Темы

“Я так помню вайну…”

“Я так помню вайну…”

— Што рабіла ўчора, забыла, а вось што было даўно, у гады вайны, усё помню. Дзіцячая памяць вельмі цэпкая. Тады, у пачатку вайны, мне было 10 год, — успамі-нае Ніна Аляксандраўна Скуратовіч (на здымку). — Мае і дзяды, і бацькі амаль увесь час жылі ў Глуску. Я нарадзілася ў 1931 годзе ў вёсцы Паставічы Старадарожскага раёна. Справа ў тым, што да рэвалюцыі мая маці была служанкай у паставіцкага пана, там яна пазнаёмілася з конюхам пана, а пазней яны пажаніліся. Крыху жылі ў Паставічах, потым пераехалі на радзіму маці ў Глуск, да майго дзеда ў хату. Жылі мы ў канцы вуліцы Піянерскай, непадалёк ад, як зараз кажуць, аэрадрома. Нашы суседзі былі людзі па прозвішчы Фелецкія (Фалецкія).

Упершыню я ўбачыла немцаў, калі мы, дзеці, гулялі каля будынка старой пошты, гэта дзе зараз магазін “Удобны”. Тут, непадалёк ад пошты, стаяў магазін, і вось да яго на матацыклах пад’ехалі немцы, павыбівалі вокны, залезлі туды, потым выбілі дзверы, праз іх выйшлі, селі на матацыклы і з’ехалі. Мы стаялі і глядзелі на ўсё гэта шырока расплюшчанымі вачыма, са здзіўленнем і жахам. Але немцы назад не вярнуліся. Магазін стаяў расчынены, потым пачалі прыходзіць людзі і разбіраць з яго хто што змог панесці. Мы, дзеці, таксама туды забеглі і бралі цацкі, брошкі, пацеркі. А потым разбегліся па хатах.

У Глуску немцы стаялі ўсю вайну. Хадзілі па хатах і ў каго забіралі парася, у каго лавілі курэй, заўжды патрабавалі “яйка”. У людзей і ў нас усё было сваё, агарод вялікі, сеялі жыта, ячмень, трымалі жывёлу, хто карову, а хто коз. Аднойчы маці прыйшла ў хлеў, каб пакарміць кабанчыка, а там хаваюцца некалькі чалавек яўрэяў. Яна вярнулася ў хату, каб штось узяць ім паесці. Прыйшла зноў у хлеў, іх ужо там не было. Потым дазналіся мы, што начавалі яны праз агарод, у суседзяў Адамовічаў, хаваліся там ад немцаў. У гады вайны яўрэяў, хто застаўся ў Глуску, зганялі ў адно месца, потым гэты натоўп гналі па вуліцы Сацыялістычнай на Мыслачанскую гору і там расстрэльвалі, ставячы на край ямы. А яму капалі нашы пленныя салдаты. Забітых крыху прысыпалі зямлёй, а потым чамусьці пачалі спальваць. Паветра было насычана такім жудасным пахам, што не было чым дыхаць, хаця і вокны ў хатах пазачынялі. Казалі старэйшыя, што яўрэяў стралялі ў галаву і ляжалі яны радамі. Яшчэ расказвалі, што з Мыслачанскай гары ўцякло трое палонных салдат, якія капалі ямы, збеглі яны ў Хваставічы. Аднаго забілі, а вось дваіх сяльчане схавалі, і яны засталіся жыць.

Да сённяшняга часу помню, як яўрэяў гналі на гору, на ўсё жыццё ў памяці засталіся словы, якія крычалі ў натоўпе: “Амамела, ататала, аклок цамір”. Што гэта азначае, не ведаю, але чуць крык жанчын, дзяцей, старых было вельмі страшна. Ды і што яны зрабілі немцам, гэтыя добрыя людзі. Мы жылі з яўрэямі заўжды вельмі добра, дружна, ніколі не сварыліся. Калі што трэба, то яны нас заўжды выручалі, ніколі не адказвалі. Дасць табе яўрэй штосьці ў доўг, запіша ў кніжку і абавязкова скажа, што аддасі, калі будзе магчымасць. І доўг ніколі не патрабавалі зараней аддаць. Яны верылі чалавеку. Вельмі шкада гэтых людзей, загінулі за нішто…

А яшчэ вось тут, дзе зараз райвыканкам, быў вялікі яўрэйскі дом, побач нейкі гараж. З боку вуліцы Пушкінскай стаялі канюшня і паліклініка, а на вуглу Пушкінскай і Кірава — вадакачка. Недалёка ад яе немцы змайстравалі віселіцу. І вешалі там людзей амаль голымі, нават калі была зіма і вялікія маразы, у адной толькі бялізне. Крый божа такое бачыць нашым дзецям, унукам… Хай гэты жах мы перажылі і за іх.

На вуліцы Камсамольскай, на месцы, дзе зараз магазін “Цэнтральны”, да вайны размяшчаўся райкам камсамола. А насупраць  стаяла вельмі вялікая бяроза. Да гэтай бярозы падводзілі нашых палонных, савалі ў рукі дачырвана напаленую галавешку дзесьці з метр дліною і загадвалі лезці з ёй на бярозу і маліцца свайму богу. Ад аднаго болю, што гэта гарачая галавешка ў руках, можна было сканаць, а яны ж, бедныя, трымаліся. Бралі яе ў рукі і пачыналі лезці на гэтую бярозу. Іх тут жа і расстрэльвалі. Казалі, што гэта былі партызаны.

Мясцовых жыхароў не яўрэяў немцы чамусьці не вельмі чапалі. Ежу забіралі, прыходзілі дадому, кантралявалі. Помню аднаго немца, ён заходзіў да нас у хату часцей за іншых, паказваў фотаздымак сваёй сям’і і казаў, што яны вайны не хацелі, гэта ўсё Гітлер. Мой бацька яго стрыг і брэіў вострай брытвай. Немец частаваў нас калі-нікалі цукеркамі, а то і нейкай ежай. Бо ўсё тое, што мы мелі свайго, часцей за ўсё даставалася немцам пасля іх дваровых абходаў. Жылося вельмі голадна. Есці хацелася заўсёды. Але ўсё ж у Глуску жылося лягчэй, чым па сёлах. Там ноччу людзі дапамагалі партызанам, і адзявалі, і кармілі, і хлеб пяклі, а днём іх трэслі немцы, дапытваючыся, дзе партызаны. Бо амаль жа ўсе сёлы знаходзіліся сярод лесу. Гэта зараз вакол палі ды добрыя дарогі. А колісь гэтага не было. Ну дык вось той немец, што прыходзіў да нас, як быў у апошні раз, сказаў, калі застанецца жывы, то вернецца і знойдзе нас. Навошта? Не ведаю. Але ён так і не вярнуўся, больш мы яго не бачылі, відаць, загінуў.

Калі нашы наступалі, то немцы ўцякалі ў бок Хваставіч і Мыслоціна, а ўсе местачкоўцы таксама беглі хавацца ў лес каля Мыслоціна, як у нас кажуць, на “пад казла”. Наша ж сям’я хавалася ў суседзяў у склепе разам з імі. Глуск тады заканчваўся прыкладна адразу за “Надзеяй”, а вакол было поле, і там расло вельмі добрае жыта. А яго так змялі, паламалі, і ў гэтым жыце ляжала багата забітых немцаў, яны ж праз яго ўцякалі, а мы якраз і жылі амаль побач з гэтым полем. Адна з нашых суседак зняла з некаторых немцаў адзежу, замачыла яе ў цэбры, каб адмокла. А вада рыжая, крывавая. А насіць-то таксама не было чаго. Абарваліся за вайну. Вось яна такім чынам, відно, і парашыла адзець сваю сям’ю.

Помню яшчэ, як была бамбёжка. Бомба як падае, то чалавека аж уверх падкідае, нават калі і далекавата знаходзішся. А ў нас у агародзе рос ячмень, добры такі ячмень, я ўхапілася за яго абедзвюма рукамі, калі ў ім ляжалі, і трымалася за яго, каб не падкінула мяне ўверх. Ячмень жа рос з зямлі, за яе трымаўся, а я за ячмень, як за дрэва ці за куст які.

Помню, як прыйшлі нашы — усю вуліцу занялі. Мы, трое дзяцей, стаялі каля сваёй хаты, і адзін з салдат даў нам мячык. Мой бацька іх стрыг і брэіў, а потым пайшоў разам з імі на фронт біць праклятага немца. Пазней нам прыйшло пісьмо, што бацька загінуў, але праз некаторы час ён вярнуўся дадому жывы, вось толькі ногі вельмі былі апухшыя, чуць валёнкі сцяглі. Ён і памёр у хуткім часе пасля вайны. Я ж скончыла толькі два класы, чытаць і распісацца ўмею, грошы палічыць. А ў трэці клас бацькі не пусцілі: што толку з гэтай школы, ідзі лепш бацьку памагай кароў пасціць. Вось і памагала, была ўвесь час падпаскам. А потым, трохі падросшы, усё жыццё працавала адразу ў інвалі-днай арцелі, дзе рамантавалі ваенную адзежу, што прывозілі з Бабруйска, а потым ужо ў швейнай арцелі…

Добрым словам успамінае Ніна Аляксандраўна кіраўніка арцелі Падаляка, які пазней працаваў старшынёй калгаса ў Бярозаўцы, успамінае і сапожніка Ігара Сташэўскага, які колісь працаваў разам з ёй у інваліднай арцелі. Добры, працавіты. Калі памёр яе бацька, ён пашыў яму тапкі, бо адзець не было чаго. Удзячна жанчына і Паўлу Міхайлавічу Юневічу, які дапамог матэрыяльна вырашыць праблему з жыллём для яе сям’і. Яна і зараз жыве ў гэтай невялічкай, але вельмі чысценькай і ўтульнай хатцы. Адна. Муж пайшоў з жыцця даўно. Двое сыноў жывуць асобна.

— Вось расказала пра той час, пра вайну, пра сябе, і на душы стала лягчэй, як нейкі цяжар скінула, — кажа Ніна Аляксандраўна. Трэба ж, каб ведалі пра тое, што было, і каб гэтае ліха ніколі не паўтарылася. Зараз жа вельмі добра жыць. А жыць ужо і няма калі. Здароўе вельмі слабае. Вось і нядаўна прытомнасць згубіла, сястру напужала, але неяк ачуняла. А цяпер толькі б жыць, і пенсія ёсць, і ў магазінах усё, а галоўнае — ціха, мірна, добра. І навошта толькі ваююць на той Украіне? Няўжо ж мала і яны нацярпеліся ў тую вайну?

Запісала Іна КІРЫНА

Фота Вольгі ЧУЧВАЛ

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024