Поспех на “Сонечным” фестывалі
На Бамаўскім возеры, што каля горада Кобрына, праходзіў рэспубліканскі фестываль бардаўскай песні “Сонечны”. Сярод яго шматлікіх удзельнікаў былі і госці з Расіі, а сярод непасрэдных канкурсантаў — нашы землякі, аўтар і выканаўца сваіх песень Барыс Туманаў, музыкант Сяргей Байдакоў і спявачка Вікторыя Сініцына — невялікі творчы калектыў, які склаўся не так даўно, але паспеў ужо звярнуць на сябе ўвагу і ўдзячных гледачоў, і прафесіяналаў. У прыватнасці, запрашэнне прыняць удзел у гэтым рэспубліканскім конкурсе яны атрымалі на свяце паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, што праходзіла не так даўно на Касцюкоўшчыне.
Цяперашняя іх конкурсная праграма складалася з сямі нумароў, усё гэта песні, напісаныя Барысам Туманавым, творча апрацаваныя і па-майстэрску выкананыя нашым трыа. І трэба сказаць, што сумеснае выступленне па годнасці было ацэнена строгім журы конкурсу і прынесла добры вынік. Глушчане атрымалі дыпломы I ступені ў дзвюх намінацыях: Барыс Туманаў як аўтар і выканаўца песень і выканальніцкі калектыў — сярод іншых калектываў, што спявалі аўтарскія песні. Гэтае ўдалае выступленне прынесла ім і новыя запрашэнні, бліжэйшае — на 5 ліпеня ў Баранавічы, потым на Віцебск і Гродна.
— Такая ўвага да нашай творчасці нам, безумоўна, прыемная, — гаворыць Барыс Туманаў, — але я не ўпэўнены, што мы скарыстаемся ўсімі гэтымі запрашэннямі: як ні кажы, а фактар далёкай дарогі, а з ёю і арганізацыйных цяжкасцяў не адкінеш. Аднак сваё творчае супрацоўніцтва і сумесныя выступленні мы будзем прадаўжаць, нам гэта цікава і прыносіць сапраўднае задавальненне.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота С. РУДЗІНСКАГА