Ці ведаеце вы, што такое імбрык, або ласкава — імбрычак? Васьмікласнікі першай школы райцэнтра, калі раней і не чулі такое слова, цяпер ведаюць яго значэнне дакладна — пасля таго, як прагледзелі відэаролік “Смак мовы”. Ды ў роліку былі і іншыя прыгожыя і сакавітыя беларускія словы: дыярыуш (гэта значыць дзённік), гарбата, краскі… А глядзелі відэа школьнікі падчас мерапрыемства, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы, якое прайшло пад дэвізам “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Гааг і яе вучні пастараліся стварыць такую атмасферу, каб было пазнавальна, цікава і захапляльна. З вуснаў школьнікаў гучала не толькі родная беларуская мова. Цікава было пачуць урывак з паэмы Гётэ “Лясны цар” на мове арыгінала — нямецкай, а потым у перакладзе на беларускую. А вось беларускі верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” дзяўчынка расказала на англійскай мове. Некалькі хлопчыкаў разыгралі перад аднакласнікамі і настаўнікамі сцэну з жыцця саксонскіх рыцараў таго часу, калі Англія была заваявана нарманамі і ў краіне панавала французская культура. Хто б мог тады сказаць, што праз некалькі стагоддзяў англійская мова стане мовай міжнародных зносін?
Тым не менш, усе мовы прыгожыя па-свойму, і кожная культура нараджае сваіх геніяў. Таму падчас мерапрыемства, акрамя вершаў, гучала музыка кампазітараў розных народаў.
Напрыканцы школьнікі ўспомнілі імёны тых, хто праслаўляў нашу краіну на працягу шматлікіх стагоддзяў — ад Ефрасінні Полацкай да паэта-земляка Сяргея Грахоўскага і гераіні апошніх дзён Дар’і Домрачавай. Добрай кропкай мерапрыемства стаў згаданы відэаролік і радкі з верша Пімена Панчанкі “Ад роднай мовы, ад роднай нацыі не адцураюся, не адракуся…”.
P.S. А імбрык — гэта чайнік.
Алена ВАЛОШКА