У чаканні вясенняй пасяўной
Непрыкметна пралятае час, і аграрыі раёна неўзабаве пачнуць чарговую вясеннюю пасяўную. Зараз паўсюдна працягваецца рамонт тэхнікі. У поле павінны выйсці 143 трактары, з якіх толькі энерганасычаных 19 адзінак, 29 — МТЗ-1221 і 19 пагрузчыкаў “Амкадор”. Таксама на лінейку гатоўнасці будуць пастаўлены 12 пасяўных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 29 плугоў усіх марак і 33 сеялкі.
— Рамонтнікі стараюцца, каб укласціся ў графік, згодна з якім уся тэхніка павінна быць на хаду да 1 сакавіка, — гаворыць галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Уладзімір Грыц. — Паўсюдна створаны нармальныя ўмовы для работы, дастаткова і кадраў. І сягоння непакоіць толькі адна праблема — фінансавая. Не хапае грошай, каб набыць запасныя часткі. Да прыкладу, у СВК “Калгас “Слаўгарадскі” рамонт аднаго энерганасычанага “Атлеса” абыдзецца амаль у 100 мільёнаў рублёў. Такая ж сітуацыя і ў СВК “Дружба” з трактарам МТЗ-3022. Нямала грошай патрэбна і на набыццё трактарных колаў. Здаецца, прычыны аб’ектыўныя, але гэта не падстава, каб запавольваць тэмпы рамонту. У прыватнасці, гэта добра разумеюць у эксбазе “Глуск”, дзе эфектыўна наладжаны працэс рамонту тэхнікі. Там уласнымі сіламі аднаўляюць два рухавікі на “Амкадор”, рамантуюць раскідвальнікі арганічных і мінеральных угнаенняў, а таксама пасяўны глебаапрацоўчы агрэгат. Яшчэ адзін такі ж агрэгат, якому патрэбны капітальны рамонт, адвезлі на Магілёўскі рамонтны завод. Пры такім раскладзе эксбазаўцы павінны своечасова справіцца з рамонтам. І ўся тэхніка, якая будзе задзейнічана на вясенняй пасяўной, а гэта 15 трактароў і два пасяўныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, пры неабходнасці выйдзе ў поле.
В. ЧУЧВАЛ