Храмавае свята ў Гарадку

Шмат паломнікаў з’ехалася на юбілейнае прастольнае свята ў храм святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна, што ў сяле Гарадок Глускага раёна: 14 лістапада тут адзначалася 200-годдзе мясцовай царквы. Святочнае набажэнства правёў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім у саслужэнні з клірам епархіі.
Адносна невялікі драўляны храм ледзь змог умясціць усіх прыхаджан і паломнікаў. Звычайна, калі хочуць сказаць, што было вельмі мнагалюдна, кажуць: яблыку не было дзе ўпасці, а тут да месца будзе заўважыць, што ў храме не было дзе свечкі паставіць — столькі прыйшло і прыехала сюды веруючых, каб саборна, гэта значыць разам, узнесці свае малітвы Богу. Тут і падзяка, што праз стагоддзі і выпрабаванні Ён захаваў гэты храм, храм, дзе многіх з нас хрысцілі, дзе за сябе і за нас, а яшчэ за тое, каб прыйшлі лепшыя часы, маліліся нашы бабулі і дзядулі. Тут і гарачыя просьбы аб зберажэнні міру на нашай Богахаванай зямлі, аб дараванні міру і спакою нашым сэрцам, мірнага і бязгрэшнага жыцця і хлеба надзённага нам і нашым блізкім. Служба была наколькі прыгожай — ад святочных убораў іерэяў і дыяканаў, ад надзвычай зладжаных малітоўных спеваў царкоўнага хору, — настолькі глыбокай па сваім духоўным змесце, па агульнай малітве клірыкаў і міран. Шмат хто падрыхтаваў сябе да прыняцця святой Прычасці — да Чашы падыходзілі мужчыны і жанчыны, старыя, моладзь, дзеці — каб злучыцца з Богам і адзін з адным. Пасля літургіі ўсе прайшлі хрэсным ходам вакол храма, міма магіл з крыжамі, дзе пахаваны гарадкоўскія святары.
Зараз настаяцелем Касма-Даміянаўскай царквы з’яўляецца іераманах Аляксандр, у Гарадку айцец Аляксандр служыць з 2000 года. За гэты час будынак храма быў істотна падрамантаваны, галоўныя зробленыя тут работы — гэта рамонт купала і даху, які быў пашкоджаны яшчэ ў вайну, а ў гады савецкай улады пра выдзяленне спецыяльнай тэхнікі і спецыялістаў для правядзення работ на даху храма не магло ісці і гаворкі.
— Неабходныя ўмацаванні тут былі зроблены толькі ў 2004 го-дзе, — расказвае айцец Аляксандр, — калі свае намаганні аб’ядналі народны ўмелец Анісім Пятровіч Баярка і УКП “Жылкамгас” у асобе яго дырэктара Гена-дзя Селівестравіча Шуміна. Была задзейнічана неабходная тэхніка, зроблены патрэбныя работы, і храм быў літаральна выратаваны.
Ужо апошнім часам на самім будынку і на тэрыторыі праводзіўся толькі касметычны рамонт. Вось і адносна нядаўна рамонт царкоўнай агароджы, ухіленне дэфектаў унутры і звонку храма былі зроблены з дапамогай спецыялістаў мясцовай ПМК-249. Таму ў ліку тых, хто атрымаў архіерэйскія граматы ў благаславенне за дбайныя клопаты на славу Святой Царквы, быў і дырэктар гэтай будаўнічай арганізацыі Віктар Кісялевіч — цырымонія ўзнагароджання прайшла пасля святочнай літургіі ў гонар 200-го-ддзя храма.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота С. РУДЗІНСКАГА