Свята Перамогі, дзень 9 Мая, глушчане заўсёды адзначаюць разам, спачатку дружнай калонай па вуліцах гарадскога пасёлка ідуць да помніка Воінскай Славы, дзе кветкамі ўшаноўваюць ветэранаў вайны, хвілінай маўчання і стрэльбавым залпам аддаюць даніну памяці загінуўшым, потым святкаванне перамяшчаецца ў цэнтр Глуска, дзе вядзецца ажыўлены гандаль, праходзяць спартыўныя спаборніцтвы, гучыць музыка. Так будзе і на гэты раз, падрыхтаваная святочная праграма ўключае ў сябе ўсе названыя мерапрыемствы. Свой пачатак яны бяруць яшчэ сёння. Гэта таксама традыцыя — 8 мая ўскладаць вянкі і кветкі да помнікаў і воінскіх пахаванняў. Дэлегацыі працоўных калектываў сёння наведалі воінскія могілкі ў Хваставічах, брацкую магілу і воінскія пахаванні на двух грамадзянскіх могілках, правялі ўскладанне да помнікаў воінам-інтэрнацыяналістам і ахвярам халакоста на Мыслачанскай гары. Члены раённага выканаўчага камітэта сёння апоўдні ўсклалі кветкі на Алеі Славы.
Святочная культурная праграма 9 Мая складзена наступным чынам:
9:30 — збор святочнай калоны на плошчы;
10:00 — шэсце да помніка Воінскай Славы і ўрачысты мітынг “Успомнім усіх пайменна”;
12:00 — 16:00 — гандлёвы кірмаш, “салдацкая паляна” з салдацкай кашай (раён цэнтральнага стадыёна);
13:00 — канцэрт “Дзякуй вам за мір!” (цэнтральны стадыён);
13:00 — гульнёвая праграма для дзяцей (летняя танцавальная пляцоўка);
19:00 — тэматычная праграма для падлеткаў “Свята Перамогі!” дыска-клуба “FLATCLUB” (летняя танцавальная пляцоўка);
22:30 — тэматычны вечар для моладзі “Мы будзем помніць” дыска-клуба “Пазітыў” (летняя танцавальная пляцоўка).
Свае традыцыі святкавання Дня Перамогі і ў спартсменаў раёна. У 12:00 адбудзецца лёгкаатлетычны прабег ад плошчы да помніка Воінскай Славы. На 13 гадзін намечаны лёгкаатлетычныя эстафеты сярод школьнікаў Глуска і паказальныя выступленні таэквандзістаў. Валейбольны турнір сярод зборных каманд устаноў адукацыі раённага цэнтра (юнакі) пачнецца ў 13:30, а ў 14 гадзін адбудзецца турнір па міні-футболе. Завяршае спартыўную праграму святочнага дня фінал турніру па футболе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства “Скураны мяч”, сустракаюцца каманды гімназіі і СШ № 2 — пачатак у 16:30. Спаборніцтвы будуць праходзіць на бегавых дарожках і спартыўных пляцоўках цэнтральнага стадыёна.
У наступны дзень, 10 мая, у рамках чэмпіянату Магілёўскай вобласці па футболе ў Глуску на цэнтральным стадыёне адбудзецца сустрэча паміж камандамі “Пціч” (Глускі раён) і “Краснаполле” (Краснапольскі раён), пачатак гульні ў 14:00. Прыходзьце падтрымаць нашых футбалістаў!
Адзначым Дзень Перамогі разам!
Четверг, 8.05.2014 07:31. Category: Общество