Темы

Пан у паношанай вопратцы

Пан у паношанай вопратцы

Нашы пастаянныя чытачы заўважылі, што ў газеце з’явілася новая рубрыка “Дзень пісьменства”. У ёй мы, акрамя непасрэдна самога свята беларускай пісьменнасці, якое мае адбыцца 1 верасня ў Быхаве, расказваем пра літаратараў-землякоў. Сёння — аповед пра Альгерда Абуховіча, пісьменніка, мемуарыста, першага не толькі сярод глускіх літаратараў, а і аднаго з першых байкапісцаў на беларускіх землях.

Альгерд Абуховіч нарадзіўся 25 ліпеня 1840 года ў маёнтку Калацічы, тады гэта быў Бабруйскі павет Мінскай губерніі, у памешчыцкай сям’і Рышарда і Караліны Абуховічаў. Дарэчы, поўнае яго імя гучыць як Альгерд-Якуб Рышардавіч Абуховіч-Бандзінелі. Сям’я была даволі багатая і радавітая, знаходзілася па жаночай лініі ў сваяцтве з вядомым італьянскім графскім родам Бандзінелі (Бандынелі), што даў свету нямала знакамітых гістарычных асоб. Вось гэтую прыставачку да прозвішча Абуховіч пазней абраў псеўданімам. Будучы паэт атрымаў добрае хатняе выхаванне, з дванаццаці гадоў вучыўся ў Слуцкай гімназіі, але яе не закончыў, бо бацькі адправілі яго працягваць вучобу ў Жэневу, а потым — у Парыж. Юнак шмат падарожнічаў, пабываў амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах, сустракаўся з многімі выдатнымі людзьмі таго часу, авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай мовамі. Вярнуўся на радзіму напярэдадні паўстання Кастуся Каліноўскага (1863-1864 гады), ёсць меркаванні, што сам прымаў у ім удзел, за што быў высланы царскімі ўладамі ў Сібір.
Вядома, што ў другой палове 60-х гадоў пісьменнік ажаніўся, але жонка памерла ў 1873 годзе. Пасля вяртання з Сібіры намерваўся раздаць зямлю сялянам, але сваякі прыгразілі аб’явіць яго вар’ятам, тым самым пазбавіць усіх правоў. Тады ён пакінуў родны дом, забраўшы з сабой толькі любімыя кнігі. Гэта здарылася каля 1876 года. Спачатку Абуховіч жыў у свайго прыяцеля Расудоўскага, таксама ўдзельніка паўстання, потым перабраўся ў Слуцк. Тут ён туліўся бедным кватарантам ва ўладальніцы невялікага доміка Федаровіч. Адзіным яго багаццем была вялікая шафа з кнігамі. Займаўся літаратурнай працай, сродкі на пражыццё зарабляў хатнім настаўнікам, рэпетытарам па замежных мовах у сем’ях багатых гараджан. З ім падтрымлівалі знаёмства былыя сябры, дэмакратычна настроеная моладзь, быў асабіста знаёмы з Францішкам Багушэвічам.
У гісторыю беларускай літаратуры Альгерд Абуховіч увайшоў у першую чаргу як пісьменнік-рэаліст, адзін з заснавальнікаў жанру байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі. На жаль, пры жыцці яго творы не друкаваліся і да нас дайшла невялікая частка яго творчай спадчыны: байкі “Ваўкалак”, “Старшына”, “Суд”, “Воўк і Лісіца”, верш “Дума аб Каралю ХII”, фрагменты мемуараў. Дарэчы, апошнія пісаліся ў Слуцку і часткова ў Зарэччы на Глушчыне і ўяўляюць сабою цікавы аповед-роздум пра аўтара, эпоху, час, літаратуру, вечныя праблемы, якія хвалююць чалавека. Асобнае месца ў творчай біяграфіі Абуховіча займае перакладчыцкая дзейнасць. Пісьменнік па-майстэрску пераклаў на беларускую мову Гётэ, Шылера, Гюго, Байрана, Пушкіна, Лермантава і інш.
Акрамя гэтага, Альгерда Абуховіча можна назваць смелым захавальнікам і папулярызатарам беларускай мовы. Пасля разгрому паўстання 1863 — 1864 гадоў былі прыняты ўсе меры па русіфікацыі насельніцтва Паўночна-Заходняга краю. Выкарыстанне беларускай мовы не дапускалася ні ў школе, ні ў дзяржаўных установах, ні ў друку. І ў гэтыя змрочныя для беларушчыны часы ў Слуцку жыў чалавек, які размаўляў і пісаў на беларускай мове! Ураджэнец Слуцка Язэп Дыла ўспамінаў, як да яго бацькоў у 1893 ці 1894 годзе зайшоў у госці Альгерд Абуховіч і чытаў вершы на беларускай мове: “Я сядзеў і слухаў, як зачараваны, бо ўпершыню з вуснаў пана, хаця і ў паношанай вопратцы, прытым ад чалавека ўжо са срэбрам у валасах чуў «дзіва» – мілагучныя вершы на той мове, якой я, жывучы да дзевяці гадоў у сям’і дзеда і бабкі, карыстаўся, якую я лічыў прыгожай і якую я ў гімназіі бараніў перад сваімі аднакласнікамі, што яе ганілі і высмейвалі. Пісьменнік у маіх вачах цяпер паўставаў як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова”.
Памёр Абуховіч у 1898 годзе, пахаваны на гарадскіх могілках Слуцка. У гэтым горадзе адна з вуліц носіць яго прозвішча. Ушаноўваецца памяць пісьменніка і ў нашым раёне. Каля будынка сельскага дома культуры ў аграгарадку Калацічы ўстаноўлены памятны знак у гонар графа-дэмакрата Альгерда Абуховіча-Бандзінелі.
З успамінаў Альгерда Абуховіча нам падалося цікавым прапанаваць увазе чытачоў тыя, што непасрэдна датычацца нашай глускай мясцовасці.
“… Пасля таго як мы вярнуліся з Кіева, да канца лета былі мы яшчэ дома, гэта значыць у Калатычах. Перад пачаткам школьнага году пераехала мая матка разам са мной у Слуцак на пастаяннае жыццё, а бацька паехаў у ўлюблёнае сваё Грабова…. У Калатычах жа астаўся неагранічаным уладаром Кароль Булгак, казалі, банкарт (незаконнанароджаны — рэд.) «слаўнага» Булгарына, з мясцовых сялян, чалавек малады, але злога характару,— і бяздольнікі завылі.
Пад канец зімы з’яўляюцца пасланцы ад калатыцкіх сялян, молючы ў маткі маей ратунку. Першай прыбыла маладая, гожая дзяўчына, Куліна, каторую розгамі прымушалі да любові; ёй пазволілі астацца ў Слуцку і зара найшлі службу, а другія дасталі на рукі нешта кшталтам «жалезных лістоў», каб ніхто не смеў і пальцам крануць аж да прыезду пані. Апрача гэтага, нарочны пасланец завёз ліст да майго бацькі, у каторым паведамлялася, што на Вялікдзень прыедзем у Калатычы.
… Запрасілі на нараду … уніяцкага ксяндза Андрэеўскага, улажылі нешта кшталтам канстытуцыі, і з гэтага часу быт нашых падданых на вачах пачаў папраўляцца. Бог даў падрад некалькі ўраджайных гадоў, так што даходы ўтрое павялічыліся, новую прыкупілі вёску (Заполле), і тысяча «душ» людзей мелі працаваць на хлеб для маладога Ольдзі, каторы сягоння, пішучы гэтыя ўспаміны, павінен прызнацца, што не мае ані «буднага хлеба», ані страхі над галавой, ані нічога, апрача колькіх сваіх прыяцелёў: talis est mutatiuo retum (лац. так змяняюцца рэчы — рэд.)!
… Зарэчча памятаю з тых часоў, калі я быў такі маленькі, што прысмакі мне на крэсле, а не на стале стаўлялі. Пасля не быў там лет колькі-наццаць… Зарэчча — гэта толькі частка Глускага графства; атрымаў яго п. Кароль Нерэзыуш за дакананне вельмі цікавай справы, так званай эксдывізіі (судовы працэс, у часе якога дзяліўся маёнтак даўжніка паміж крэдыторамі — рэд.) Глускай. Але, дзеля ўдзячнасці і пашаны да п. Кароля, раскажу аб ім асобна.
… Па дойсцю да поўналетнасці бацькі майго п. Нерэзыуш злажыў з сябе павіннасць апекуна над Абуховічаўскімі маетнасцямі і прыняў інтарэсы маршалка Рудзееўскага. П. Кароль ажаніўся з Ідаліей Юдыцкай, апошняй дзедзічкай (наследніца маёнтка — рэд.) Глуска. Ключ Глускі быў Юдыцкімі вельмі абдоўжан і перайшоў ужо некалькі эксдывізій, але п. Кароль дагледзіў, што першая з гэтых эксдывізій, на каторай апіраліся ўсе пазнейшыя, мела нейкія нефармальнасці і не была зацверджана. Ён падняў гэтае пытанне і даў довад да ўтварэння эксдывізіі папраўчай Глускай. … Суд абмінуў крэдытароў Юдыцкіх, Фастовічы выдзеліў Бжозоўскаму, а Зарэчча асталося для п. Рудзееўскай і перайшло да Нерэзыуша невядомым нейкім парадкам…”
У Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь захоўваецца метрычны выпіс аб нараджэнні і хрышчэнні Альгерда Абуховіча (у перакладзе з польскай мовы):
“Выпись метрики о рождении и крещении двуименного Ольгер(а) Яков(а), сын(а) Рихарда и Каролины Обуховичов, из подлинной книги Глусского римско-католического приходского костела, страницы 17, требующей стороне выдана.
Из Колатич, 1840 года июля 27 дня ксендз Петр Конто(но)вич, викарный Глусского костела, крестил самою только водою по опасности жизни ребенка, нареченного двумя именами Ольгер Яков, сына благородных Рихарда и Каролины урожденной Эстко Обуховичов, законных супруг(ов), судей Мозырского уезда, родившегося во дворе Калатичах 25 (го) числа текущего месяца и года. Восприемниками были коллезский советник и кавалер доктор Бобруйского уезда Август Погль с женою судьи того уезда г(оспожо)ю Елизаветою Эстковою, сопровождали благородный Иван Недзведский с благор(одною) Анелею Погоржельской, девицею. С польским верно: бывший Минской палаты гражданского суда переводчик тит. совет. Поплавский.
Что сия метрика о крещении Ольгерда Якова сына Рихарда и Каролины Обуховичов с подлинною Глусского костела, бывшею в рассмотрении комиссии, высочайше утвержденной, верна и имеет законную достоверность, в том с приложением костельной печати собственноручно свидетельствую.
Числа 30 месяца апреля года 1857-го.
Ксендз Викентий Томашевич, настоятель костела Глусского и депутат уезда Бобруйс(кого)”.

Падрыхтавала
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024