У раённага гісторыка-краязнаўчага музея свая шыльда з афіцыйнай назвай гэтай дзяржаўнай установы і адзнакай аб яе прыналежнасці да Міністэрства культуры была і раней — як жа без гэтага?
Аднак размяшчалася яна каля самага ўваходу ў музей, таму прачытаць назву ўстановы можна было толькі блізка падышоўшы (музейныя работнікі расказвалі, што некалькі разоў прыезджыя заходзілі да іх, шукаючы магазін, дык даводзілася перанакіроў-ваць цераз дарогу). Цяпер усё добра бачна здалёк: гэты прыгожы банер (палатно прамавугольнай формы інфармацыйнага або рэкламнага зместу — аўт.) зрабілі і падарылі мясцоваму музею глушчане — Аляксандр Кульба, Аляксандр Гулевіч, Генадзь і Лідзія Пастушонак, Ларыса Вашчанкава, Юрый Шуманскі і Вячаслаў Захарынскі. Чаму яны так вырашылі? Проста захацелі, каб наш музей, гэты асяродак культуры і гістарычнай памяці, прыцягваў да сябе погляды людзей.
Мы і насамрэч заўсёды некуды бяжым, спяшаемся, а спыніцца, азірнуцца, агледзецца і тым больш зайсці сюды быццам і не маем часу. Ды мабыць, няпраўда гэта — знайшлі б, каб захацелі, і паўгадзіны, і гадзіну. Штосьці мне падказвае, што ёсць яшчэ глушчане, якія не былі ў раённым музеі ні разу. У нас жа так: не бачу, то быццам і не ведаю. Можа, гэты з густам аформлены надпіс прыцягне да сябе і нашы позіркі, і нашу ўвагу, а там і жаданне зайсці ў ціхія музейныя залы з’явіцца. Будзем спадзявацца на гэта. А тым, хто прыдумаў так зрабіць, — вялікае дзякуй.
Т. ЛУГАВАЯ