Темы

Выхад на пенсію не адмяняе цікавасці да жыцця

Выхад на пенсію не адмяняе цікавасці да жыцця

“Мы заўважылі, што людзі сталага ўзросту, якія прыходзілі ў бібліятэку, падоўгу застаюцца ў чытальнай зале, выбраўшы патрэбную кнігу, затрымліваюцца, пачынаюць размову аб прачытанай кнізе, потым пераводзяць гутарку на паўсядзённыя тэмы. Так узнікла ідэя: добра было б усiм гэтым людзям даць магчымасць рэгулярных сустрэч. І тады мы адправілі ім паштоўкi з запрашэннем на сустрэчу ў цэнтральнай бібліятэцы. Перажывалі, не ведалі, як адгукнуцца людзі, можа, хто пасаромеецца, а хто і не зацікавіцца. Але ўсе, каго мы запрашалi, прыйшлi, і было гэта якраз 18 снежня”, — успамінае нязменны кіраўнік аматарскага аб’яднання “Зносіны” Іна Кірына далёкі 1988 год, калі было створана аматарскае аб’яднанне “Зносіны”.
“На першым пасяджэннi, якое прайшло 18 снежня, мы прапанавалi стварыць клуб, дзе ўсе маглi б збiрацца i размаўляць па душы. Нашы госцi ўзрадавалiся такой прапанове, абмеркавалi перыядычнасць сустрэч — выпала на кожную сераду. Назва “Зносіны” была выбрана зусiм не выпадкова, бо на сваiм асабiстым прыкладзе пенсiянеры ўпэўнiлiся: галоўнае, чаго iм не хапае, — гэта зносiн”, — працягвае Іна Міхайлаўна.
Гартаю праграму работы клуба, чытаю нататкі ў друку, разглядваю фотаздымкі, што беражна захоўваюцца ў альбомах… Сказаць, што ўдзельнікі клуба збіраліся толькі пагаварыць паміж сабой, ніяк нельга. Мяркуйце: сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых улад, правізарам аптэкі, прадстаўнікамі царквы, членамі раённага аб’яднання інвалідаў, “агеньчыкі”, прымеркаваныя да самых розных святаў, правядзенне дзён пажылога чалавека, вечары-ўспаміны, часы гумару і шмат чаго іншага. Наладжваліся і творчыя вечары-сустрэчы з вядомымі землякамі. У адным з альбомаў нават ёсць аўтограф, пакінуты рукою Сяргея Грахоўскага ў жніўні 1994 года.
Удзельнікі клуба выйшлі з прапановай да мясцовай паліклінікі, каб арганізаваць пры ёй групу здароўя для пенсіянераў. Прапанова была падтрымана, і група запрацавала. Самі для сябе стварылі касу ўзаемадапамогі, бо ў жыцці рознае здараецца, і каса не раз выручала. А запыты ў розныя ўстановы, нават у міністэрствы, па пытаннях добраўладкавання і іншых, і ўсё гэта таксама давала свой плён.
А колькі самых разнастайных тэм закраналася за гэтыя 25 гадоў і закранаецца зараз на пасяджэннях клуба! Прароцтвы Вангі, творчасць Ахматавай, астралогія, кулінарыя, палітычныя дыскусіі, народныя традыцыі… Спіс можна працягваць бясконца, таму што выхад на пенсію не адмяняе цікавасці да жыцця. Так, у маладых свой жыццёвы тэмп, у людзей сталага веку — свой, можа, крыху спакайнейшы. Калі ты яшчэ не ў пенсійным узросце, то раніцай бяжыш на работу, вечарам — з работы, і жыццё хутка бяжыць разам з табою, нават імчыцца. А пенсіянеру куды бегчы? Здаецца, і няма куды. Так і заімшэць нядоўга. І тут высвятляецца, што столькі ёсць таго, на што раней не хапала часу, што только зноў паспявай. Галоўнае — самому быць актыўным, не ленавацца, бо за нас гэтага ніхто не зробіць. Нездарма статут клуба ўтрымлівае ўсяго два, але вельмі змястоўныя пункты: 1) кожны непрацуючы пенсіянер можа стаць членам клуба; 2) кожны член клуба павінен прымаць самы актыўны ўдзел ва ўсіх яго мерапрыемствах.
Актыўнасць удзельнікаў клуба яшчэ больш праявілася пасля стварэння мастацкай самадзейнасці. Падчас многіх сустрэч хто-ніхто з жанчын зацягне песню, таму вырашылі: што ж талентам прападаць? Так у 1990 годзе стварылася фальклорная група. Запрасілі мастацкага кіраўніка з Глускага раённага Дома культуры, пачалі рыхтаваць канцэртную праграму, пашылі сабе касцюмы. Хваляваліся перад першым выступленнем, якое адбылося ў калгасе “Дружба” і аказалася вельмі паспяховым. З таго часу са сваiмi мерапрыемствамi калектыў выступаў не толькі ў Глускiм раёне, а і ў суседніх, удзельнiчаў у розных конкурсах і фестывалях, ад раённых да рэспублiканскiх.
У 1993 годзе “Зносіны” былі запрошаны на беларускае тэлебачанне для ўдзелу ў здымках перадачы “Запрашаем на вячоркі”. Гледачам так спадабаліся “Глускія вячоркі”, што пасля эфіру бясконцым патокам ішлі водгукі. “Што ні песня — то “ізумруд…”, “які тэмперамент, якія песні, якія вершы!..”, “шкадавалі, што зламаўся магнітафон, а то б усю цалкам перадачу і запісалі, бо спадабалася літаральна ўсё…” — вось толькі некаторыя вытрымкі з лістоў да глушчан. Кіраўнікі самадзейных калектываў і Дамоў культуры звярталіся з просьбай даслаць ім тэксты песень, а вучні адной са школ Акцябрскага паведамілі, што, натхнёныя прыкладам глушчан, “стварылі вячоркі і ў роднай школе”.
Усё гэта заканамерна прывяло да таго, што ў 1995 годзе аматарскае аб’яднанне “Зносіны” атрымала званне народнага, якое з гонарам нясе і да гэтага часу. Вось і зусім нядаўна, у лістападзе, выступаючы перад кампетэнтнай камісіяй, калектыў у чарговы раз пацвердзіў, што дастойны гэтага звання. У гэтым вялікая заслуга Іны Кірынай, якая столькі год аб’ядноўвае розных людзей агульнай ідэяй, і хармайстра Сяргея Байдакова, што зараз адказвае ў аб’яднанні за творчую састаўляючую.
Састаў калектыву, зразумела, мяняецца. Ці не жарт — 25 гадоў! Зараз у “Зносіны” ўваходзяць 22 ўдзельнікі, і добра, што сярод іх ёсць яшчэ тыя, што стаялі пры самых вытоках клуба. Гэта Марыя Пятроўна Савіцкая, Ванда Іванаўна Новікава, Марыя Карнееўна Якіменка, Анастасія Сямёнаўна Жарнаклёва, крыху пазней прыйшлі Валянціна Рыгораўна Паташова, Ядзвіга Браніславаўна Фалько. На працягу доўгага часу застаюцца вернымі “Зносінам” Зоя Сцяпанаўна Глаз і Ірына Аляксандраўна Жаркевіч. Доўгі час наведвала клуб Валянціна Міхайлаўна Рыбак, рамансы ў яе выкананні карысталіся вялікім поспехам у гледачоў. Нельга не ўспомніць Ганну Дзмітрыеўну Бычкоўскую, якая шмат гадоў была актыўным членам аб’яднання. Менавіта па яе ініцыятыве “Зносіны” прынялі ўдзел у телеперадачы “Запрашаем на вячоркі”. Таксама Ганна Дзмітрыеўна прымала ўдзел у фестывалi гумару “Аўцюкі-1996”, прывезла адтуль дыплом І ступені і падарункі.
Папаўняецца калектыў і новымі людзьмі. Так, пасля пераезду ў Глуск прыйшла ў аб’яднанне Кацярына Антонаўна Анцюшэня і цяпер не прапускае ніводнага пасяджэння клуба. Усіх, хто наведваў і наведвае клуб зараз, пералічыць немагчыма. Але несумненна адно: гэта нераўнадушныя, маладыя душою, творчыя людзі. У апошні час яны пашырылі і геаграфію сваіх сустрэч, шмат падарожнічаючы па Беларусі. Пабывалі ў Прошчы, Жыровіцкім манастыры, царкве ў Акцябрскім і іншых мясцінах. Дык няхай ім і далей спрыяе поспех і ўдача, шэнціць на добрых сяброў і новых ініцыятыўных членаў клуба. А 21 снежня, у 12 гадзін, “Зносіны” запрашаюць усіх на святочную сустрэчу ў РДК, каб разам адзначыць юбілей.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Здымкі з архіву
клуба “Зносіны”

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024