Вялікая колькасць людзей заўчора прыйшла ў Свята-Богаяўленскі храм Глуска на святочнае богаслужэнне, якое ўзначаліў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. Не толькі жаданне ўзяць хрышчэнскай вады прывяло сюды веруючых. Хрышчэнне Гасподне яшчэ мае назву Богаяўлення, таму што пры гэтай падзеі былі яўлены ўсе тры асобы Святой Троіцы: Бог Сын хрысціўся ў водах Іардана, Бог Айцец сведчыў пра Яго голасам з Нябёсаў і Бог Дух Святы сышоў на Хрыста з неба ў выглядзе голуба. Святое Богаяўленне — наша храмавае свята, і ўжо стала традыцыяй, што святочную літургію ў гэты дзень у глускім храме служыць епіскап Серафім з клірам епархіі.
Атрымаўшы благаславенне правячага архіерэя, вернікі выстраіліся ў чаргу па хрышчэнскую ваду, а ў гэты час на рацэ Пціч у раёне лодачнай станцыі таксама сабралася нямала жадаючых далучыцца да традыцыі або стаць сведкамі хрышчэнскага акунання ў іардань. Яе асвяціў епіскап Серафім, павіншаваў глушчан са святам і пажадаў усім прысутным умацавання здароўя цялеснага і ўзрастання духоўнага. І насамрэч, каб зімовым днём акунуцца ў ледзяную ваду ў рацэ, пакрытай лёдам, патрэбна немалая смеласць і рашучасць. Хочацца верыць, што большасцю з тых, хто рашыўся на хрышчэнскае акунанне, рухала жаданне наследаваць Хрысту, што гэты ўчынак вынікае з іх хрысціянскага жыцця па запаведзях Божых.
Трэба адзначыць таксама і добрую арганізацыю падзеі — пад’езды да месца былі расчышчаны, падыход да ракі належным чынам абсталяваны, на беразе была разгорнута вялікая палатка для пераапранання, прапаноўваліся гарачы чай і кава, дзяжурылі ратавальнікі і медыкі, за парадкам сачыла міліцыя. Нават надвор’е гэтага дня адпавядала радаснаму і бадзёраму духу свята — у нядзелю было сонечна і марозна, снег зіхацеў, шэрань пералівалася і злятала на зямлю легкімі іскрынкамі, а купальшчыкаў быццам бы падбадзёрвала гусь, што таксама плавала ў рацэ на невялікай прамывіне каля супрацьлеглага берага.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота
Сяргея РУДЗІНСКАГА