Темы

Нельга забыць

 

 

— Вайну помню, добра помню, — гаворыць Марыя Рыгораўна Беразоўская. — Я ж 1929 года нараджэння. І жыла ўвесь час у Глуску, аж да тае пары, пакуль не паехала вучыцца. Па накіраванні працавала на Случчыне ў школе настаўніцай матэматыкі больш за дваццаць год. А потым пераехала на радзіму і вучыла дзяцей у Слаўкавіцкай школе. Нашыя ўсе пакаленні жылі ў Глуску. Род наш вельмі даўні… А жыла я на вуліцы Акцябрскай, колісь гэта была вуліца Поблінская. Побач стаялі хаты двух братоў. У адной з іх і жыла наша сям’я. Гэтыя хаты і зараз яшчэ стаяць, але вельмі старыя. Агарод быў свой, сотак з 80 зямлі. Доўгі і вузкі. Цягнуўся да самага лясгаса. Садзілі гародніну, бульбу, зерне сеялі… Мелі сваю гаспадарку: карову, гусі, куры, свінні…

 

Касцёл
Помню, перад вайною ўсе хадзілі ў парк і слухалі рупар, ды і пагаворваюць паміж сабою: мусіць, будзе вайна. Прадказвалі людзі вайну. А нейкі стары чалавек, што таксама тут слухаў рупар, дый кажа: “Пакуль касцёл не згарэў, стаіць, вайны не будзе”. З дзеда гэтага пасмяяліся. А напрыканцы вайны касцёл згарэў, страха згарэла, і ўсё ўнутры выгарала, а вось сцены ўцалелі — бо былі з цэглы. Касцёл знаходзіўся якраз на тэрыторыі прамысловага прадпрыемства “Спатры”, і ў ім складвалі сухую стружку, яна і загарэлася. А яшчэ, крыху раней, калі касцёл закрывалі для вернікаў і ўсё амаль знічтожылі, то высока ўверсе — а касцёл быў вельмі высокі — заставалася вісець ікона Божае Маці. Яе прапанавалі зняць добраахвотнікам, грошы абяцалі за гэта. Ніхто не хацеў лезці. А потым знайшліся два чалавекі, але яны не далезлі да гэтай іконы. Адразу адзін, пазней крыху другі — зваліліся і разбіліся. А ікона так і засталася вісець.

Хлеб: жыццё і смерць
Жылі мы, як у Глуску кажуць, на “слабадзе”. З нашым агародам побач была тэрыторыя хлебазавода. Гэта якраз тое месца, дзе ў савецкі час знаходзіўся плодаагароднінны завод, для яго аднялі частку нашага агарода. На тэрыторыі гэтага былога завода яшчэ і зараз стаіць драўляны будынак, які перавезлі з панскай сядзібы вёскі Зарэчча і пабудавалі тут з яго пякарню. А непадалёк ад гэтага будынка стаяла будка-прахадная. Як пачалася вайна, раённае начальства некуды з’ехала. Немцы ж прыйшлі не адразу, а праз некалькі дзён. А вось пякарня працавала, хлеб пяклі і прадавалі самі рабочыя праз акенца прахадной. У магазіны хлеб не вазілі. Чарга за хлебам кожны дзень была вельмі-вельмі доўгая: ад хлебазавода па вуліцы Касарыцкай, гэта зараз Максіма Горкага, і заварочвала на Акцябрскую, амаль да нашай хаты. І вось у адзін з дзён над гэтай чаргой праляцеў нямецкі самалёт, і ўсе чулі, як нешта пачало бразгаць аб дарогу (а дарога была выкладзена камнем). А людзі стаялі, галовы ўверх пазадзіралі і з цікаўнасцю глядзелі на самалёт. І толькі, як ён зляцеў, да ўсіх дайшло, што самалёт страляў па чарзе, бо ўбачылі, што на дарозе ляжаць кулі. Але ніхто з чаргі не пастрадаў.

Немцы
А потым панаехалі немцы. Багата іх было, на машынах, на матацыклах. У двары хлебазавода ўсю ноч палілі вогнішчы, нешта гарлапанілі па-свойму. А ўранні пайшлі па дварах. Забралі кабанчыкаў, цялят, курэй і “матка,яйка” патрабавалі. Карову аставілі, не забралі. Потым яшчэ прыходзілі і патрабавалі цукар. “Калі знайду, то будзе “пу”, — паказвалі. Гаварылі яны на сваёй мове, але неяк усё было панятна. Перавярнулі ў хаце ўсё ўверх дном, але цукар не знайшлі. Яго ў нас і не было. Вось так мне запомніўся прыход немцаў у Глуск.

Крыжыкі супраць бальшавікоў
У вайну моладзь забіралі ў Германію. Прысылалі павесткі. Але па іх ніхто не з’яўляўся ў патрэбны час на месца. Маладыя людзі хаваліся хто дзе мог, сходзілі з дому. Бывала такое, што моладзь збіралася на танцы ў якой-небудзь хаце, немцы рабілі аблаву на гэтую хату, усіх забіралі і адпраўлялі ў Германію.
У гады вайны немцы застаўлялі людзей падпісвацца на крыжыкі. Казалі: “Калі верыш у Бога, падпішыся”. Хто падпісваўся, давалі крыжык. А верылі ў Бога амаль усе. Адразу ўсе і пачалі падпісвацца, але потым пайшла пагалоска, што падпісацца на крыжыкі — гэта значыць падпісацца супраць бальшавізму. І людзі пачалі любым чынам пазбягаць гэтых подпісаў. Калі сям’я ведала, што да іх сёння прыйдуць за подпісамі, вешалі замок на хату і хаваліся альбо сходзілі куды-небудзь, каб толькі не падпісацца. А вось тым, хто працаваў, было горш. Прыйшлі на працу і падпісвалі гэты ліст, а што там у загалоўку, ніхто не чытаў. Не падпішаш — расстраляем! І падпісвалі…
Так свой подпіс паставіў за крыжык і Грыша Стальмашок (наша радня), за што яго пасля вайны асудзілі на 10 год і саслалі ў Варкуту. Але крыху пазней знайшліся і дакументы, і людзі, якія пацвердзілі, што ён дапамагаў партызанам. Справа ў тым, што ён працаваў аб’ездчыкам у лясгасе і меў магчымасць раз’язджаць на кані па вёсках. А ў Глуску ў гэты час працаваў доктар-хірург. І з якой бы хваробай да яго ні прыйшлі, ён усім выразаў апендыцыт, кажучы, што пасля аперацыі немцы нікуды не забяруць, бо ты — хворы. І вось гэтага доктара Грыша Стальмашок вывез да партызан. Вось разабраліся, і Грышу адпусцілі дадому.

Расстрэлы
У вайну забілі фельчара Забродскага. Яму з Мінска нехта перадаваў медыкаменты, а ён іх ужо перадаваў партызанам. Дык вось, казалі, у Мінску арыштавалі гэтага чалавека, а потым выйшлі ўжо і на Глуск. Забродскага расстралялі, яго жонку і дачку-прыгажуню. Яна была ў нашай рускай школе піянерважатай, я яе ведала.
Старасту Глуска расстралялі — Шулякоўскага. Ён ім мала і быў, мо нядзелю, мо дзве. Гаварылі, за сувязь з партызанамі, была нейкая правакацыя.
На тым месцы, дзе зараз кінатэатр “Арыён”, стаялі ў рад некалькі дамоў. У адным з іх, які меў назву “амерыканка”, жыў Падольскі з дачкою. Выйшаў гэты Падольскі з хаты, толькі спусціўся з ганак, яго і застрэлілі. А пасля таго ў хаце гэтай пачаў кватараваць святар. Усе яго звалі “нямецкі поп”. Вёў ён у школе прадмет “Закон Божы”, на рускай мове. І па-нямецку размаўляў. Ён часта хадзіў да Грышы Стальмашка. І ўсе ў Глуску пагаворвалі тады, што гэта савецкі разведчык. Дачка Падольскага з’ехала разам з ім з Глуска. І вось пазней, калі Грыша вяртаўся з Варкуты праз Маскву, то ўбачыў гэтага чалавека ў натоўпе, праз вуліцу. Але пакуль ён падбег цераз дарогу, каб убачыцца і папытаць, што ён тут робіць, гэты чалавек некуды знік.
Помню, забілі нашага суседа, яўрэя. Сям’я яго перад прыходам немцаў з’ехала ў вёску, хавацца, а гаспадар застаўся, хаваўся дома. Але неяк ён выглянуў з хаты, немцы яго і ўбачылі: “Юда”, схапілі, доўга здзекаваліся, а потым расстралялі. Вярнуліся дадому родныя, пахавалі гаспадара. Ад’ехалі яны тады недалёка, не паспелі. А потым ужо іх таксама расстралялі, на гары.
Яшчэ да вайны ў парку працаваў ахоўнікам яўрэй па прозвішчы Файтул, глядзеў за парадкам. Калі з’явіліся ў Глуску немцы, то сваімі машынамі яны паламалі плот у парку, заехалі ў яго і пачалі высякаць дрэвы. Ламаюць голле, закрываюць ім свае машыны, каб менш было іх відно. Файтул, а казалі, чалавек ён быў вельмі просты, да немцаў: “Няправільна гэта, непарадак, нельга так рабіць”. Яго тут жа і забілі, у парку і закапаны быў, а ўжо пасля вайны перазахавалі.

Дзеці
Бачыла, везлі немцы з сяла на вазу дзяцей. Казалі людзі, што з іх немцы высмоктвалі кроў для сваіх патрэб. Каля парку была нейкая нямецкая ўправа. Дык вось адсюль гэтых дзетак апасля, вельмі знясіленых, забіралі глушчане. Яны шкадавалі іх. Пасля вайны некаторых забралі ў дзіцячы дом, а іншыя так і пагадаваліся ў сем’ях. Тады казалі, што і ў глускіх дзяцей у хуткім часе будуць браць кроў. Але, мабыць, не паспелі.

Школа
У гады вайны штаб нямецкі і іх шпіталь знаходзіліся там, дзе зараз санаторная школа, па вуліцы Кірава. Перад вайной тут пабудавалі вельмі прыгожую вялікую беларускую сталінскую дзесяцігодку. Размяшчалася яна ў некалькіх будынках. Хадзіла я вучыцца ў гэтую школу толькі ўвосень і вясну. Далека хадзіць было са “слабады”. Зімою маразы вялікія, холадна. Адзецца трэба было ў цёплае, чаго не вельмі хапала, вось усю зіму і была дома. А ў 1940 годзе закрылі яўрэйскую школу, якая стаяла насупраць парку, на тым месцы, дзе зараз танцпляцоўка, і на яе базе ў 1941 годзе адкрылі рускую школу. Дзеці ў школе былі тыя ж, яўрэйскія, толькі дабавілі туды рускіх. І вось бацькі перавялі мяне вучыцца ў гэтую блізкую школу. Былі два пятыя класы. На дзвярах, помню, віселі спісы, хто ў які клас пойдзе, каб адразу ведалі і не блыталіся. Вучылі ўсіх на рускай мове. А дырэктар застаўся той жа, што быў і ў яўрэйскай школе. У гады вайны гэта школа працавала. Я ў гэту школу хадзіла адзін год зіму і другі год мо з месяцаў два — 6-ы і 7-ы клас. А ўрокі вялі нашыя настаўнікі.

Віселіца
Цераз парк была відна віселіца, яна была каля амбулаторыі. Пару раз бачыла, як там віселі людзі, пасля гэтага нават баялася паглядзець у той бок. Мы, усе дзеці, баяліся, і ўсе слабадскія хадзілі дадому не па вуліцы, а праз школьны двор, цераз вал — напрамкі. Было вельмі страшна.

Перакладчыца
У вайну ў немцаў працавала пераводчыцай настаўніца нямецкай мовы са школы. У памочнікі яна сабе набрала дзяўчат, вучаніц сваіх, якіх вучыла з 5 класа, і яны ведалі нямецкую мову. Гэта настаўніца, казалі, звязана з партызанамі была, а прозвішча яе Аторына, паведамляла і жыхарам, калі што дзе будзе. Дзяўчаты, што працавалі з ёй, таксама дапамагалі сваім. Ды і самі мяшчане — гэта такія людзі, якія нічога не бачылі, не чулі, не ведалі, што робіцца ў суседа. Ведалі толькі сваё, свой двор. Гэта заўжды быў як бы негалосны закон для мяшчан.

Акопы
Нас, маладых, ганялі капаць акопы, гэта было ўжо перад вызваленнем. Акопы капалі, дзе зараз хлебазавод, тут тады з гэтага боку быў канец Глуска, далей поле, аж да лесу; а дзе зараз аўтастанцыя — на гэтым месцы колісь былі яўрэйскія могілкі, дык вось за імі і капалі. Да 16 год не павінны былі ганяць на акопы, а мне прыйшла павестка, і я не хацела ісці. А мая мама схадзіла да пераводчыцы Насці Краўчанкі і папытала, што рабіць, і тая сказала, што хадзіць лепш на акопы, чым могуць пагнаць у Германію.
З намі на акопы хадзіў немец у акулярах і камандаваў. Моладзі было багата, адразу рабілі пераклічку, а потым ужо ішлі капаць. Акопы апляталі лазой, а пясок з акопа кідалі так, каб чорны быў наверсе, а жоўты паднізам. Я неяк задумалася і кінула жоўтага зверху некалькі лапат, а тут якраз прыехаў нейкі нямецкі начальнік і як убачыў, што жоўты пясок наверсе, пачаў крычаць на мяне, што нельга так рабіць, выхапіў лапату з рук і скінуў увесь жоўты пясок у акоп назад. Ён быў такі злы, я думала, што ён мяне застрэліць. Вельмі страшна было.
Капаць акопы ніхто не стараўся. Ды і таго старога немца не вельмі слухалі, хоць ён і падганяў. На гэтыя акопы нас ганялі дзесьці каля двух месяцаў. Аднойчы ўранні сабраліся ўсе на месца, каб ісці капаць гэтыя акопы, а стары немец да нас не прыйшоў. Ідзе нейкі мужчына ды і кажа: “Немцы за ноч зматаліся, разбягайцеся хто куды”. Мы ўсе і пабеглі дадому, напрамкі, цераз канаву. А я вельмі баялася прыгаць праз яе, але прыгнула, пакаўзнулася, упала каля берага ў ваду ды яшчэ дапамагла адной дзяўчыне, звалі яе ўсе “ўкраінкай”, вылезці з гэтай канавы.

Вызваленне
Помню, нашы наступалі, а немцы запалілі Глуск. Непадалёк ад нас, бліжэй да пажарнай, адзін немец наматаў нейкую трапку на палку і запаліў некалькі хат. Тады згарэла чатыры хаты, а пятую патушылі. Пазней казалі, што бачылі гэтага немца забітым каля хлебазавода.
У вайну дык мы хаваліся то ў падполлі ў хаце, то ў агародзе: там была выкапана яма, дык у ёй. А як нашы наступалі, мы ўсе пахаваліся ў бульбу, яна была ўжо вялікая. Страляніна вакол, баяліся вельмі. А потым бацька запрэг коніка, усе селі на воз і з’ехалі ў лес. Там мы і ўбачылі нашых салдат. Вярнуліся дадому і ўзрадаваліся, асабліва мама, бо хата засталася цэлая, толькі вокны былі павыбіваныя.
Ішлі нашы з боку Бярозаўкі. А немцы ўцякалі ў бок Дасціжэння. Дык вось, з боку Дасціжэння немцы таксама запалілі, ад яўрэйскіх могілак і пайшоў гарэць Глуск, вецер моцны быў і якраз дуў у гэты бок. І ўсё выгарала, аж да турмы, гэта зараз цагляны будынак на вуглу Пушкінскай і Жыжкевіча, насупраць тэлеграфа. Згарэла і драўляная царква. Зараз на яе месцы стаіць раённы Дом культуры. На дзіва, у гэтым палаючым пекле засталіся цэлымі дзве хаты: матушкі святара — Ляхаў (гэты дом і зараз ёсць на вуліцы Луначарскага) і вялікі барак насупраць. Ён і зараз стаіць побач з аграпрамбанкам. Казалі, што матушка паспела абысці з іконай і малітвай толькі гэтыя дзве хаты, вось яны і ўцалелі, а так усё выгарала — ад аўтастанцыі і да парка ўсё было пуста, спалена. Гэта ўжо пасля вайны забудавалася.
А яшчэ, калі Глуск аслабанялі, немца гналі, то нашыя і стрэлілі па касцёле, бо там у вайну немцы трымалі свой дазор. Касцёл стаяў на высокім месцы, адтуль ім было ўсё відно вельмі далёка. І вось нашы гэты іх дазорны пункт і знічтожылі. Кірпіч разляцеўся з касцёла вельмі далёка, нават у гародах нашай Поблінскай вуліцы ляжалі кірпічыны. Яны былі крышку меншыя за тыя, што зараз робяць, і быў двайны, злеплены паміж сабою па некалькі штук так моцна, што раз’яднаць было немагчыма.
Забітых сваіх немцы ў вайну хавалі на могілках, зараз побач з імі музычная школа. У вуглу справа ў канцы могілак было два рады невялікіх роўных крыжыкаў, мо штук 10. Гэта мы бачылі пасля вайны, калі хадзілі па вулачцы ў сад яблыкі збіраць. А потым іх праз нейкі час не стала. Дзе дзеліся, хто яго ведае. А вось дзе помнік Воінскай Славы, каля могілак стаялі немцы, а да вайны тут быў базар.

Хай будзе ўсё добра…
Вельмі страшна было ў вайну. Баяліся хадзіць па вуліцы, баяліся далёка адысці ад хаты. Я ўвесь час была дома, нікуды не хадзіла. Дапамагала па гаспадарцы. Адным словам, вайна — гэта страшна, боязна кожны дзень. Не ведаеш, што цябе чакае заўтра.
Як пайшла на пенсію, пераехала жыць у Глуск. Жыву адна. Ва ўсіх хатніх справах дапамагаюць родныя, якія жывуць і зараз там жа, на вуліцы Акцябрскай. Бывае, на дзень разоў і два, і тры прыязджаюць. Рэгулярна сацыяльны работнік наведвае. А вось агарод даглядаю сама, — з задорнай іскрынкай у вачах кажа Марыя Рыгораўна (а агарод і сапраўды чысценькі, выпаланы, усюды парадак — І.К.). — Сын мой у Кіеве, — напрыканцы размовы задумліва прамовіла жанчына, — хай будзе ўсё добра…
Запісала Іна КІРЫНА

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024