Нашы ў Александрыі

Прагучалі на свяце і прозвішчы глускіх фермераў, чые гаспадаркі ўвайшлі ў лік пераможцаў абласных спаборніцтваў. Па вытворчасці гародніны адкрытага грунту 1-е месца сярод спецыялізаваных сельскагаспадарчых арганізацый прысуджана сялянскай фермерскай гаспадарцы Івана Сокала “Даколь-агра”, а сярод сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, што спецыялізуюцца на вытворчасці прадукцыі раслінаводства, пераможцам прызнана фермерская гаспадарка Васіля Барысевіча. Дыпломы Магілёўскага абласнога выканаўчага ка-мітэта і грашовыя прэміі фермерам уручыў старшыня аблвыканкама Пётр Руднік.
Сярод сяброў, што сабрала Александрыя, былі і работнікі сферы культуры раёна, але, як і заўсёды ў святы, яны забяспечвалі адпачываючым добры настрой. Глушчане разам са шклаўчанамі, хоцімцамі і краснапольцамі прадстаўлялі народную творчасць Магілёўшчыны ў “Гасцёўні Бульбаша”, усё, што тут праходзіла, датычылася, само сабою, бульбы. Так, работнікі Дакольскага і Дуброўскага сельскіх клубаў гатавалі і частавалі ўсіх дранікамі па-глуску, а да іх маласольнымі гурочкамі ды іншымі прысмакамі. Канешне, галоўнымі дзеючымі героямі сталі Купалінка, у вобразе якой выступала Алеся Гваздзярова, і Купаліш (Аляксандр Грабко). Яны разам з артыстамі народнага вакальнага ансамбля “Крынічанька” спявалі, танцавалі для шматлікіх гасцей свята, а яшчэ ўдзельнічалі ў розных конкурсах, прысвечаных, зноў жа, беларускай бульбе. Для кулінарнага, напрыклад, глушчане напяклі хрушчоў з бульбачкі, якой, як вядома, нідзе няма смачней за глускую, і частавалі журы і ўсіх жадаючых. Дарэчы, словы для прэзентацыі стравы напісала наша глуская паэтка Любоў Ляпко. У конкурсе на лепшы аб’ёмны тэатральны касцюм, які прадстаўляла Вікторыя Сініцына, глушчане заваявалі дыплом 1-й ступені. Свае вырабы на фестываль прывезлі майстры Заеліцкага Дома рамёстваў, а сям’я Аляксея і Соф’і Меснік паўдзельнічала ў вялікім конкурсе сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”, прычым даволі паспяхова: у намінацыі “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва “Сям’я-рукатворніца” (пякарскае майстэрства “Гасцінны каравай”)” яны занялі 2-е месца. Падчас свята нашы землякі змаглі абмяняцца творчым вопытам з расіянамі і нават “засвяціліся” на тэлеэкране.
Пабывалі ў Александрыі і прадстаўнікі Веснаўскага дома-інтэрната, прычым вярнуліся дадому не толькі з добрымі ўражаннямі, а і з грашовым ураджаем. Яны вазілі на александрыйскі кірмаш свае вырабы са сталярнай, ганчарнай і іншых майстэрань і прадалі каля 50 адзінак на агульную суму 8 мільёнаў 130 тысяч рублёў. Аб гэтым нам расказаў дырэктар інтэрната Вячаслаў Клімовіч, дадаўшы: “Думаю, што мае супрацоўнікі правялі час цікава, яны сустрэліся з даўнімі нашымі сябрамі, павучыліся ў іншых майстроў, вынеслі для сябе новыя ідэі”.
Адным словам, глушчане дастойна прадставілі сваю малую радзіму на высокім рэспубліканскім узроўні.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ