Шчодрым, вясёлым і масавым абяцае быць раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014”, якое пройдзе на базе СВК “Калгас “Зара” ў наступную пятніцу, 12 верасня. У 10 гадзін у аграгарадку Катка збяруцца спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый раёна, усе ўдзельнікі жніва на чале са сваімі кіраўнікамі. Таксама чакаецца прыезд шматлікіх гасцей. Праграма свята насычана разнастайнымі мерапрыемствамі: гэта і выстава вырабаў майстроў народнай творчасці, і канцэрт мастацкай самадзейнасці, і забаўляльная праграма для дзяцей, і дэманстрацыя калекцый адзення Цэнтра творчасці, і спартыўныя спаборніцтвы. Асаблівы каларыт усяму нададуць сялянскія падвор’і, якія павінна арганізаваць кожная гаспадарка раёна. Сваю лепту ў агульную скарбонку весялосці ўнясе і раённы камітэт БРСМ, які правядзе конкурс “Уладар сяла” з удзелам маладых сем’яў з дзецьмі. Таксама падчас мерапрыемства будзе арганізаваны гандлёвы кірмаш з таварамі на любы густ. Словам, будзе што паслухаць і на што паглядзець. Катка запрашае ўсіх жадаючых на вялікае свята хлебаробаў.
В. ЧУЧВАЛ