Зноў спартакіяда і лыжныя старты

Каманда Глускага раёна прыняла ўдзел у зімовай абласной спартакіядзе сярод жыхароў сяла. Спаборніцтвы праходзілі 12 лютага ў Магілёве. У склад каманды згодна з умовамі спартакіяды ўваходзілі шэсць мужчын і шэсць жанчын па ўзроставых катэгорыях да 18 гадоў, да 36 гадоў і старэйшыя. Сярод глушчан лепш за іншых свае дыстанцыі на лыжах прайшлі Анатоль Муха (3 кіламетры), ён заняў другое месца, і Галіна Юхневіч (2 кіламетры), у яе пяты вынік. Абодва ўключаны ў склад зборнай каманды вобласці і ў хуткім часе будуць адстойваць яе гонар на рэспубліканскай спартакіядзе сярод жыхароў сяла. Што да каманды Глускага раёна ў цэлым, то на абласной спартакіядзе яна заняла 7 месца сярод 17 каманд-удзельніц.
Т. ЛУГАВАЯ