Пытанні эканоміі і беражлівасці разгледзелі дэпутаты Глускага раённага Савета падчас чарговай 32-й сесіі райсавета. З падрабязным дакладам перад прысутнымі выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Васіленка. Было зазначана, што за 2012 год Глускі раён выканаў і перавыканаў мэтавы паказчык па энергазберажэнні: пры плане мінус 5 ён склаў мінус 5,2 працэнта. Сэканомлена больш за тысячу тон умоўнага паліва. Доля мясцовых відаў паліва дасягнула 94 з паловай працэнтаў, аднак гэтага недастаткова для выканання планавага задання. Усяго ж за год па раёне рэалізавана 60 энергазберагаючых мерапрыемстваў, на іх выкананне было накіравана 7,8 мільярда рублёў. Улічваючы, што найбольш значны патэнцыял энерга- і рэсурсазберажэння засяроджаны ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, найбольш значныя практычныя меры па эканомным і рацыянальным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў былі праведзены менавіта ў жыллёва-камунальным сектары. Гэта замена катлоў і помпавага абсталявання, мадэрнізацыя і замена зношаных участкаў цеплавых сетак, рэканструкцыя кацельнай № 2. Нямала зроблена ў гэтым накірунку ўжо сяголета, так, за першае паўгоддзе паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 3 працэнты пры заданні мінус 2,9. Эфект ад укаранення 10 энергазберагаючых мерапрыемстваў складае 298 тон умоўнага паліва, доля мясцовых відаў паліва ў балансе ўсяго выкарыстоўваемага кацельна-пячнога паліва дасягнула 94,8 працэнта і перавысіла даведзенае заданне. Агульная эканомія рэсурсаў таксама значна перавысіла планавыя паказчыкі: пры заданні мінус 0,5 працэнта за мінулы год яна склала мінус 3,4, а за першае паўгоддзе гэтага года мінус 5,2.
Шмат што мясцовымі арганізацыямі зроблена для тэхнічнага пераабсталявання і мадэрнізацыі вытворчасці. Дастаткова сказаць, што на гэтыя мэты за студзень — ліпень сельскагаспадарчымі арганізацыямі было выкарыстана 6 мільёнаў 120 тысяч долараў ЗША, Глускім лясгасам на набыццё машын і абсталявання выдаткаваны 222 тысячы долараў. Згодна з планам мадэрнізацыі УКП “Жылкамгас” рэалізавала розных мерапрыемстваў на 230 тысяч долараў ЗША. Акрамя таго, прадпрыемства праводзіць мерапрыемствы, не ўключаныя ў план мадэрнізацыі, у прыватнасці, распачата рэканструкцыя гарадской лазні, каштарысная вартасць работ складае каля 6 мільярдаў рублёў, планавы тэрмін выканання — 6 месяцаў.
Яшчэ ў дакладзе былі закрануты пытанні выкарыстання другасных рэсурсаў, спажывання светлых нафтапрадуктаў, а таксама меры стымулявання за эканомію рэсурсаў. Гэтыя ж праблемы так ці інакш былі закрануты і знайшлі сваё адлюстраванне ў выступленнях дэпутата Магілёўскага абласнога і Глускага раённага Саветаў дэпутатаў старшыні СВК “Калгас “Зара” Васіля Долбіка, старшыні Калаціцкага сельскага Савета Анатоля Рудзінскага, дырэктара аўтапарка № 15 Аляксандра Сыцькі, дырэктара УКП “Жылкамгас” Генадзя Шуміна.
Актуальнай для Глускага раёна з’яўляецца тэма вытворчага траўматызму. Як зазначыла, выступаючы перад дэпутатамі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Кірэй, у першым паўгоддзі на мясцовых прадпрыемствах зарэгістраваны два няшчасныя выпадкі, адзін з іх (з цяжкімі наступствамі) адбыўся на ЗАТ “Глускдрэў”, другі (да цяжкіх не адносіцца) — на ААТ “Глускія Бытпаслугі”. Выпадкі траўматызму здарыліся з-за таго, што не былі выкананы неабходныя падрыхтоўчыя работы, а вось тэхніка бяспекі — парушана, прычынай таксама стаў нездавальняючы стан электрапрыбораў. Вось чаму ў раёне распрацаваны і зацверджаны дадатковыя мерапрыемствы па папярэджанні траўміравання і гібелі людзей на вытворчасці, яны з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Разгледзеўшы гэта і іншыя пытанні парадку дня, дэпутаты прынялі адпаведныя рашэнні, і 32-я сесія раённага Савета дэпутатаў завяршыла сваю работу.
Т. ЛУКАШЭВІЧ