З блакнотам па раёне. Вёска Розлевічы

Сказаць, што вёска Розлевічы некалі была буйным асяродкам сельскага жыцця, мабыць, нельга. Але лепшыя часы гэтая вёска ўсё-такі ведала. І гэта не дзіўна, бо вядома яна аж з XVII стагоддзя, у розныя часы належала розным гаспадарам: была прыватным уладаннем князя Радзівіла (у складзе Кольчыцкага войтаўства маёнтка Глуск Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага); потым яе арандаваў Станіслаў Вейняловіч; у канцы XVIII стагоддзя яна ўжо ўваходзіць у Бабруйскі павет Расійскай імперыі і належыць графу Юдыцкаму. У 1847 годзе тут усяго 6 двароў, у якіх пражывае 31 чалавек, вёска з’яўляецца цэнтрам маёнтка і ўласнасцю Райкевіча. Апрача земляробства, яе жыхары займаліся пчалярствам. Дарэчы, пчаліныя вуллі мы і зараз бачылі на адным з селішчаў. Найбольш населенай вёска Розлевічы была ў 1917 годзе — тут у 16 дварах было 108 жыхароў — уявіце сабе, якія вялікія сем’і тады былі ў сяльчан!
У гады савецкай улады амаль у кожнай вёсцы быў свой калгас, быў ён і ў Розлевічах, называўся “Чырвоная Беларусь” і аб’ядноўваў 29 гаспадарак, тады ж, у 1931 годзе, тут для шматлікай вясковай дзетвары адкрылася пачатковая школа.
У пасляваенны час людзі, перажыўшы фашысцкую навалу, пачалі адбудоўвацца і абжывацца. Зноў людна стала на вясковых вуліцах, шумна ў дварах. Было тут больш за тры дзясяткі падвор’яў, і ў кожным гаспадарка, ды немалая, абавязкова карова была, а то і не адна, зноў жа свінства, чароды гусей, качак ды куры з галасістымі пеўнямі… Вуліца аж стракацела ад пер’я і чырвоных птушыных грабянёў. Агароды ўсе засаджаны, побач з імі або насупраць — участкі буракоў, бульбы, зерневых, усё даглядалася руплівымі рукамі розлевіцкіх гаспадынь, траву за вёскай касілі жывёле, а на выгане яе з’ядаў вясковы статак, так што сённяшніх зараснікаў і знаку не было. Тут жа і рэчка недалёка — любата ды раздолле для сельскай дзетвары. Дзе яно ўсё дзелася — і тое былое раздолле, і тая колішняя дзетвара?..
Пра ўсё гэта сёння з ціхім шкадаваннем узгадваюць нешматлікія мясцовыя жыхары. З даўніх і пастаянна пражываючых тут вяскоўцаў усяго тры сям’і засталіся: Сяргей Рыгоравіч і Ніна Яфімаўна Тонкія, Дзмітрый Аляксеевіч і Ганна Рыгораўна Ляпко, Васіль Сцяпанавіч і Яўгенія Пятроўна Пуліновіч. Добра, што ўсе па парах жывуць, дык весялей ім і днём па двары тупаць, і вечарам тэлевізар паглядзець, газету пачытаць. Між іншым, “раёнку” таксама выпісваюць, а калі што не так, то і пазвоняць, і заўвагу зробяць або наадварот — падзякуюць за што — нераўнадушныя людзі, добра, што ёсць такія сярод нашых падпісчыкаў.
Што ж да мінулага вёскі, то яшчэ адной прыкметай ранейшага вясковага жыцця з’яўляюцца калодзежы. Як узгадвае Сяргей Рыгоравіч Тонкі (на здымку), былі яны і ў дварах, і на вуліцы, а паадыходзілі ў нябыт гаспадары — параскідваліся, пазасыпаліся ды павысыхалі калодзежы. За сваім Сяргей Рыгоравіч добра глядзіць, і каб чысты быў, і каб “журавель” добра хадзіў, таму і вада там дагэтуль смачная — нап’ешся, дык, здаецца, паздаравееш.
Аднак жа дзеля справядлівасці трэба сказаць, што жылых селішчаў мы і зараз налічылі тут больш за тры, але гэта ўжо дачнікі. Такая катэгорыя народанасельніцтва ёсць ва ўсіх вёсках, у Розлевічах таксама. Ім мясцовыя старажылы вельмі рады, бо людзі ж гэта не чужыя — свае. На бацькоўскія сядзібы прыязджаюць іх дзеці з гарадоў і амаль усё лета гаспадараць, не даюць зусім зарасці сваім селішчам, апусцець розлевіцкім вуліцам.
Дарэчы, пра вуліцы, дакладней, пра вуліцу (яна тут усяго адна) і завулак. Як расказала нам Яўгенія Пятроўна Пуліновіч, яны бываюць такімі ціхімі і пустыннымі, што часам і звер лясны прабяжыць.
— Сядзім з дзедам на лаўцы, — расказвае жанчына, — а па вуліцы ліса бяжыць, паглядзела на нас — і далей пашыбавала як ні ў чым не бывала. А што, звярам тут раздолле — лес, за ім кукуруза, а тут ужо і вёска наша. Адна жыхарка (яна-то з Глуска, ды завяла вялікае хазяйства, дык жыве зараз і даглядае яго тут) трымае багата гусей, вось ліса ў іх і панадзілася, ужо багата шкоды жанчыне нарабіла. І няма з гэтай звяругай ніякага зладу — не баіцца нічога, мо, шалёная якая.
— Тамара, суседка наша, — далучаецца да размовы Васіль Сцяпанавіч, — знайшла сцяжынку ў кукурузе, па якой ліса на яе падвор’е бегае, дык я параіў у кавалачак сала прыладзіць кручок рыбацкі і кінуць там, ліса з’есць яго і бегаць сюды забудзе…
Вось такія размовы, такія навіны, такое жыццё зараз у Розлевічах. Былі яны дзве суседкі — вёскі Розлевічы і Рылавічы, аднак некалі больш ажыўленыя Рылавічы апусцелі хутчэй і па дакументах сельскага Савета перасталі лічыцца асобнай вёскай, а злучыліся з Розлевічамі. Былі яны на тэрыторыі Бярозаўскага сельсавета, а цяпер у складзе Каткаўскага. У 18 домаўладаннях зарэгістравана 23 чалавекі (6 працаздольных і 17 пенсіянераў), менавіта зарэгістраваны, а насамрэч пражывае менш людзей, бо шмат каго забіраюць да сябе дзеці. Ажывае вясковая вуліца, калі прыязджае аўтамагазін. Тады на лаўцы каля дома № 13, гэта дом сацыяльных паслуг, збіраецца амаль усё наяўнае розлевіцкае насельніцтва, пакуль чакаюць магазін, дык і нагаворацца ўволю — і пра надвор’е, і пра дзяцей, абмяркуюць тэлевізійныя навіны, узгадаюць мінулае. Так і жывуць — ціха, нетаропка, у згодзе з законамі жыцця і самімі сабою.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА