Штогод у лютым уся наша краіна ўрачыста адзначае Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мы схіляем галовы перад мужнасцю і стойкасцю тысяч землякоў, хто з гонарам вытрымаў выпаўшыя на іх долю выпрабаванні, некаторым не суджана было выжыць у полымі той вайны і вярнуцца дадому. Сёння воіны-інтэрнацыяналісты з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі ў патрыятычным выхаванні моладзі, служаць для падрастаючага пакалення прыкладам мужнасці і цвёрдай грамадзянскай пазіцыі.
Днямі ў гасцях у вучняў Усцярхоўскай школы пабываў зямляк, воін-інтэрнацыяналіст, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане ў 1980 годзе Павел Прыгара.
Тыя, хто страціў сяброў, хадзіў пад кулямі, але з гонарам выканаў прысягу, не шкадуюць ні пра што. Наш суразмоўца гаворыць пра гэта проста, без пафасу, упэўнена і спакойна. Там кожны дзень ставіў маладых салдат перад мяжой паміж жыццём і тым, што далей. А што далей — хто яго ведае. Тыя, хто перайшоў гэту мяжу, ужо ні пра што не раскажуць, за 25 гадоў яны ані не пастарэлі, мы іх бачым на чорна-белых фотаздымках. Школьнікі з цікавасцю разглядваюць армейскі афганскі альбом, з картачак на іх глядзяць не толькі нашы салдаты, але і тыя, каго называлі “духамі”… Вучні пытаюцца пра тамтэйшае надвор’е, вопратку, ежу, а яшчэ пра тое, за што атрымлівалі ўзнагароды і ці было страшна. Размова атрымліваецца жывой, зацікаўленай. Павел Прыгара памятае ўсё да драбніц, ён не па чутках ведае пра “груз 200”, з гэтым “грузам” ён вяртаўся дадому. Завяршылася сустрэча ўзаемнымі пажаданнямі міру і спакою, а яшчэ здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у працы і вучобе.
В. ПАДЛУЖНАЯ,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце