З нядаўняга часу пастаянная экспазіцыя Глускага раённага краязнаўчага музея папоўнілася новай цікавай калекцыяй прасаў.
Яе супрацоўнікі музея набылі на пачатку года ў брэсцкага калекцыянера, аформілі як належыць і ўжо выставілі на агульны агляд. Да гэтага ў музеі было толькі некалькі экспанатаў. “Раней падчас музейных заняткаў па гэтай тэме многія віды прасаў я магла паказаць дзецям толькі на малюнках. Згадзіцеся, нашмат цікавей не проста пабачыць, як выглядалі даўнія прылады, а разгледзець іх у дэталях, пакратаць рукамі, паспрабаваць самому правесці прасам па тканіне. Цяпер такая магчымасць у нас ёсць”, — заўважае дырэктар музея Людміла Новік.
У калекцыі 12 прадметаў, гэта ўласна прасы і прыстасаванні для прасавання. Некаторыя з іх выглядаюць вельмі прыгожа, адразу так і ўяўляюцца шыкоўныя сукенкі для баляў, для прасавання якіх прызначаліся гэтыя пазалочаныя прасы. Некаторыя даволі цяжкія, узяўшы ў рукі, разумееш, як цяжка працавалася раней жанчынам. Ды што тут расказваць, прыходзьце ў музей — пабачыце ўсё на свае вочы і патрымаеце ў сваіх руках.
Алена ВАЛОШКА
Фота
Сяргея РУДЗІНСКАГА
Калекцыя прасаў
Среда, 19.02.2014 18:01. Category: Общество