Темы

Аўтэнтычныя бабулькі

Аўтэнтычныя бабулькі

Сярод прыгожых краявідаў, лясоў, непадалёк ад блакітнага возера размясцілася невялікая вёска Ольніца, тут жывуць вельмі цікавыя людзі. Усё жыццё яны працавалі не пакладаючы рук, каб іх дзецям і ўнукам жылося крышачку лягчэй. Але якая ж праца, ды і ўвогуле, якое жыццё без песень? А іх ведаюць у вёсцы шмат! Як распавядаюць мясцовыя жыхары, у былыя часы, асабліва на святы, усёй вёскай збіраліся на вуліцы і спявалі песні.

Каля 15 гадоў назад загадчыца Дуброўскага клуба Галіна Графава арганізавала фальклорны гурток, які з цягам часу ператварыўся ў самабытны самадзейны калектыў пад назвай “Аўтэнтычныя бабулькі”. Зараз у яго ўваходзяць дзве жыхаркі Ольніцы Вера Дарафееўна Балкіс і Вольга Гаўрылаўна Кашко. На жаль, не так даўно пайшла з жыцця яшчэ адна ўдзельніца — Папкоўская Марыя Андрэеўна. За доўгі час існавання калектыву таксама прымалі ўдзел у яго дзейнасці Шчэрба Марыя Пракопаўна, Алі-фер Ядзвіга Гаўрылаўна, якіх таксама ўжо няма. На некаторых вялікіх мерапрыемствах калектыў дапаўняюць і жыхары вёскі Дуброва — актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дзяшчэня Уладзімір Міхайлавіч, Шчэрба Ніна Васільеўна, Барысевіч Марыя Прохараўна, Пракопчык Людміла Іванаўна, Пракопчык Марыя Дарафееўна.

Многа дзе паездзілі “Аўтэнтычныя бабулькі” з канцэртамі — Любань, Бабруйск, Старыя Дарогі, Мінск, Клічаў… Удзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і фестывалях, заваёўвалі Ганаровыя граматы і дыпломы. Двойчы спявалі ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, удзельнічалі ў фольк-мадэрн фестывалі “Таўкачыкі на Каляды”, які праходзіў у канцэртнай зале “Мінск”, у абласным фестывалі сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”, што праводзіцца ў Глуску, там яны атрымалі гран-пры, і ў фальклорным фестывалі ў Клічаве, дзе былі ўзнагароджаны дыпломам за адраджэнне і захаванне нацыянальных традыцый.

У 2011 годзе рэжысёр, даследчык фальклору Юрый Выдронак прыязджаў у вёску з этнаграфічнай экспедыцыяй. Здымалі калядныя абрады — пелі песні, ездзілі на санях па вёсцы, вадзілі “казу” і “мядзведзя”. Пасля гэтага спявачак запрасілі ў Мінск.

— Вельмі спадабалася нам выступаць у Мінску, — расказвае Вольга Гаўрылаўна Кашко. — Пелі народныя вясельныя песні, каравайныя, калядныя. Двойчы спявалі ў філармоніі, нават на біс нас выклікалі! Адносіліся там да нас з вялікай павагай! На канцэрт прыйшлі нашы дзеці і ўнукі (у Вольгі Гаўрылаўны дачка, трое ўнукаў і чатыры праўнукі, а ў Веры Дарафееўны трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і два праўнукі — аўт.). Выступалі ў канцэртнай зале “Мінск” — прадстаўлялі калядны абрад. Цікава было не толькі гледачам, але і нам — пераапраналіся ў “казу”, скакалі па сцэне. Мы ж бабулькі з гумарам!

І сапраўды, увесь час нашай размовы спявачкі жартавалі, асабліва Вера Дарафееўна. Вось што яна кажа:

— Каб мы не пелі песень ды не адносіліся да ўсяго з гумарам, ужо, напэўна, даўно б прапалі. А так жыць лягчэй і весялей. Напрыклад, аднойчы пайшлі з Вольгай Гаўрылаўнай па грыбы. Нешта не беглі грыбочкі нам у кошык. Селі на абочыне лясной дарогі ды й запелі нашы любімыя песні.

Пасадзіла я каліну

У мілога пад акном,

Яе марна палівала,

Сонца песціла цяплом.

Падрасла мая каліна,

Падрасла і расцвіла,

А я, бедная дзяўчына,

Нібы ў моры без вясла…

Жыццё ў Вольгі Гаўрылаўны і Веры Дарафееўны было і сапраўды несалодкае — і ў вайну, на якую прыйшлося дзяцінства, і пасля. Не закончылі нават пачатковай школы, бо трэба было дапамагаць бацькам.

— Нам у школу і надзець не было чаго, —  расказвае Вера Дарафееўна. — Маці спляце бярозавыя лапцікі, а я сама аборкі зраблю і іду зімою ў такім абутку ў школу. У каго бацька быў ды мог пашыць маршчакі (абутак з сукна, які атрымаў такую назву з-за таго, што тканіна моршчылася; дарэчы, гэта слова мы пачулі ад ольніцкіх бабуль упершыню — аўт.), ногі ў тых дзяцей былі сушэйшыя. А мой бацька загінуў пад Варшавай у 1944 годзе. У 13 гадоў я пайшла працаваць — стружку пляла ў арцелі “КІМ”. Вельмі баялася, што мяне, як непаўналетнюю, могуць скараціць. Я старалася з усіх дзіцячых  сіл, і мне дазволілі працаваць. Як я радавалася, што ў мяне будзе свая капейка і маме будзе лягчэй!

Пра сваё жыццё распавяла нам і Вольга Гаўрылаўна:

— Мне было пяць гадоў, калі пачалася вайна, але цэпкая дзіцячая памяць захавала шмат момантаў з таго часу. Памятаю, як прыходзілі да нас ноччу партызаны, як мама давала ім ежу. А назаўтра пра гэта дазналі-ся фашысты. Ніколі не забуду, як яны білі маю маму! (Вольга Гаўрылаўна на гэтых словах не вытрымала і заплакала — аўт.). Добра памятаю калоны салдат-чырвонаармейцаў, якія ішлі па нашай вёсцы ў 44-м го-дзе, прасілі піць. Бабуля частавала іх цыбуляй з зялёным пер’ем, таму што болей не было чым. Цяжка было… Мама гадавала нас з сястрою адна, бацьку перад вайной рэпрэсіравалі, адбыў у зняволенні 13 гадоў і, вярнуўшыся, доўга не пражыў. Мы ж маладыя былі, гуляць хацелася, песні пець. Вось так гуляеш да трох-чатырох гадзін ночы, а ўранку мама будзіць на працу — не хочацца, а трэба.

Ва ўсе цяжкія хвіліны свайго жыцця гэтыя жанчыны звяртаюцца да песень. І ведаюць яны іх столькі, што і за дзень не перапець! На пытанне, як фарміраваўся рэпертуар, жанчыны адказалі проста: слухалі, запаміналі, пераймалі. Некаторыя песні бацькі пераказалі. Раней у Ольніцу на пакроўскі кірмаш прыязджала шмат людзей з усіх куточкаў. Тут табе і песні, і танцы былі.

Цікава прайшоў час нашай гутаркі з Вольгай Гаўрылаўнай і Верай Дарафееўнай. Яны аказаліся не толькі выдатнымі спявачкамі, а і цікавымі суразмоўцамі. Шкадуюць жанчыны, што ўзрост ужо не дазваляе часта і далёка ездзіць выступаць, але калі пазавуць, то “збяромся хуценька”, кажуць нашы бабулечкі. Бо ў душы яны такія ж маладыя, смяшлівыя дзяўчаты, як і раней, у юнацтве.

Хочацца пажадаць калектыву “Аўтэнтычныя бабулькі” і іх мастацкаму кіраўніку Галіне Графавай моцнага здароўя, творчага росту. І вялікі дзякуй ім за захаванне ўнікальных прыгожых беларускіх песень.

Вольга САЛАВЕЙ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

АПК

Корманарыхтоўка — адказны этап

12 мая 2025
Читать новость
Общество

Статистический обзор ко Дню семьи

12 мая 2025
Читать новость
Власть

Активизироваться в экономике. Лукашенко о главной задаче в сотрудничестве с Вьетнамом

12 мая 2025
Читать новость
Происшествия

В деревне Городок сгорел жилой дом

12 мая 2025
Читать новость
Актуально

Не станьте жертвой телефонных мошенников

12 мая 2025
Читать новость
Власть

День Победы в двух столицах, откровенные заявления, марафон встреч и музей народных достижений. Итоги недели Президента

12 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем