З малітвай і шчырым жаданнем
Па царкоўнай традыцыі сотні веруючых прыйшлі ў нядзелю ў Свята-Богаяўленскі храм Глуска з букецікамі вярбы, нібы сустракаючы Госпада і пацвярджаючы, што мы прызнаём Іісуса сваім Збаўцам і з радасцю чакаем вялікую падзею, якая адбудзецца праз тыдзень, — Уваскрэсенне Хрыстова. Вербная, або Пальмавая, нядзеля ўводзіць веруючых у апошні этап падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята і распачынае Вялікі тыдзень.
Раней у народзе была традыцыя асвячонымі вербачкамі злёгку пабіваць блізкіх, быццам адганяючы ад іх хваробы і ўсялякія няшчасці і ўмацоўваючы здароўе. Але гэта не болей чым павер’е, якое прыйшло да нас з часоў язычніцтва. На самой справе ніякія дзеянні нічога не значаць без малітвы і шчырага жадання змяніць, палепшыць сябе.
Хочацца спадзявацца, што менавіта гэта жаданне прывяло ў Свята-Богаяўленскі храм Глуска на Вербную нядзелю вялікую колькасць веруючых. Прыемна было бачыць, што разам з дарослымі былі і дзеці, прыйшло шмат моладзі. Многія ў гэты дзень прымалі Святую Прычасць, каб сустрэць Вялікдзень з чыстай душой і адпаведным духоўным настроем. Святочныя богаслужэнні ў нядзелю адбыліся і на іншых праваслаўных прыходах Глускага раёна — у Гарадку, Заеліцы, Бабірове.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара
На здымку:
у час асвячэння вярбы
ў глускім Свята-
Богаяўленскім храме