Темы

Яго “дзекабрыстка”

Яго “дзекабрыстка”

Аб тым, як у 1942 годзе сустрэў у лагеры сваю жонку Валянціну Міхайлаўну, Сяргей Грахоўскі ўспамінаў у аповесці “Зона маўчання”: “Пакуль выклікалі астатніх, я ўгледзеў каля ганка страшнай баковачкі оперупаўнаважанага маленькую, як падлетак, зусім беленькую, у сіняй сукеначцы ў крапінку, дзяўчынку. Па шчоках каціліся буйныя слёзы. Мне яе зрабілася асабліва шкода. Яна здавалася бездапаможнаю і адзінокаю, нечым вылучалася з натоўпу кідкіх прыгажунь, запомнілася мне адразу і запала ў душу.” І потым працягвае: “… У канцы жніўня раздажджылася. Твань на дарогах і ў зоне была непралазная, ліпкая і чорная, а нудны і сцюдзёны дождж ліў удзень і ўначы. Коўзаючыся па гразі, мокрыя, панурыя, ішлі ў сталоўку дзяўчаты, а яна паўзла, як на лыжах, у вялікіх лапцях на босых маленькіх ножках. Мне здалося, што яна ўжо на мяжы пагібелі, і захацелася хоць чым-небудзь ёй дапамагчы… Здаецца, звалі яе Аляю”.
На той час Сяргей Іванавіч быў ужо лагерным старажылам, а большасць зняволеных дапамагалі адзін аднаму. Ён прывёў Алю ў капцёрку, дзе дзяўчыне выдалі чаравікі, няхай не вельмі зграбныя і прыгожыя, але ж не прамакалі. “Не ведаю, пераканаўча я хлусіў ці не, гаворачы, што яе прэміравалі за старанную работу на пагрузцы і … па разутасці. Удвух мы ўгаварылі яе ўзяць абнову і распісацца ў ведамасці, а яна ўсё даводзіла, што многія дзяўчаты працуюць куды лепш”.
Асудзілі Алю на пяць гадоў, Грахоўскаму заставалася сядзець яшчэ чатыры. У лютым 43-га іх лагерны пункт расфарміравалі, жанчын адпраўлялі на трэці асобны лагпункт. “І я марыў трапіць на адзіны “нелесапавальны” лагпункт, ды і баяўся страціць сімпатычную мне Алю”, — успамінаў пісьменнік. Да гэтага часу ён ужо да драбніц ведаў яе кароткае жыццё ў невялічкім рабочым пасёлку ў сям’і гутніка. Правучылася два гады ў педінстытуце, а калі ў 1939 годзе ўвялі плату за вучэнне, вымушана была паехаць настаўнічаць у вясковую школу непадалёк ад свайго пасёлка. На пачатку вайны капала акопы і супрацьтанкавыя траншэі, калі да сяла падышлі немцы, пад абстрэлам і бамбёжкаю знаёмымі ляснымі сцежкамі прабілася дадому. Праз некалькі дзён пайшла ў міліцыю аформіць прапіску ў кватэры бацькоў. Пайшла і не вярнулася. Пад канвоем адправілі ў абласную турму.
Кароткія сустрэчы з Аляю ратавалі Грахоўскага ад безнадзейнасці і адзіноты, ён часам прысвячаў ёй вершы, яна іх перапісвала ў самаробны блакноцік і зберагла. Так нарадзілася каханне, якое ў любы момант магло быць перапынена. Але, мабыць, нехта зверху моцна аберагаў іх адносіны, і ў трэці лагпункт перавялі абаіх.
Калі Грахоўскаму заставалася сядзець яшчэ паўтара гады, а Алі — два, нарадзілася дачушка Таня. Ледзь акрыялую Алю перавялі на бальнічны лагерны пункт. Там, за зонаю, былі яслі для арыштанцкіх дзяцей, а ў зоне — спецыяльны барак для мамак. Яны бачылі сваіх дзетак толькі некалькі разоў на дзень пры кармленні, якое доўжылася не больш за 15 хвілін. Як мог скласціся лёс сям’і, страшна было падумаць. Калі дзіця адымалі ад грудзей, маці звычайна засылалі на далёкі лагпункт, каб бацькі не сустрэліся ніколі.
Здарыўся цуд: у канцы сакавіка Алю выпусцілі. Яна з дачкою паехала жыць да сваіх бацькоў. У ліпені 1946 года, калі Тані быў год і пяць месяцаў, Аля прывезла яе на знаёмства з бацькам. А ў кастрычніку Грахоўскі сам апынуўся на волі і нарэшце злучыўся з сям’ёй.
Але пісьменніка цягнула ў Беларусь: ехаць, знайсці нейкае месца ў жыцці, забраць сям’ю. Уладкавацца ўрэшце ўдалося ва Урэцкай школе Слуцкага раёна. А пад новы, 1947, год, Сяргей Іванавіч чакаў прыезду Алі, перажываючы, як паставіцца да гэтага кватэрная гаспадыня, якая і так бурчала за любую дробязь. “Чаго добрага, у яе хопіць спрыту праверыць пашпарт, а ў ім пра шлюб ніякіх адзнак няма, бо там, дзе нас звёў лёс, загсаў не было. Пасля вырашылі пакуль што не звязваць сябе юрыдычна — не было гарантыі, што не могуць мяне зноў схапіць, а жонку пацягнуць за “сувязь”, за “недоносительство”. Гэты страх стрымліваў нас да самай маёй рэабілітацыі. Толькі з дакументам “о прекращении дела” адважыліся зарэгістравацца, а за сведак былі двое нашых дзяцей”, — пісаў Грахоўскі ў аповесці “З воўчым білетам”.
Потым зноў было расстанне, пакуль вясною Аля з дачушкаю ўжо канчаткова не перабраліся ва Урэчча. Яе прынялі на працу настаўніцай матэматыкі, да таго ж сталі карыстацца попытам яе здольнасці швачкі, дырэктар школы прапанаваў ім куток у сваім доме, бо пакойчык, які сям’я здымала, зімой станавіўся сапраўднай лядоўняй, а неўзабаве перабраліся з Расіі жончыны бацькі, і галоўнае, з Грахоўскага знялі судзімасць — жыццё пакрысе наладжвалася.
А перад самым Днём Перамогі 1949 года памерла Аліна маці. Не паспелі ачуняць ад гэтага гора, як 19 мая, напярэдадні першага экзамена, арыштавалі Сяргея Іванавіча. “Мае аднакамернікі атрымлівалі перадачы, а я не меў ніякіх вестак. Не дапускаў думку, што выракліся мяне, значыць, нешта здарылася з імі… Толькі пасля даведаўся, як яны доўга мяне шукалі ў бабруйскіх турмах, у абласным аддзяленні НКУС… Аля і яе бацька збіліся з ног, шукаючы мяне” (“З воўчым білетам”).
Пасля арышту Сяргея Іванавіча сям’ю перасялілі назад у катушок, а па заканчэнні навучальнага года Алю звольнілі з работы. Загадчык райана так проста ёй і патлумачыў: “Скажыце дзякуй, што не напісалі за сувязь з ворагам народа. Адмоўцеся афіцыйна праз друк ад так званага мужа, вы ж нават з ім не зарэгістраваны, так, сужыцелі, асудзіце яго варожую дзейнасць, і мы вас адновім. Не завучам, вядома, а работу дадзім”. “Ніколі не дачакаецеся. Ён такі вораг, як вы папа рымскі”, — павярнулася і пайшла (“З воўчым білетам”).
Як жа было ім жыць? І паехала Валянціна Міхайлаўна абіваць парогі, шукаць справядлівасці і спагады. Урэшце накіравалі яе настаўнічаць у Пагост Старобінскага раёна. Кожную суботу пасля заняткаў ішла да дачкі і да бацькі ва Урэчча, у нядзелю вярталася.
Пастанаўленнем ад 19 верасня 1949 года Грахоўскага саслалі на пасяленне ў Навасібірскую вобласць. Так ён апынуўся ў сяле Біяза. На той момант сям’я нагадвала пісьменніку раскіданае гняздо: дачка з дзедам ва Урэччы, жонка кватаруе за дваццаць кіламетраў ад іх, а сам ён тут, у далёкім сібірскім сяле.
Летам 1950 года Валянціна Міхайлаўна павінна была наведаць мужа. Паштоўкаю Грахоўскі паведаміў ёй, дзе яна можа спыніцца ў райцэнтры. Але пайшлі дажджы, размываючы дарогі і змываючы ўсякую надзею на сустрэчу. І, калі паштавік прыбег з весткаю, што ў райцэнтры на пошце чакае жонка, Грахоўскі аслупянеў: як у такую бездараж яна змагла дабрацца? І пабег насустрач, па калюжынах і выбоінах гразкай дарогі, праз тайгу. Аказалася, што паштоўка з адрасам не дайшла, і Валянціна Міхайлаўна дабіралася, як магла: “…машына застрала недзе пасярод тайгі… Пагрэлася каля вогнішча, спытала дарогу. Тут яна адна. З тайгі нікуды не звернеш. Узяла сваю сумачку і патупала. Дождж, тайга, камарэча, гразь. Чаравікі, поўныя слізкай твані, распаўзаюцца. Дайду да мастка цераз канаўку, накрыюся плашчом ад камарынага звону, адпачну і — далей. Так ноч і дзень. Часам апаноўваў страх: то застогне сава, то зваліцца з дрэва сухая галіна, то закрычыць драч. Хоць бы дзе вёсачка, хутар, хацінка. Нідзе жывое душы. Наўкол тайга” (“Такія сінія снягі”).
Не дзіва, што Сяргей Грахоўскі ласкава называў Валянціну Міхайлаўну “мая дзекабрыстка”. Да таго ж яна па дарозе затрымалася ў Маскве, начавала на вакзале, а днём абівала парогі, прасіла, каб Грахоўскаму дазволілі працаваць настаўнікам. Не атрымаўшы станоўчага адказу, паехала ў Новасібірск і такі прывезла з сабою загад Новасібірскага аблана аб прызначэнні Грахоўскага выкладчыкам чарчэння і малявання ў Біязінскай сямігодцы.
Заканчваліся канікулы, Алі трэба было вяртацца ў Беларусь. Але зноў пайшоў дождж, немагчыма было ніяк праехаць. І яны прынялі рашэнне: адпусцяць яе з ранейшага месца працы — застанецца ў Біязе. Калі была атрымана згода, Сяргей Іванавіч і радаваўся, і перажываў: ці мае ён права вырашаць Алін лёс па сваёй волі, эгаістычна трымаць яе пры сабе, у гэтай глушэчы, далёка ад сваякоў і родных мясцін? Тым болей абодва нудзіліся па дачушцы.
На пачатку наступнага года ў Біязу перабраліся і дзед з Таняю. Пабольшала сям’я — нарадзіўся сын Аляксандр. Летам талакою, з дапамогаю другіх ссыльных, паставілі дом. А пасля 1953-га зарадзілася надзея на змены да лепшага. Нарэшце прыйшоў чаканы пакет: 19 кастрычніка 1955 года, роўна праз 19 гадоў пасля першага арышту, Сяргей Іванавіч быў поўнасцю рэабілітаваны.
Так скончыліся доўгія пакуты гэтай сям’і. А ў літаратурную спадчыну беларускага народа ўвайшлі лірычныя вершы Сяргея Грахоўскага, прысвечаныя яго “дзекабрыстцы” Алі — Валянціне Міхайлаўне Грахоўскай.
Падрыхтавала
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
* * *
Як я жыў без цябе?
I не ведаў, што недзе
на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А у нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку
Адно аднаго абмінуць,
Разысціся,
Як сцежкі расходзяцца ў полі,
I не знаў бы,
За страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць,
гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад
Палярнаю зоркай
Сустрэць і пазнаць
I адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
Ў зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
I паверыць, што прыйдзе
I збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй
Адкрываць таямніцы,
Каб душу гартаваць
На высокім агні.
Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..
1965

***
Валянціне
Я цябе прыгадаў
Басаногаю, шустраю, тонкай,
Пад нагамі рассыпала
Раніца зерні расы,
I тады, у далёкія тыя часы,
Я цябе уяўляў
Залатою сасонкай,
I здавалася, будзеш
такою заўжды —
Маладою, іскрыстаю,
крышачку колкай.
Ды хіба ж загадаеш,
Каб вечна квітнелі сады
I ніколі на небе
не гаслі вясёлкі?
Ды хіба ж загадаеш каму,
Каб гады
Над табою і мною
улады не мелі,
Каб спынілася плынь
веснавое вады,
Каб да старасці скроні
у нас не сівелі?
Пасівелі, а сэрца
не хоча старэць —
Мабыць, вызнана мала
і зроблена мала.
Мы гарэлі ў агні,
але нам не згарэць,
Навальніца прайшла,
але нас не зламала.
Ты заўсёды была
клапатліваю жонкай,
Ты суровай была
міласэрнай сястрой.
Я цябе і цяпер
уяўляю сасонкай,
Што яшчэ палымнее
вячэрняй зарой.
1956

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Пятьдесят воинов, пятьдесят березок. Аллею Памяти заложили в Глусском районе

8 мая 2024
Читать новость
Актуально

Расписание заупокойных богослужений на кладбищах Глусского района по случаю Радоницы

8 мая 2024
Читать новость
Калейдоскоп

И даже мокрый снег. О погоде с 9 по 12 мая

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Делегаты ВНС пошли к людям

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Как будет работать поликлиника Глусской ЦРБ на больших выходных

8 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

С Днем Победы поздравления принимал ветеран Великой Отечественной войны Евгений Тимофеевич Шилов

8 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В Глусском районе проходят мероприятия, посвященные Дню Победы и 80-летию со дня освобождения Беларуси

8 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Делегация из Москвы приняла участие в мероприятиях, посвященных Дню Победы и 100-летию Глусского района

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Районный турнир «Кожаный мяч» завершился в Глуске

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Маленькие патриоты. Районный этап игры «Зарничка» в Глуске

8 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Стрелка вверх
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

Программа праздничных мероприятий в День Победы, Глуск

7 мая 2024
Стрелка вверх
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Стрелка вверх
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Стрелка вверх
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Стрелка вверх
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Стрелка вверх