Традыцыя конкурсаў і перамог
Тры лепшыя даяркі гаспадарак Глускага раёна прынялі ўдзел у абласным конкурсе аператараў машыннага даення, які праходзіў на мінулым тыдні ў Горках.
Конкурс праводзіўся на базе вучэбнай гаспадаркі Горацкай сельгасакадэміі і сабраў лепшых даярак з усёй Магілёўшчыны — за званне пераможцаў змагаліся больш за 60 аператараў машыннага даення. Этапы конкурсу, як зазначыў майстар вытворчага навучання вучэбна-вытворчага камбіната Мікалай Ляўшэвіч, які ўзначальваў нашу дэлегацыю, былі такія ж, як і на раённым этапе, — тэарэтычная частка, зборка і разборка даільнага апарата і непасрэдна тэхналогія даення. Лепшы вынік, які паказалі нашы канкурсанткі, — чацвёртае месца, яго заваявала Ніна Шумская, аператар машыннага даення СВК “Калгас “Зара”, саступіўшы сваім калегам з Горак (1 і 2 месцы) і Шклова. Па словах кіраўніка групы, дастойна выступілі і іншыя нашы прадстаўніцы — Таццяна Цімашэнка, таксама з СВК “Калгас “Зара”, і Ірына Кавалёва з СВК “Калгас “Слаўгарадскі”, хаця ў падобным конкурсе ўдзельнічалі ўпершыню (калі не лічыць раённага этапу).
А вось пра Ніну Мікалаеўну гэтага не скажаш — яна працуе даяркай больш за чвэрць века і памятае, як яшчэ ў гады Савецкага Саюза праводзіліся конкурсы прафесійнага майстэрства. Тады яна таксама была ў ліку лепшых. Першая яе перамога на раённым, абласным, а затым і рэспубліканскім конкурсе датавана 1987 годам, пасля чаго было паспяховае выступленне ў Волагдзе, апошні конкурс аператараў машыннага даення праходзіў у 1989 годзе ў Ленінградзе, тады яна пасля перамогі на рэспубліканскім этапе стала другой.
— З распадам Саюза адышла ў нябыт і традыцыя правядзення такіх конкусаў, а шкада, — гаворыць Ніна Мікалаеўна. — Зараз у Горках я сустрэлася з прафесарам Бараноўскім з Беларускага інстытута жывёлагадоўлі, калісьці ён быў адным з арганізатараў нашых конкурсаў прафесійнага майстэрства, мы з ім добра знаёмы, і нам было што ўспомніць пра тыя часы… Таму, калі традыцыя праводзіць конкурсы сярод даярак прадоўжыцца, будзе вельмі добра: гэта дапамагае знаходзіць нешта новае ў даўно знаёмай справе, бо які б ты ні быў майстар, а заўсёды знойдзецца тое, чаго ты яшчэ не бачыў, не ведаў і не рабіў.
З гэтымі словамі нельга не пагадзіцца, а ад сябе дададзім, што конкурс — гэта яшчэ і заслужаныя ўзнагароды, падарункі. Іх атрымалі ўсе нашы канкурсанткі, таму вяртанне дамоў для іх было прыемным удвая.
Т. ЛУКАШЭВІЧ