Як толькі адчыняецца фізкультурна-спартыўны клуб, яго залы запаўняюцца юнымі аматарамі фізкультуры і спорту: не стаяць без справы ні сталы для настольнага тэніса, ні барцоўскія татамі, ні баксёрскія грушы, ні сілавыя трэнажоры. Дарэчы, апошнія карыстаюцца вялікай папулярнасцю як у падлеткаў, так і ў дарослых, а з набыццём новых трэнажораў, упэўнены ў Глускім ФСК, колькасць спартсменаў-аматараў значна павялічыцца. Так, у лістападзе былі набыты яшчэ чатыры, гэта бегавая дарожка, велатрэнажор, лыжаролер і камбінаваны трэнажор для развіцця розных груп мышцаў. Дзякуючы гэтым навінкам у фізкультурна-спартыўным клубе абсталявалі яшчэ адну трэнажорную залу, у ёй пераважна займаюцца жанчыны. Яшчэ б яны прапусцілі такую магчымасць — на бегавой дарожцы адразу бачна не толькі хуткасць руху, працягласць хады, але і колькасць страчаных калорый, а гэта добры стымул для тых, хто імкнецца ўдасканаліць фізічныя параметры свайго цела, пазбавіцца ад лішняй вагі!
— Мы не памыліліся ў сваім разліку, што з набыццём новых трэнажораў колькасць тых, хто займаецца фізічнай культурай, асабліва з ліку жанчын, павялічыцца, — гаворыць дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Вежнавец. — Так і атрымалася: новая зала не пустуе, займаюцца там і дзяўчаты, і жанчыны, юнакам і мужчынам уваход таксама не забаронены. Але мы збіраемся пайсці яшчэ далей. Зараз аб’яўлены набор жаночай групы для заняткаў фітнесам, выдзелена асобнае памяшканне, ёсць кваліфікаваны трэнер. Пакуль што заняткі плануем праводзіць двойчы на тыдзень, калі жадаючых збярэцца болей, адкрыем другую групу — такая магчымасць у нас ёсць, былі б толькі наведвальнікі. Заняткі фізічнай культурай на базе спартыўнай установы — гэта магчымасць не толькі з карысцю для здароўя правесці вольны час, палепшыць фізічную форму, але і пашырыць кола знаёмых. Згадзіцеся, усё гэта даволі важкія аргументы за тое, каб стаць пастаяннымі наведвальнікамі нашага фізкультурна-спартыўнага клуба. На гэта і разлічваем.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота С. РУДЗІНСКАГА