Темы

Адклаўшы старасць надалей

Адклаўшы старасць надалей

У юнацтве мы жывём ад суботы да суботы — ад танцаў да танцаў, пайшоўшы на працу, прыспешваем гадзіны і дні ў чаканні выхадных і водпуску. Часцяком мы заўважаем, што час то бяжыць хутчэй, то ледзьве перастаўляе ногі, і гэта нас абурае, мы злімся, бо хочам, каб нейкія імгненні расцягнуліся, а іншыя хутчэй мінулі і забыліся. Ды, пэўна, мала хто ў 15 — 30 год задумваецца, што пры гэтым час не спыняецца ні на секунду, у наканаваны тэрмін прыносячы дні нараджэння, юбілеі — спачатку радасныя і доўгачаканыя (18!), потым, можа, крыху і сумныя, якія застаўляюць азірнуцца назад. Так незаўважна прыходзіць і восень жыцця — час падводзіць пэўныя вынікі. Але ж гэта зусім не значыць, што ў 55 — 60 ўжо і не жыць. Жыць, ды яшчэ як! Самы час заняцца тым, на што раней не хапала часу — вырошчваць кветкі, прагульвацца па лясных сцежках, займацца разьбой па дрэве, падарожнічаць па свеце, словам, каму што да густу і па кішэні. А тое, што ў людзей старэйшага пакалення многа аптымізму і энергіі, было добра відаць падчас свята, якое наладзіў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з Завалочыцкім СДК, дзе ўжо чацвёрты год дзейнічае клуб “Залатыя гады”, кіруе якім Таццяна Дубашынская. Прычым клуб не проста дзейнічае, а актыўна развіваецца — з 15 удзельнікаў “разросся” ўжо да 33. На мерапрыемства былі запрошаны ганаровыя госці: намеснік старшыні Глускага райвыканкама Людміла Клыга, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Кірэй, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Анжэла Палупанкова, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Таццяна Паплаўская, старшыня Завалочыцкага сельскага Савета Аляксандр Крамянецкі і дырэктар УКСП “Саўгас “Завалочыцы” Віктар Парахаўнік. У прывітальным слове Людміла Клыга адзначыла, што наша дзяржава клапоціцца аб пажылых людзях, і выказала словы ўдзячнасці прысутным за іх працу, за дастойнае выхаванне дзяцей і ўнукаў, за тое, што яны і сёння застаюцца ў перадавых радах. “Кажуць, што старасць — гэта непазбежна, яе нельга спыніць, але можна адкласці — на дзесяць гадоў, на дваццаць, калі весці актыўны лад жыцця. Таму я жадаю вам моцнага здароўя, нізкі вам паклон за жыццё ваша, справы і ўчынкі. Будзьце заўсёды такімі прыгожымі, жыццярадаснымі і маладымі”, — такімі словамі завяршыла сваё выступленне Людміла Аляксандраўна. І яшчэ шмат у гэты дзень гучала розных віншаванняў — ад шчырых слоў да песень і танцаў. Былі і выступленні, асабліва ўсхвалявала прамова 87-гадовага ветэрана вайны Яўгена Шылава, які многа перажыў на сваім вяку, а ўсім прысутным пажадаў таксама пражыць да 87 гадоў, а потым падумаць і дацягнуць да 100. Канешне, самым урачыстым момантам свята стала падвядзенне вынікаў раённага агляду-конкурсу ветэранскіх падвор’яў. Спачатку прысутным прапанавалі прэзентацыю, у якой знайшло сваё адлюстраванне тое, што пабачыла журы падчас адбору. А потым старшыня камісіі конкурсу Людміла Клыга ўручыла граматы і грашовыя прэміі яго пераможцам. У намінацыі “Добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка “Ад прыроды — матэрыял, ад майстра — талент” першае месца заняла Людміла Трушкіна (Глуск), другое — Валянціна Лугін (Барбарова), на трэцім — Валянціна Лубко (Глуск). У намінацыі “Мой сад, мой агарод” наступныя пераможцы: Соф’я Петрашкевіч (Катка) — на першым месцы, Мікалай Івашкевіч (Калацічы) — на другім і Ніна Шчэрба (Дуброва) — на трэцім. Лепшымі жывёлаводамі ў адпаведнай намінацыі прызнаны: Святлана Дзядюля (Клетнае) — першае месца, Васіль Кудзёлка (Бабірова) — другое і ў Лідзіі Карцель (Завалочыцы) — трэцяе. Шчырыя апладысменты суправаджалі пераможцаў, а яны ў сваю чаргу не шкадавалі слоў удзячнасці для арганізатараў конкурсу і гэтага канкрэтнага мерапрыемства. Было ў гэты дзень у зале Завалочыцкага СДК яшчэ шмат чаго. Не паверыла б, што так бывае, каб не бачыла на свае вочы, з якім азартам бабулі і дзядулі ўдзельнічалі ў гульнях, бегалі (так-так, бегалі!), імкнучыся, каб іх каманда выйграла. А як яны падпявалі песні сваёй маладосці Станіславу Немянкову або танцавалі пад гармонік! Дарэчы, для гарманіста Івана Стэльмака, дачніка з вёскі Заполле Завалочыцкага сельсавета, гэта быў дэбют. Вось вам і рэальны доказ, што пенсія — сапраўдная падстава заняцца тым, чым даўно хацелася. У кожнага з гэтых людзей за плячыма свой лёс, адметны, не такі, як у іншых. Таму што, хоць і пішуцца біяграфіі па пэўнай схеме — нарадзіўся, вучыўся, ажаніўся, працаваў…, пачуцці і перажыванні ў кожнага з нас непаўторныя. Ну хіба можна параўнаць радасць, хоць і шчырую, за суседа, у якога нарадзілася ўнучка, з радасцю ад нараджэння сваіх унукаў? Так і гора — сваё заўсёды больш балючае. Але паверце, не хацелася думаць, гледзячы на тых, хто прыйшоў 1 кастрычніка ў Завалочыцкі СДК, ні пра гора, ні пра розныя непрыемнасці. Таму што аптымізму і энергіі гэтых бабуль і дзядуль, што знаходзяць сілы і час і гаспадаркай займацца, і на спеўкі схадзіць, можна толькі пазайздросціць.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота С. РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Актуально

Глусский РОВД. Что грозит за выращивание наркосодержащих растений?

14 сентября 2025
Читать новость
Культура

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Мероприятия в Глуске 13—14 сентября

12 сентября 2025
Читать новость
Актуально

Скоро ли введут цифровой белорусский рубль, прокомментировали в Нацбанке

12 сентября 2025
Читать новость
Общество

Пионеры Глусчины отпраздновали 35-летие самоопределения Белорусской республиканской пионерской организации

12 сентября 2025
Читать новость
Общество

О работе следователя узнали в Глусском райотделе СК

12 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: нужно мобилизовывать и объединять людей для благоустройства Минска

12 сентября 2025
Читать новость