Темы

Памяці паэта і земляка

Памяці паэта і земляка

Пачатак

За Глускам, у глухіх барах,
Яшчэ маё блукае рэха,
I дзень суніцамі прапах,
Даспелі першыя арэхі,

I золкі золак на Пцічы
Мяне штодня дадому кліча,
Дзе расцвітаюць касачы
I дзе гады зязюля лічыць,

Дзе каля цёмнае вады,
На вузенькім пясчаным мысе,
Мае дзіцячыя сляды
Дасюль, магчыма, засталіся.

Я іх ніколі не знайду,
Не адшукаю хісткай кладкі,
А ўсё ж лячу к свайму гнязду,
К свайму адзінаму пачатку.

Раённая газета на сваіх старонках пачынае тэматычную рубрыку, прысвечаную юбілею Сяргея Іванавіча Грахоўскага, 100-годдзе з дня нара-джэння якога адзначаецца сяголета 25 верасня. Сярод усіх паэтаў і празаікаў ён вылучаецца для нас тым, што ўзгадаваны быў на нашай глускай зямлі. Праўда, нарадзіўся Сяргей Іванавіч далекавата — у мястэчку Нобель Пінскага павета тагачаснай Мінскай губерні (цяпер гэта тэрыторыя Украіны), але ўжо ў 1914 бацькі пераехалі ў Глуск. Тут і прайшло дзяцінства і юнацтва будучага паэта, тут жа быў напісаны першы верш. Пазней пісьменнік апаэтызуе гарадок на беразе Пцічы ў шматлікіх вершах, напіша прачулыя ўспаміны пра родныя мясціны, пра сваіх землякоў, цёплым словам узгадае сяброў, з якімі разам вучыўся, пачынаў спасцігаць тайны і прыгажосць паэтычнага слова.
Адсюль, з гэтага дарагога сэрцу куточка, павялі будучага паэта шляхі-дарогі ў вялікае жыццё. Адвучыўшыся, Сяргей Іванавіч уладкаваўся рабочым на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Але творчая натура ўзяла-такі сваё. У Бабруйску паэт далучыўся да мясцовай філіі літаратурнага аб’яднання «Маладняк», якою кіраваў Міхась Лынькоў. Менавіта ён першы заўважыў талент юнака, надрукаваўшы ў 1926 годзе яго верш «Восень», напісаны пад уплывам паэзіі Пушкіна, Ясеніна, Блока, кнігі якіх Сяргею Грахоўскаму дарыў ягоны стрыечны брат, паэт Янка Бобрык. Міхась Лынькоў падтрымліваў маладога аўтара і пазней, калі яны абодва жылі ў Мінску.
Скончыўшы ў 1935 годзе літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытута, Сяргей Грахоўскі пайшоў працаваць рэдактарам на Беларускае радыё і адначасова выкладаў літаратуру на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Апынуўшыся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця, малады паэт пазнаёміўся і пасябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі. Пра гэты перыяд сваёй ранняй творчасці пазней ён напісаў кнігу «Так і было», дзе расказаў пра незабыўныя сустрэчы з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Васілём Шашалевічам, іншымі пісьменнікамі, паказаў трывожную эпоху 30-х гадоў.
Паэтычны юнацкі ўзлёт быў раптоўна перапынены 19 кастрычніка 1936 г. Зусім беспадстаўна арыштаваны, Сяргей Грахоўскі ішоў па турэмных і лагерных этапах разам з тымі беларускімі пісьменнікамі, якія не былі расстраляны, але атрымалі па дзесяць гадоў канцлагераў. Пакаранне за неіснуючую віну адбываў на лесараспрацоўках Расіі. Адпакутаваўшы першую лагерную дзясятку, вярнуўся ў Беларусь і да 1949 г. жыў у мястэчку Урэчча Слуцкага раёна, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Нягледзячы на тое, што ў 1947 годзе судзімасць знялі, быў паўторна арыштаваны і высланы ў Сібір. Туды ж пераехала і сям’я — жонка Валянціна Міхайлаўна з пяцігадоваю дачкою Таццянай. Пачалі абжывацца, бо высланы былі на «вечнае пасяленне». Але, на шчасце, Сяргей Грахоўскі быў рэабілітаваны 19 кастрычніка 1955 г. і вярнуўся з сям’ёю на ра-дзіму, у Мінск.
Асэнсоўваючы пазней усе гэтыя цяжкія падзеі, ён напіша выдат-ную паэму «Спаленыя масты» (1975), прысвечаную памяці Аляксандры Мураўёвай, жонкі дзекабрыста Мікіты Мураўёва, сасланага царом у Сібір.
Пасля вяртання на радзіму працаваў на радыё, у папулярных часопісах «Бярозка», «Вясёлка», быў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР, адказным сакратаром Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Актыўна супрацоўнічаў з радыё і тэлебачаннем, у 80-х гадах вёў рэгулярную літаратурна-адукацыйную тэлеперадачу “Літаратурная Беларусь”.
Толькі пасля рэабілітацыі, у 1958 годзе, быў выдадзены першы зборнік “Дзень нараджэння”. Ён працаваў у галіне паэзіі, прозы, публіцыстыкі, пісаў успаміны, эсэ, кнігі для дзяцей, займаўся перакладамі. Па дакументальнай аповесці «Рудабельская рэспубліка» пастаўлены спектаклі, а ў 1972 годзе створаны аднайменны кінафільм.
Няўрымслівая натура Грахоўскага, прага жыцця, волі, імкненне зведаць тое, чаго быў пазбаўлены доўгія гады, звалі ў далёкія і блізкія дарогі. Ён аб’ехаў амаль увесь былы Савецкі Саюз — ад Ціхага акіяна, Далёкага Усходу да Запаляр’я і Таджыкістана, пабываў у Літве, Латвіі, Грузіі, ва Украіне, у многіх замежных краінах: Францыі, Англіі, Германіі, Італіі, Швецыі. Быў нязменным удзельнікам Купалаўскіх, Коласаўскіх, Пушкінскіх, Ясенінскіх, Някрасаўскіх, Блокаўскіх святаў паэзіі, дзе абавязкова выступаў з вершамі. Ён быў знаёмы амаль з усімі найбольш вядомымі пісьменнікамі былой шматнацыянальнай савецкай літаратуры, яго запрашалі на творчыя сустрэчы і вечарыны ў самыя розныя аўдыторыі. Валодаючы высокім красамоўствам і фенаменальнай памяццю, Сяргей Іванавіч мог бясконца цытаваць свае паэтычныя радкі, пераклады, вершы іншых паэтаў з такой эмацыянальнай сілай, пачуццём перажытасці, што нікога ў зале не па-кідаў абыякавым. Цёплыя, сяброўскія адносіны звязвалі яго з многімі мастакамі, архітэктарамі, скульптарамі, кампазітарамі. Ён сам выдатна маляваў пейзажы, добра спяваў, наогул захапляўся жыццём — радаваўся, здзіўляўся кожнай неардынарнай з’яве, кожнаму чалавеку. Сустрэчы з Грахоўскім для чытачоў, студэнтаў былі сапраўднай падзеяй. 3 такіх сустрэч і сам паэт вяртаўся ўзрушаным, памаладзелым, поўным энергіі і творчых задум.
Лепшыя гады жыцця Сяргея Грахоўскага адабрала бязлітасная сталінская дыктатура. Але моцны духам і любоўю да бацькоўскай зямлі, якая заўсёды заставалася ў сэрцы, Сяргей Іванавіч выжыў, выстаяў, з годнасцю вярнуўся ў літаратуру і да апошніх сваіх дзён не страціў высокага творчага гарэння. Сяргей Іванавіч уганараваны званнем “Заслужаны работнік культуры Беларусі», стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова , лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі за кнігу «Споведзь», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Сяргей Грахоўскі — ганаровы грамадзянін Глуска, яго імя носіць Глуская сярэдняя школа № 1, у раённым цэнтры ў гонар паэта названы бульвар, дзе ўстаноўлены памятны знак з барэльефам С. І. Грахоўскага.

Последние новости

Общество

Состояние криминогенной обстановки на территории района и профилактика преступности стали темой координационного совещания в Глуске

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко согласовал назначение руководителей в местных органах власти

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Кадры, инвестиции, дисциплина в АПК. Как Лукашенко напутствовал новых председателей райисполкомов

30 июня 2025
Читать новость
Спорт

Команда «МАЗ-СПОРТавто» готовится к старту ралли-марафона «Шелковый путь — 2025»

30 июня 2025
Читать новость
Власть

На второй сессии Палаты представителей принято 67 законопроектов

30 июня 2025
Читать новость
Общество

Сильный эмоциональный проект. Жители Витебска встретили “Поезд Победы”

30 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем