі-ныя сем’і, а на завод пайшлі працаваць амаль усе вяскоўцы, хаця пасля гэтага страцілі частку сваіх зямельных надзелаў — па той простай прычыне, што не калгасніку, па закону, зямлі выдзялялася значна менш. Крухмал выраблялі з бульбы, якую на завод здавалі калгасы і лішкі са сваіх надзелаў вяскоўцы, за што атрымлівалі неблагія грошы. Пасля перапрацоўкі бульбы на крухмал заставаліся адыходы ад вытворчасці, якія па-мясцоваму зваліся “брагай”. Гэтыя адыходы – добры корм для жывёлы. Бралі іх і бліжэйшыя калгасы, і вяскоўцы для сваёй скаціны дарма. Абы-толькі яны не забруджвалі завадскі двор і навакольнае асяроддзе. Крухмал жа на зарэцкім заводзе выраблялі добрай якасці. Ён карыстаўся вялікім попытам і ў асноўным адпраўляўся, як цяпер кажуць, у бліжняе замежжа і нават у далёкае. А вось на прылаўках глускіх магазінаў з’яўляўся вельмі рэдка, і купіць яго можна было толькі “па знаёмству”. Дзесьці ў 70-х гадах XX стагоддзя кіравала заводам чарнявая прыгожая жанчына невысокага росту. Па мясцоваму звалі яе Мар’яся. Дык вось у часы яе дырэктарства выраблялі на заводзе і патаку. Патака — гэта густое, цягучае салодкае рэчыва — прадукт няпоўнага ператварэння крухмалу ў цукар. Патака захоўвалася ў вялікіх драўляных бочках. Часцяком прыносілі яе рабочыя з завода дадому. А дзеці, на радасцях, рабілі з гэтай патакі цукеркі ў выглядзе прыгожых пеўні-каў на палачцы. Доўга смакавалі такую цукерку, аблізваючы салодкага пеўніка з розных бакоў. А некаторыя нават прадавалі іх — 5 капеек за аднаго пеўніка. І куплялі, асабліва дзеці. Бо былі цукеркі вельмі смачныя і прыгожыя. З патакай пілі чай, намазвалі яе на хлеб і елі, варылі салодкую кашу… Яна замяняла цукар. Пасля, як пабудавалі плодаагароднінны завод у Глуску, да яго далучылі і крухмальны, і стаў завод цэхам па вырабу крухмалу. Доўгі час працаваў на плодаагароднінным заводзе Прыгара Іван Паўлавіч, інвалід Вялікай Айчыннай вайны II групы. Адсюль, з Зарэчча, у 1944 годзе ён пайшоў абараняць сваю Радзіму ад фашыстаў. Яму пашчасціла — сюды і вярнуўся. Ваяваў у складзе 1-га Беларускага фронта, вызваляў Беларусь, Польшчу, Германію. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны першай ступені, юбілейнымі медалямі. Жыў у Зарэччы і Шаўлоў Пятро Міхайлавіч, якога лёс закінуў на Глушчыну з далёкай Кіргізіі. На другі дзень пачатку вайны 18-гадовага хлопца прызвалі ў Чырвоную Армію. Салдат-артылерыст біў ворага там, куды накіроўвала камандаванне часці і дайшоў франтавымі дарогамі да Берліна і распісаўся на рэйхстагу за сябе і за свайго камандзіра, які загінуў у Пятра Міхайлавіча на вачах, не дажыўшы да Вялікай Перамогі зусім небагата часу. Не вярнуўся ў роднае Зарэчча Анцюшэня Анатоль Навумавіч, курсант ваеннага вучылішча, ён загінуў у самым пачатку вайны — 27 ліпеня 1941 года. Каранец Андрэй Сцяпанавіч – 1921 г.н., кавалерыст, папаў у палон, там і загінуў 29 красавіка 1944 года. У гэтым жа 1944 годзе склалі свае галовы на землях Польшчы пад Варшавай Лагвіновіч Аляксей Майсеевіч — 1913 г.н., стралок, і Лазараў Павел Навумавіч — 1922 г.н., таксама стралок. Муха Міхаіл Прохаравіч, мінамётчык, загінуў у Польшчы 19 студзеня 1945, Чарнушын Кірыл Іосіфавіч — 28 студзеня 1945, Дзядзюля Якім Сяргеевіч — 7 сакавіка 1945 года.
Цяжка было пасля вайны, але жылі ў Зарэччы ўсе вельмі дружна. Былі спагадлівымі і падзельчывымі, пры магчымасці ўсе збіраліся разам. Моладзь па хатах ладзіла вечарыны. Былі свае вастрасловы і жартаўнікі, танцавалі пад гармонік, з задавальненнем спявалі, жаніліся, выходзілі замуж…
У пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя ў вёску правялі радыё, а электрычнасць — дзесьці ў 1962 годзе. Хутары Зарэчча-1 і Зарэчча-2 да гэтага часу былі ўжо ліквідаваны. У вёсцы працаваў магазін, а вось школы сваёй не было. Да 8-га класа дзеці займаліся ў Балашэвіцкай школе, а ў старэйшыя класы хадзілі ў Глуск. Потым авалодвалі прафесіяй і раз’язджаліся працаваць у розныя куткі нашай Беларусі і нават за мяжу. А вось у час адпачынку многія і зараз імкнуцца наведаць сваю родную вёсачку. А яна, такая невялічкая і прыгожая, заўжды нечакана з’яўляецца за хвойным ляском і вабіць сваім родным цяплом, утульнасцю і чысцінёй і нават сваім асаблівым пахам… Зімой тут цішыня, вакол белізна ад снежнага покрыва, аж слепіць вочы… А летам вёсачка, красуючыся на ўзвышшы, патанае ў зелені. І як добра дома. Можна прайсціся па знаёмых лясных мясцінах, заглянуць у “зялёны мох”, які амаль побач з хатамі, а можна прайсці і крыху далей, у Ваўкаўню, што па дарозе на Балашэвічы, і назбіраць смачных чарніц і суніц, маліны і нават ажыны. Дарэчы, ваўкаўня — гэта пастка для лоўлі ваўкоў у выглядзе забітых у зямлю трохмятровых жэрдак, пераплеценых лазою. Збоку меўся ўваход у сярэдзіну пасткі, а вось выхаду не было, бо трымалі дзверцы. Ваўкаўнёй таксама колісь называлі глыбокую яму, зверху прыхаваную розным галлём і ламаччам. Па ўсёй верагоднасці, у гэтыя мясціны колісь наведваліся ваўкі, і нашы продкі на іх ставілі пасткі. Таму вось і мае гэта месца назву “Ваўкаўня”. У навакольным лесе, калі добры год, можна назбіраць і шмат грыбоў. Прыгожыя мясціны, добрыя, працавітыя людзі. А жыло ў Зарэччы па ўліку на 1.01.2011, 18 сем’яў, гэта 40 чалавек, з якіх 9 дзяцей да 15 год і 17 пенсіянераў. Вось так на працягу некалькіх стагоддзяў гэта колькасць жыхароў у вёсачцы застаецца амаль аднолькавай — крыху больш — крыху менш… А гэта значыць, што жыццёвыя карані ў Зарэччы вельмі глыбокія і трымаюцца яны за сваю зямельку вельмі моцна. Хай так і будзе…

Іна КІРЫНА

Последние новости

Общество

Каких специалистов готовят в военных вузах, рассказали глусским школьникам

18 октября 2025
Читать новость
Общество

Глусский парень Арсений Окрут на погранзаставе

18 октября 2025
Читать новость
Актуально

Заместитель Председателя КГК Андрей Лобович провел прием граждан в Глусском районе

17 октября 2025
Читать новость
Актуально

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Мероприятия в Глуске 18—19 октября

17 октября 2025
Читать новость
Культура

В Глусском районе чествовали работников культуры

17 октября 2025
Читать новость
Актуально

В День матери женщин-водителей поздравили районный комитет ОО «БРСМ» и отделение ГАИ РОВД

17 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем