Темы

Няхай гарыць святло ў вокнах


Вёска Касарычы выцягнулася адной доўгай вуліцай ды раскінулася невялікім хутарам. Быў час, калі не было дзе хаты паставіць і людзі будаваліся каля ракі. Ад былога цяпер засталіся адны ўспаміны. Некалі вялікае, напоўненае людскім гоманам сяло пастарэла і з кожным годам паступова адмірае. У гэтым лёс Касарыч схожы з сотнямі іншых вёсак, і тут ужо нічога не зробіш. Але тыя з жыхароў, хто застаўся, не здаюцца і, пакуль будуць сілы, не збіраюцца пакідаць свае селі-шчы. Менавіта такіх аптымістычных бабуль мы сустрэлі падчас нашай паездкі. Яны па-старэчы расселіся на лаўцы, а каму не хапіла месца — на драўляным масточку і аб нечым нетаропка размаўлялі. Нам проста пашанцавала, што на пустэльнай вуліцы трапілася адразу столькі людзей. Значыць, будзе з кім і аб чым пагаварыць.

Пра цяперашні час і так усё зразумела, таму нашу гутарку направілі ў рэчышча мінулага. І вы б бачылі, як адразу ўсе ажывіліся, быццам скінулі з сябе гадкоў так пяцьдзясят. Спачатку разам з прыветлівымі жанчынамі мы прайшліся мысленна па вёсцы. Уявілі, як тут былі вялікая ўчастковая бальніца з аптэкай, бібліятэка, клуб, дзе ладзіла вясёлыя гулянні не толькі моладзь, але і дарослыя, васьмігадовая школа, пошта, магазін — месца не толькі пакупак, але і абмеркавання апошніх вясковых навін. Са шчымлівым жалем у душы ўспомнілі самае светлае і святое — царкву, якая стаяла побач з клубам. Цяпер пра набожнасць касарыцкіх жыхароў нагадвае стары, як і самі вяскоўцы, крыж. А потым субяседніцы паведалі гісторыю іх простага жыцця.

Перабіваючы адна адну,  успаміналі, як весяліліся. Як удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, актыўнымі кіраўнікамі якой былі браты Галамакі — Васіль і Міхаіл. З канцэртамі ездзілі ў Глуск і па раёне. І першай харысткай тады была Вольга Сцяпанаўна Багук. І тут жа бабулі пашкадавалі, што з канцэртам да іх болей ніхто не прыязджае. Гады два-тры таму былі самадзейныя артысты з Глуска і так хораша спявалі, што многія ім падпявалі, а некаторыя не ўтрымаліся і пайшлі ў скокі. Пад эмоцыі жанчынам і цяпер захацелася спяваць, і яны зацягнулі даўнейшую песню, ды такую, што душу кранула:

Ой, пайду я на ту гору,

Пагляджу на ту даліну.

Даліна шырока,

Каліна высока,

Аж галлё да долу гнецца.

 

Ой, пад тою ж каліною

Стаяў хлопец з дзяўчыною,

Дзяўчыначка плача,

Слёзы пралівае,

Сваю долю праклінае.

 

Ой, кабы я ж гэта знала,

Што замужам нядобра,

Расла б у сваёй маткі,

Расла б у свайго таткі,

Як каліна б расцвітала.

 

Ой, кабы я ж гэта знала,

Што замужам нядобра,

Расчасала б я косу русаньку

Ды й сядзела бы я дома.

І тут, пасля жаласлівай песні, адразу ж пераключыліся на мажорны лад — расказалі, як хадзілі калядаваць. Ды так падрабязна ўзгадалі той час, што мы быццам бы самі сталі сведкамі іх вясёлых шчодрыкаў. Перад намі была не проста Вольга Кузьмінічна  Якубенка ў вывернутым кажуху, а дураслівы “мядзведзь”, а Вера Гаўрылаўна Касько ў яркай квяцістай сукенцы — чым не цыганка! Яшчэ болей дабавілася каларыту, калі “мядзведзь” пад дружныя падба-дзёрванні сваіх сябровак прама на нашых вачах вазьмі ды перакуліся цераз галаву. І гэта ў 75 гадоў! Вось яно тое, што не дае жанчынам скарыцца неадступнай старасці, дапамагае падтрымліваць добры настрой. А чаму б і не. Нядаўна 86-гадовая Вольга Сцяпанаўна Багук вырашыла пачаставаць сябровак — у гонар Дня Перамогі купіла бутэльку кагору (ёй, як былому вязню фашысцкіх лагераў, напярэдадні далі грашовую дапамогу). На вуліцы і размясціліся ўпяцёх. Для жанчын, перажыўшых вайну, гэта была рэдкая ў іх цяперашнім жыцці нагода сабрацца вось так, разам, пасядзець, выпіць па кроплі салодкага віна, паўспамінаць, павесяліцца — песні паспяваць ды пад язык патанцаваць. А адзін з маладых кіраўнікоў, праязджаючы па вёсцы, убачыў іх імправізаваную бяседу і зрабіў заўвагу — маўляў, не паложана на вуліцы. Як жа крыўдна стала  бабулям, яны і нам расказвалі пра гэта ледзь не плачучы. Яно-то так, на вуліцы і праўда піць “не паложана”, але ж трэба правільна разумець сітуацыю — каму яны тут, у далёкай, аджыўшай свой век вёсцы пакажуць гэтым дрэнны прыклад? Па дамах жа яны і за доўгую зіму насядзеліся. Яму б павітацца з імі, ды слова добрае сказаць, ды павіншаваць з Перамогай, з тым, што вясну прычакалі (у іх узросце і за гэта дзякуй богу)…

Гэта цяпер яны танцуюць, радуюцца, а ў далёкім 1944-м малой Вольцы было не да радасці. У 11 гадоў яе разам з маці немцы загналі ў канцлагер у Польшчы, дзе было страшна і голадна, дзе дзялілі буханку хлеба на траіх — не на адзін раз паесці, а на некалькі. Успомніла вязніца, як жадныя былі да супу, калі там плаваў хоць маленькі кавалачак каніны. Не забыць ёй, як малых ганялі капаць акопы. Нават страшны тыф, на які хварэла, пакінуў шанц дзеўчаняці, і яна выжыла. Цяпер ёй не хочацца варушыць памяць і думаць пра былое. Таму і пра канцлагер расказала ў агульных рысах. Наогул Вольгу Сцяпанаўну сяброўкі вельмі паважаюць, бо яна самая старэйшая ў іх кампаніі. Менавіта ў яе хаце ўсе разам збіраюцца зімой на вячоркі, дзе не толькі спяваюць і скачуць, а і вяжуць з розных тканін палавічкі.

Мілыя і дабрадушныя, працавітыя і цярплівыя, зычлівыя і жыццярадасныя, мужныя і незласлівыя, стойкія і шчырыя — так і хочацца бясконца гаварыць самыя лепшыя эпітэты пра маіх субяседніц. Колькі ж вамі перажыта, колькі ж вамі перанесена на кволых дзіцячых плячах, пакуль вы сталі дарослымі. Колькі? Вы ведаеце цану не тое што кожнаму кавалачку хлеба, а кожнай яго крошцы. Хіба лёгка было вам з раніцы да вечара пад спякотным сонцам дапамагаць маці жаць жыта, а потым, калі поле было ўбрана, хадзіць і збіраць каласкі, сушыць іх, каб затым пячы хлеб? Для вас гэта было нешта святое. Не ведалі вы спакою, калі сталі дарослымі і павыходзілі замуж. У пасляваеннай вёсцы работы было, як кажуць, непачаты край. І вы рабілі, а яшчэ гадавалі дзяцей, і не аднаго-двух, а шасцярых, як у Вольгі Васільеўны Варанец — былой даяркі калгаса. А колькі хапіла ў жыцці Вользе Кузьмінічне Якубенцы, калі самой прыходзілася хадзіць за плугам. Мужык каня водзіць, а яна арэ, а потым яшчэ і на ферму свіней даглядаць спяшаецца. А колькі мяшкоў з мукою на сваіх плячах перанеслі Вера Гаўрылаўна Касько і Марыя Паўлаўна Малаковіч, адна на свінаферме, другая на цялятні-ку. Нястомныя касарыцкія працаўніцы, чыя брыгада была самай лепшай у калгасе, — у знак падзякі за работу гаспадарка за ўласныя сродкі пралажыла па вуліцы асфальт.

Жывуць у Касарычах простыя жанчыны, якія кожны дзень стараюцца напоўніць нечым добрым і цікавым. Ёсць тут і такія, пра якіх гавораць: “У яе хата — сапраўдны музей”. І праўду ж кажуць. Хто не верыць, можа завітаць у дом да Вольгі Мікалаеўны Лацэвіч. Пераступіўшы парог, адразу адчуваеш атмасферу ўтульнасці і цеплыні, якую стварылі пяшчотныя і нястомныя рукі. Паўсюдна: на падлозе, сценах, сталах, ложках — палавікі і дываны, абрусы і пакрывалы, звязаныя, вытканыя і вышытыя сваімі рукамі. І стварыла гэты цуд жанчына, якая ў дзяцінстве перанесла цяжкую хваробу і засталася інвалідам, а цяпер жыве адна. “Бачыць свет вакол сябе ў яркіх фарбах мяне навучыла маці, — кажа Вольга Мікалаеўна. — Наша сям’я жыла небагата, таму, каб хата выглядала не горш за іншыя, самім прыходзі-лася і вязаць, і ткаць,і вышываць. Многія з рэчаў засталіся на памяць ад маці, якая таксама займалася рукадзеллем, а я прадаўжаю яе справу. Не паверыце, не магу ні дня пражыць, каб што-небудзь не вязаць. Для мяне гэта адпачынак, выратаванне душы, так я магу развеяцца. Хадзіць куды-небудзь мне цяжка, вось я і баўлю вольны час. Мне не сумна, я ж не адна, а маю занятак, ды і вяскоўцы не забываюць, дзякуй ім, навяшчаюць”.

Для шчасця жанчынам з Касарыч многа не трэба. Такія людзі, як яны — з  багатым унутраным светам і аптымізмам у душы, — ніколі не стануць наракаць на лёс. Яны проста жывуць і радуюцца жыццю. А калі якія хваробы стануць данімаць — таксама не бядуюць, бо ў іх ёсць свая доктарка, якую ведаюць больш за сорак гадоў. З таго часу, калі ў вёску прыехала маладая тады медсястра Аляксандра Іванаўна Сысой. Яна і цяпер, хоць даўно ўжо няма бальніцы і сама на пенсіі, застаецца для ўсіх першай дарадчыцай і памагатай у плане здароўя. Бо яна па-ранейшаму дабрадзейная і душэўная — сапраўдная касарыцкая жанчына.

 

Вёска Касарычы. Пакуль што ў бліжэйшы час яна не згіне як населены пункт. Там жывуць людзі. А Вольга Васільеўна Варанец нават марыць, што сюды прыедуць жыць яе дзеці. Няхай сабе як на дачы, але ёй хочацца, каб хата не пуставала. Не сумняваемся, што ўпотайкі так думае кожны жыхар. І нам таксама вельмі хочацца, каб у вокнах  тых застаўшыхся 29 дамоў, у якіх жывуць 21 жанчына і 14 мужчын, яшчэ доўга гарэла святло.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024