Темы

Без бульбы — нікуды!

Беларуская кухня фарміравалася цягам многіх стагоддзяў. Яе своеасаблівасць вызначалася кліматычнымі ўмовамі і геаграфічным становішчам. За сваю гісторыю наша краіна выпрабавала на сабе ўплыў розных культур: усходняй, заходняй, прыбалтыйскай, мусульманскай, яўрэйскай.

Шырока вядомыя далёка за межамі Беларусі дранікі, калдуны, бабка… Але на гэтым пералік нацыянальных страў не заканчваецца, бо ёсць яшчэ верашчака, бігус, жур, капыткі, цыбрыкі, дзьмухаўцы…

Зараз  беларусы ўсё больш цікавяцца сваёй нацыянальнай кухняй. Яна таксама, як і мова, культура, з’яўляецца візітнай карткай краіны і прываблівае турыстаў.  

Апытанне падпісчыкаў групы газеты “Радзіма” “Вконтакте” выявіла, што самыя любімыя сярод іх стравы беларускай кухні — дранікі, бабка і калдуны. Паважаюць таксама нашы чытачы наліснікі і камакі.

Дзеля таго каб карціна была больш поўнай, мы пацікавіліся ў глушчан, якія нацыянальныя стравы ім знаёмы і што яны гатуюць дома?

— Я ведаю шмат беларускіх і нашых мясцовых глускіх страў, — расказвае Вольга. — Нешта раблю зараз сама, а некаторыя гатавала яшчэ мая бабуля. Напрыклад, запякаю свіную рульку ў духоўцы (а раней у печы запякалі), гатую бабку, дранікі, зацірку, юшку, патраўку (страва накшталт рагу з агародніны і курынага мяса і вантробаў, падкалочаная мукою — аўт.). Калісьці бабуля вельмі смачна гатавала вантрабянку, гарбузянку, нават рабіла лапшу. Ёсць забытая страва, можна сказаць, ласунак — гомалкі: з клінковага сыру ляпілі катлеткі, салілі і потым высушвалі іх у печы. Буракі бабуля запякала з цыбуляй, маслам і ўсё гэта залівала смятанай, змешанай з мукой. Гатавалі і яўрэйскія стравы, напрыклад, тэйдлах — гэта дэсерт з макам і мёдам.

Яшчэ адна наша чытачка Ганна таксама ўспомніла пра гомалкі.

— Гэта смак дзяцінства, — кажа Ганна. — Яшчэ калісьці гатавалі грыбны квас. У мясны булён дадавалі бульбу, размочаныя сушаныя грыбы, крыху расолу з гуркоў і ўсё гэта ставілі ў печ. У нашых умовах, магчыма, згадзіцца і духоўка. Было вельмі смачна. Зараз, вядома ж, у нашай сям’і любяць бабку, дранікі, камакі.

— Я таксама, як і большасць беларусаў, — гаворыць Таццяна, — гатую ўсім вядомыя і любімыя беларускія стравы. А вось кулінарны ўспамін з дзяцінства — калядная куцця. Бабуля на ноч замачвала сухія грыбы, потом іх варыла, а ў канцы дадавала шаткаваную кіслую капусту. Усё гэта астуджалася і падавалася з пярловай кашай. Смаката! 

Як бачым, не забываюць глушчане сваю нацыянальную і нават мясцовую кухню. А вось каб разнастаіць ваша, паважаныя чытачы, меню, прапануем рэцэпты некаторых беларускіх страў.

Капыткі

 Бульба — 1 кілаграм, цыбуля — 3 штукі, мука — 3 ст. лыжкі, соль, перац чорны.

Гатаванне

Бульбу вымыць, ачысціць і нацерці на дробнай тарцы. Цыбулю таксама ачысціць і нацерці на дробнай тарцы. Перамяшаць бульбу з цыбуляй, злёгку адціснуць, каб прыбраць лішні сок, пасаліць, паперчыць і дадаць муку.

Бульбяную масу раскатаць на стале і нажом парэзаць на квадрацікі прыкладна 3 на 3 сантыметры. Перакласці на змазаную алеем бляху. Запякаць да румянай скарыначкі пры тэмпературы 180 градусаў. Гатовыя капыткі трэба адварваць 15 хвілін у кіпячай падсоленай вадзе. Падаваць з абсмажанай да залацістага колеру цыбуляй.

Запечаная бульба – «скрылькi»

Бульба — 12  штук,  свініна ці ялавічына — 300 грамаў, цыбуля — 4 штукі, сыракваша — 1/2  шклянкі, лаўровы ліст, кроп, соль.

Гатаванне

Ачышчаную і вымытую бульбу нарэзаць вялікімі кружочкамі, паскладаць пластамі ў гаршчок для запякання, пераклаўшы тонкімі лустачкамі свежага мяса. Дадаць дробна нарэзаную цыбулю, соль, кроп, лаўровы ліст, крыху вады, сыраквашу і тушыць у духоўцы прыкладна 50 хвілін. Гатовую страву пасыпаць зелянінай. Асобна падаць салёныя агуркі і чорны хлеб.

Смачна есці!

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Последние новости

АПК

Корманарыхтоўка — адказны этап

12 мая 2025
Читать новость
Общество

Статистический обзор ко Дню семьи

12 мая 2025
Читать новость
Власть

Активизироваться в экономике. Лукашенко о главной задаче в сотрудничестве с Вьетнамом

12 мая 2025
Читать новость
Происшествия

В деревне Городок сгорел жилой дом

12 мая 2025
Читать новость
Актуально

Не станьте жертвой телефонных мошенников

12 мая 2025
Читать новость
Власть

День Победы в двух столицах, откровенные заявления, марафон встреч и музей народных достижений. Итоги недели Президента

12 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем