Сярод прыгожых краявідаў, лясоў, непадалёк ад блакітнага возера размясцілася невялікая вёска Ольніца, тут жывуць вельмі цікавыя людзі. Усё жыццё яны працавалі не пакладаючы рук, каб іх дзецям і ўнукам жылося крышачку лягчэй. Але якая ж праца, ды і ўвогуле, якое жыццё без песень? А іх ведаюць у вёсцы шмат! Як распавядаюць мясцовыя жыхары, у былыя часы, асабліва на святы, усёй вёскай збіраліся на вуліцы і спявалі песні.
Каля 15 гадоў назад загадчыца Дуброўскага клуба Галіна Графава арганізавала фальклорны гурток, які з цягам часу ператварыўся ў самабытны самадзейны калектыў пад назвай “Аўтэнтычныя бабулькі”. Зараз у яго ўваходзяць дзве жыхаркі Ольніцы Вера Дарафееўна Балкіс і Вольга Гаўрылаўна Кашко. На жаль, не так даўно пайшла з жыцця яшчэ адна ўдзельніца — Папкоўская Марыя Андрэеўна. За доўгі час існавання калектыву таксама прымалі ўдзел у яго дзейнасці Шчэрба Марыя Пракопаўна, Алі-фер Ядзвіга Гаўрылаўна, якіх таксама ўжо няма. На некаторых вялікіх мерапрыемствах калектыў дапаўняюць і жыхары вёскі Дуброва — актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дзяшчэня Уладзімір Міхайлавіч, Шчэрба Ніна Васільеўна, Барысевіч Марыя Прохараўна, Пракопчык Людміла Іванаўна, Пракопчык Марыя Дарафееўна.
Многа дзе паездзілі “Аўтэнтычныя бабулькі” з канцэртамі — Любань, Бабруйск, Старыя Дарогі, Мінск, Клічаў… Удзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і фестывалях, заваёўвалі Ганаровыя граматы і дыпломы. Двойчы спявалі ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, удзельнічалі ў фольк-мадэрн фестывалі “Таўкачыкі на Каляды”, які праходзіў у канцэртнай зале “Мінск”, у абласным фестывалі сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”, што праводзіцца ў Глуску, там яны атрымалі гран-пры, і ў фальклорным фестывалі ў Клічаве, дзе былі ўзнагароджаны дыпломам за адраджэнне і захаванне нацыянальных традыцый.
У 2011 годзе рэжысёр, даследчык фальклору Юрый Выдронак прыязджаў у вёску з этнаграфічнай экспедыцыяй. Здымалі калядныя абрады — пелі песні, ездзілі на санях па вёсцы, вадзілі “казу” і “мядзведзя”. Пасля гэтага спявачак запрасілі ў Мінск.
— Вельмі спадабалася нам выступаць у Мінску, — расказвае Вольга Гаўрылаўна Кашко. — Пелі народныя вясельныя песні, каравайныя, калядныя. Двойчы спявалі ў філармоніі, нават на біс нас выклікалі! Адносіліся там да нас з вялікай павагай! На канцэрт прыйшлі нашы дзеці і ўнукі (у Вольгі Гаўрылаўны дачка, трое ўнукаў і чатыры праўнукі, а ў Веры Дарафееўны трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і два праўнукі — аўт.). Выступалі ў канцэртнай зале “Мінск” — прадстаўлялі калядны абрад. Цікава было не толькі гледачам, але і нам — пераапраналіся ў “казу”, скакалі па сцэне. Мы ж бабулькі з гумарам!
І сапраўды, увесь час нашай размовы спявачкі жартавалі, асабліва Вера Дарафееўна. Вось што яна кажа:
— Каб мы не пелі песень ды не адносіліся да ўсяго з гумарам, ужо, напэўна, даўно б прапалі. А так жыць лягчэй і весялей. Напрыклад, аднойчы пайшлі з Вольгай Гаўрылаўнай па грыбы. Нешта не беглі грыбочкі нам у кошык. Селі на абочыне лясной дарогі ды й запелі нашы любімыя песні.
Пасадзіла я каліну
У мілога пад акном,
Яе марна палівала,
Сонца песціла цяплом.
Падрасла мая каліна,
Падрасла і расцвіла,
А я, бедная дзяўчына,
Нібы ў моры без вясла…
Жыццё ў Вольгі Гаўрылаўны і Веры Дарафееўны было і сапраўды несалодкае — і ў вайну, на якую прыйшлося дзяцінства, і пасля. Не закончылі нават пачатковай школы, бо трэба было дапамагаць бацькам.
— Нам у школу і надзець не было чаго, — расказвае Вера Дарафееўна. — Маці спляце бярозавыя лапцікі, а я сама аборкі зраблю і іду зімою ў такім абутку ў школу. У каго бацька быў ды мог пашыць маршчакі (абутак з сукна, які атрымаў такую назву з-за таго, што тканіна моршчылася; дарэчы, гэта слова мы пачулі ад ольніцкіх бабуль упершыню — аўт.), ногі ў тых дзяцей былі сушэйшыя. А мой бацька загінуў пад Варшавай у 1944 годзе. У 13 гадоў я пайшла працаваць — стружку пляла ў арцелі “КІМ”. Вельмі баялася, што мяне, як непаўналетнюю, могуць скараціць. Я старалася з усіх дзіцячых сіл, і мне дазволілі працаваць. Як я радавалася, што ў мяне будзе свая капейка і маме будзе лягчэй!
Пра сваё жыццё распавяла нам і Вольга Гаўрылаўна:
— Мне было пяць гадоў, калі пачалася вайна, але цэпкая дзіцячая памяць захавала шмат момантаў з таго часу. Памятаю, як прыходзілі да нас ноччу партызаны, як мама давала ім ежу. А назаўтра пра гэта дазналі-ся фашысты. Ніколі не забуду, як яны білі маю маму! (Вольга Гаўрылаўна на гэтых словах не вытрымала і заплакала — аўт.). Добра памятаю калоны салдат-чырвонаармейцаў, якія ішлі па нашай вёсцы ў 44-м го-дзе, прасілі піць. Бабуля частавала іх цыбуляй з зялёным пер’ем, таму што болей не было чым. Цяжка было… Мама гадавала нас з сястрою адна, бацьку перад вайной рэпрэсіравалі, адбыў у зняволенні 13 гадоў і, вярнуўшыся, доўга не пражыў. Мы ж маладыя былі, гуляць хацелася, песні пець. Вось так гуляеш да трох-чатырох гадзін ночы, а ўранку мама будзіць на працу — не хочацца, а трэба.
Ва ўсе цяжкія хвіліны свайго жыцця гэтыя жанчыны звяртаюцца да песень. І ведаюць яны іх столькі, што і за дзень не перапець! На пытанне, як фарміраваўся рэпертуар, жанчыны адказалі проста: слухалі, запаміналі, пераймалі. Некаторыя песні бацькі пераказалі. Раней у Ольніцу на пакроўскі кірмаш прыязджала шмат людзей з усіх куточкаў. Тут табе і песні, і танцы былі.
Цікава прайшоў час нашай гутаркі з Вольгай Гаўрылаўнай і Верай Дарафееўнай. Яны аказаліся не толькі выдатнымі спявачкамі, а і цікавымі суразмоўцамі. Шкадуюць жанчыны, што ўзрост ужо не дазваляе часта і далёка ездзіць выступаць, але калі пазавуць, то “збяромся хуценька”, кажуць нашы бабулечкі. Бо ў душы яны такія ж маладыя, смяшлівыя дзяўчаты, як і раней, у юнацтве.
Хочацца пажадаць калектыву “Аўтэнтычныя бабулькі” і іх мастацкаму кіраўніку Галіне Графавай моцнага здароўя, творчага росту. І вялікі дзякуй ім за захаванне ўнікальных прыгожых беларускіх песень.
Вольга САЛАВЕЙ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА