Далей — рэспубліканскі этап
Завяршылася фінальная адборачная частка першага этапу рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес”. Звыш 20 яго ўдзельнікаў — прадстаўнікоў школьных лясніцтваў вобласці — сабраліся ў Магілёўскім лясгасе, каб паказаць свае творчыя і навуковыя здольнасці. Кожны выбраў сабе намінацыю, а іх было тры, і прадставіў на суд журы свае работы. Гонар нашага раёна адстойвалі дзве вучаніцы — Кацярына Пінчук з санаторнай школы-інтэрната і Таццяна Сеўрук з Усцярхоўскай школы — мінулагодні прызёр міжнароднага юніёрскага ляснога конкурсу ў Ханты-Мансійску.
— У заключным этапе конкурсу, які пройдзе ў Мінску на базе Міністэрства лясной гаспадаркі, прыме ўдзел Таццяна Сеўрук, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалогіі Глускага лясгаса Іван Вяргун. — Дзевяцікласніца з Усцярхоў стала пераможцай у намінацыі “Устойлівае лесакіраванне”. Яе работу “Уплыў атмасфернага забруджвання на марфалагічныя прыкметы і стан генератыўных органаў сасны звычайнай” журы аднадушна прызнала лепшай. Безумоўна, немалы ўклад у поспех вучаніцы ўнесла яе навуковы кіраўнік, настаўніца біялогіі і хіміі Наталля Ладонька. Надалей застаецца пажадаць Таццяне і яе кіраўніку ўдачы і новых перамог.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Івана ВЕРГУНА
На здымку: удзельніцы конкурсу Таццяна Сеўрук (другая злева) і Кацярына Пінчук і іх навуковыя кіраўнікі Наталля Ладонька (злева) і Іна Барысенка.