• Главная
  • О газете
  • Контакты
  • Реклама
  • Фотогалерея
    • 2016 год
    • 2015 год
    • 2014 год
    • 2017 год
    • 2018 год
    • 2019 год
    • 2020 год
    • 2021 год
    • 2022 год
Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска

Чалавек мацнейшы за абставіны

Вторник, 4.11.2014 19:00. Category: Общество    

У позірку адкрытых чыстых вачэй Марыі Пятроўны Сурмы, што жыве ў Глуску, столькі цеплыні і пяшчоты, што міжволі ловіш сябе на думцы: няўжо перад табой тая самая жанчына, якую 53 гады таму спасціг бядачы лёс, калі ў адзін момант пазбавілася кісці левай рукі.

— Мне тады было ўсяго 28 гадоў, —  успамінае Марыя Пятроўна. — Працавала я ў каўбасным цэху райспажыўсаюза. І так здарылася, што мая рука трапіла ў нажы мясарэзкі, на якой не было ніякіх засцерагальных канструкцый. І цяпер мяне агортвае жах, як успомню той момант. Самае страшнае, што ўратаваць кісць не было магчымасці. Усё здарылася за нейкія пару секунд. Потым была бальніца, і як прысуд — ты інвалід. Няшчасны выпадак паставіў мяжу ў маім жыцці: да і пасля. У мінулым засталіся гады сямейнага шчасця, а наперадзе толькі пытанне без адказу: як яно будзе далей? Свякроў адкрыта гаварыла, што такая калека яе сыну не патрэбна. Як маці, яна хвалявалася за сваё дзіця і не магла супакоіцца, як гэта жонка адной рукой зможа і есці зварыць, і прыбраць, і малую дагледзець (у сям’і падрастала шасцігадовая дзяўчынка — аўт.), не гаворачы ўжо пра мыццё бялізны і шыццё. Я не крыўдзілася на свякроў і вырашыла сама пагаварыць з мужам. Проста так і сказала, што не трымаю яго і не пакрыўджуся, калі ён мяне пакіне. На што мой Іван коратка адказаў: “Каб я больш не чуў такіх размоў”. На тым тэма нашага магчымага расставання была закрыта.

Наперадзе Марыю чакала новае жыццё. Цяпер яна, інвалід другой групы, усе свае сілы, усю энергію павінна аддаваць сям’і. Паступова прызвычаілася рабіць усё. Нават гаспадарку даглядала. Магла і свіней пакарміць, і казу падаіць. Успом-ніла маладая гаспадыня і пра свае любімыя заняткі — вышыванне і вязанне кручком — і вырашыла, што ў яе абавязкова ўсё атрымаецца.

— Я не хацела адчуваць сябе інвалідам,  — працягвае нашу размову Марыя Пятроўна. — Што гэта за жыццё, калі цябе шкадуюць, лішні раз аберагаюць ад клопатаў. Мне хацелася, каб мае блізкія людзі бачылі ўва мне моцную асобу. Як я радавалася ў душы і ганарылася сабой, калі ў мяне ўсё атрымалася. Вышыванне крыжыкам і вязанне кручком лішні раз надалі ўпэўненасці ў сваіх сілах, і я адчула сябе паўнацэнным чалавекам.

Прайшлі гады, вырасла дачка Валянціна, выгадаваліся трое ўнукаў, падрастае пяцёра праўнукаў. Насуперак усялякім выпрабаванням, якія выпалі на яе лёс, з Марыяй Пятроўнай вось ужо больш 60 гадоў побач ідзе яе верны спадарожнік па жыцці муж Іван Фёдаравіч. І падчас нашага прыезду да гэтай сям’і гаспадыня гасцінна запрасіла нас у хату і найперш, як клапатлівая жонка, стала расказваць пра мужа. Як ён усё жыццё адпрацаваў у сістэме райспажыўсаюза, паказала яго асабістую справу, шматлікія граматы і падзякі за работу. Адна з іх звязана з прысваеннем звання “Заслужаны ветэран працы калектыву”. “Сваёй шматгадовай і плённай працай, багатым практычным вопытам Вы ўнеслі значны ўклад у развіццё і ўдасканаленне спажывецкай кааперацыі раёна, за што здабылі павагу пайшчыкаў і ўсіх кааператараў раёна”, — гаворыцца ў віншавальным тэксце. Было відаць, што жанчына шчыра радуецца за свайго мужа, ганарыцца яго працоўнымі заслугамі. Не выключана, што дзесьці там, у глыбіні яе душы, жыве патаемная думка, што і яна вось так магла б атрымліваць граматы і падзякі, не будзь таго выпадку.

Тым часам наша субяседніца працягвае:

— Увесь час, пакуль мой Іван працаваў, разам з ім пражывала кожны яго рабочы дзень і я. Ён — гэта я. Таму тое, што ён заслужыў за работу, наша агульная радасць.

Дарэчы, слова “радасць” з вуснаў гэтай чуллівай,  разважлівай жанчыны падчас размовы гучала не раз. Яна радуецца, што мае такую дружную сям’ю, радуецца, што яшчэ можа штосьці зрабіць для сваіх блізкіх, і наогул радуецца, што проста жыве на свеце.  Абаяльная, велікадушная, ветлівая, добрасардэчная, клапатлівая — станоўчыя эпітэты пра  Марыю Пятроўну можна пісаць бясконца. Такой яна нам паказалася  пасля нашага знаёмства, так пра яе гавораць у сям’і. Яе шануюць усе — дзеці, унукі, праўнукі. Чаму сказала “дзеці” ў множным ліку, калі мае толькі адну дачку? Ды не, для яе і зяць, як родны сын. Менавіта ён ва ўсіх самых лепшых фарбах расказаў пра сваю цешчу. Значыць, паважае і любіць.

— Дзеці на мяне іншы раз крычаць, каб нічога не рабіла, — працягвае сваю размову Марыя Пятроўна. — А як яно, без работы, зусім, як кажуць, заржавееш. Пакуль рухаешся — значыць жывеш. Я вось хоць і не магу хадзіць, з табурэткай перамяшчаюся па хаце і па двары, усё роўна, калі дзеці не бачаць, стараюся заглянуць у агарод, каб прапалоць градкі. Я ж не калека нейкая там. Не забываю і свой любімы занятак для душы. Цяжка падлічыць, колькі ўсяго вышыла і звязала. Адных толькі вялікіх абрусаў восем штук, а невялікіх сурвэтак — не пералічыць. Шмат чаго падарыла дзецям і ўнукам, нешта пакінула і сабе.

Напрыканцы мы папрасілі Марыю Пятроўну паказаць, як яна вяжа. “Дзед, дзе мая трэцяя рука? — усміхаючыся, сказала жанчына. — А вось яна, знайшла, зараз павяжу”. Праз хвіліну кукса была ўжо моцна абматана шырокай рызінкай, у якую быў устаўлены вязальны кручок. Трэба было бачыць, як па-майстэрску запрацавалі яе рукі і літаральна на вачах вырас ланцужок будучай сурвэткі. Вось гэта быў сапраўдны майстар-клас не зломленай лёсам жанчыны.

 Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

« Пока не выпал снег
Будзе час для святкавання »
  • Год мира и созидания
  • Падпіска 2023
  • Оплата услуг редакции через ЕРИП
  • Реклама

  • Версия для слабовидящих
  • Мы в соцсетях





  • Рубрики
    • Актуально (1 118)
    • АПК (404)
    • Беларусь помнит (156)
    • Власть (473)
    • Гісторыя Глушчыны (136)
    • Год мира и созидания (10)
    • Духовность (177)
    • Есть вопрос? Есть ответ! (82)
    • Как выписать газету (2)
    • Калейдоскоп (62)
    • Культура (319)
    • Общество (5 120)
    • Происшествия (398)
    • Реклама (0)
    • РОЧС информирует (42)
    • Спорт (358)
    • Творческие проекты (202)
    • Тема недели "БелТА" (59)
    • Четыре стороны света (4)
    • Экономика (407)
  • Баннеры
  • Архив газеты
  • Погода в Глуске
    Глуск
  • Яндекс.Метрика
Тема предоставлена Web 2.0 News.
© 2023 Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска  Все права защищены.
Сайт Президента Республики Беларусь Глусский районный исполнительный комитет
Top