Темы

Як на Глушчыне Каляды святкавалі

Як на Глушчыне Каляды святкавалі

Праваслаўныя вернікі 6 студзеня сустракаюць Каляду, пасля чаго на два тыдні наступае пара адпачынку і забаў. Мае асабістыя ўспаміны з дзяцінства аб калядаванні — гэта размаляваныя, пераапранутыя ў жывёл альбо цыган людзі, якія прыходзілі да нас у хату, спявалі і танцавалі (пры тым што ў савецкі час усялякія праявы рэлігійнасці былі забаронены). А таксама я вельмі добра памятаю калядную песню, якую пелі для нас з сястрой мама і бабуля.

У наш час аднаўляецца цікавасць да калядных песень і абрадаў.  Усё больш дзяцей, моладзі ходзіць калядаваць, але, на жаль, не ўсе добра ведаюць традыцыйныя песні і абрады. Каб даведацца больш, я звярнулася да ўдзельнікаў фальклорнага ансамбля Дуброўскага сельскага клуба Марыі Прохараўны Барысевіч, Людмілы Іванаўны Пракопчык, Ніны Васільеўны Шчэрбы, Марыі Прохараўны Шчэрбы, Марыі Дарафееўны Пракопчык, Уладзіміра Міхайлавіча Дзяшчэні і загадчыцы клуба Галіны Графавай.

— Вельмі добра, што моладзь цікавіцца нашымі старажытнымі абрадамі, песнямі, — пачынаюць расказ удзельніцы ансамбля. — Мы вельмі любім Калядкі. Калісьці нашыя бацькі хадзілі ў шчодрыкі, і мы з дзяцінства бачылі калядныя абрады, чулі і завучвалі песні. У той час вяскоўцы вельмі старанна рыхтаваліся да святкаў — прыбіралі ў хаце (вычысціць нефарбаваную драўляную падлогу, лаўкі і заслоны да жоўтага колеру было вельмі складана),  насыпалі ў сеннікі свежай саломы, бялілі печ і сцены. А яшчэ рабілі з саломы павука і вешалі пад столлю сярод хаты. Жанчыны стараліся да Калядаў зрабіць як мага болей работы, бо ад Раства да Хрышчэння ўсе вечары святыя і шыць, вязаць, ткаць няможна было. Увечары 6 студзеня гатавалі посную куццю — варылі кашу з ячменю і квас з сухіх грыбоў, расолу і крышаных салёных агуркоў. Пасля вячэры посуд і ежу са стала не прыбіралі — пакідалі ўсё “дзядам”. На першы дзень Каляд у хаце на куце ставілі сноп жыта, які стаяў два тыдні, а пасля Хрышчэння яго спальвалі. Мы, малыя, бегалі глядзець, як у каго гарыць. Вядома ж, гатавалі і ставілі на калядны стол самыя лепшыя і смачныя стравы — мяса, каўбасы, крывянку… Чакалі гасцей. На працягу двух тыдняў дзяўчыны варажылі на суджанага. Напрыклад, маці пякла бліны.  Дзяўчына, паклаўшы аднаго бліна за пазуху,  бегла да суседзяў. Калі гаспадыня скажа “прайдзі”—   пойдзеш замуж у гэтым годзе, а  калі скажа “сядай” — прыйдзецца пачакаць.

На Шчадруху пераапраналіся, вадзілі “казу”, “мядзведзя” (гэта асаблівасць Дубровы, яго амаль нідзе не водзяць), “жураўля”, “рэшата” (на мужчыну апраналі спадніцу, падымалі яе і завязвалі над галавой).

Мы і зараз таксама ходзім калядаваць. Запрагаем коніка, упрыгожваем яго і едзем па сваёй вёсцы. У ранейшыя гады  і ў суседнюю Ольніцу абавязкова зазірнём — тады шмат людзей было ў вёсках, не тое што цяпер. Заходзім у двор і пытаем у гаспадара дазволу пагуляць ды паспяваць. Калі ідзём у хату, то абавязкова гаспадарам падносім хлеб на ручніку. Песні калядныя пелі асобна для дзяўчыны і для хлопца. Вось мы зараз праспяваем для маладога хлопца:

Ой, марозы трашчаць, а вароты рыпяць.

Святы вечар добрым людзям!

Да чаму ж у цябе, Ванька, ды кажушка няма?

 Святы вечар добрым людзям!

А нашто ж мне кажушок, калі ў мяне дзевачка?

Святы вечар добрым людзям!

А яна спацее да й мяне сагрэе.

Святы вечар добрым людзям…

Гуляем з “мядзведзем” — мы гаворым спецыяльныя словы, а “мядзведзь” усё паказвае. Напрыклад, “мішка, пакажы, як ты на паншчыну ідзеш” — жывёлі-нка наша ледзь ногі перастаўляе. “Мішка, а як ты з паншчыны дадому вяртаешся” — тут “мядзведзік” ужо хутка бяжыць, ну і гэтак далей.  Для “казы” асобная песня ёсць. Напрыканцы зычым гаспадарам зда-роўя, дабрабыту, а нам ужо даюць хто што можа — сала, каўбасы, гарэлку, грошы (мы іх адносім у царкву). У асноўным людзі добра ставяцца да калядоўшчыкаў, спецыяльна клічуць да сябе, асабліва моладзь.

— Наш фальклорны ансамбль, — расказвае загадчыца Дуброўскага клуба Галіна Графава, — з каляднай праграмай ездзіў нават у Мінск выступаць, а па вёсцы мы кожны год калядуем і сёлета парадуем вяскоўцаў.

Кожная вёска Глускага раёна мае свае асаблівасці ў абрадах, песнях. Я звярнулася да Анастасіі Сямёнаўны Жарнаклёвай, каб яна расказала, як у Балашэвічах раней святкавалі Каляды.

— Вельмі весела было ў вёсцы ў гэты час, — распавядае Анастасія Сямёнаўна. — Раней Новы год так урачыста, як цяпер, не адзначалі. Самым галоўным святам было Нараджэнне Хрыстова, хоць і забаранялі ў савецкі час усё, што звязана было з рэлігіяй. Наша мама ўвечары перад Калядамі не пускала нас гуляць. Гатавала посную куццю, грыбны квас, кампот з сухіх яблыкаў ды груш, пякла маленькія посныя, але пышныя блінчыкі. На стол ставіла рэшата, якое высцілала сенам, а зверху клала акрайчык хлеба і прыпявала:

Прыехала Каляда ўвечара, увечара

Ды прывезла ігрушак рэшата, рэшата.

Паставіла ігрушкі на стаўпе, на стаўпе,

Сама села Каляда на куце, на куце

Ды ў чырвоным кабаце, кабаце.

Ешце, дзеткі, ігрушкі, ігрушкі,

На ўсе калядкі гулюшкі, гулюшкі.

Абавязкова мама выпякала к Калядам свежы ржаны хлеб. Ужо 7 студзеня ішла ў царкву ў Глуск, а потым прыгожа накрывала святочны, багаты (наколькі можна было) стол. Бацьку давала пляшачку свойскага віна. На другі дзень хадзілі ў госці да суседзяў, да кумаў, спявалі песні. Увогуле, гэта быў час, калі сяляне маглі крыху адпачыць ад сваёй цяжкай працы. Яркі ўспамін з дзяцінства — вялікія сумёты заўсёды на Каляды. Снегу было столькі, што ён закрываў нават вокны нашай маленькай хаткі.

На Шчадруху, 13 студзеня, чакалі да сябе калядоўшчыкаў. Мама казала, што тых гаспадароў, у чыю хату яны заходзілі, у гэтым годзе чакаюць здароўе, шчасце і дабрабыт. Для хлопца яны спявалі такую песню:

На рацэ, на рацэ да на быстрай вадзе,

Святы вечар добрым людзям!

Ой, там плавае руціян чаўночак,

Святы вечар добрым людзям!

А ў том чаўночку малады Сярожка,

Святы вечар добрым людзям!

Ён стружкі стружа ды на рэку пускае,

Святы вечар добрым людзям!

Да плывіце, стружачкі, да мае дзевачкі,

Святы вечар добрым людзям…

А вось дзяўчыне спявалі такую песню:

Красна, красна ды каліна ў лузе,

Святы вечар добрым людзям!

Найкраснейшая да Марыйка ў мамкі,

Святы вечар добрым людзям!

Па дварэ хадзіла ды ўвесь двор красіла.

Святы вечар добрым людзям…

Грошай не было, таму давалі шчодрыкам нешта з прадуктаў. А мы, дзеці, бегалі калядаваць да нашага суседа, які разводзіў пчол, і пелі яму адмысловую  песню:

Ой, у пана Івана, у пана маладога на дварэ, ой, на дварэ

Да стаіць явар тонкі, высокі, сашлі ж вам,

Ой, сашлі ж вам Госпадзі з вернага-янга ды ў ваш двор (паўтараецца пасля кожнага радка).

На том явары тры карыстачкі, сашлі ж вам,

Первая карысць  — ярыя пчолкі, сашлі ж вам,

Другая карысць — ясень саболю, сашлі ж вам,

Трэцяя карысць — чорныя куны, сашлі ж вам,

Ярыя пчолкі Богу на хвалу, сашлі ж вам…

Напярэдадні Хрышчэння, 18 студзеня, была посная “вадзяная” куцця. А ўжо 19 студзеня ішлі ў царкву, зноў накрывалі багаты стол. На Хрышчэнне па хатах са звяздой хадзілі толькі мужчыны, пелі рэлі-гійныя песні. Так гулялі да 21 студзеня. Гэты дзень называецца Розыгры, і ім заканчваюцца Калядкі.  Маці выносіла на двор рэшата, што ўвесь час стаяла на стале, сыпала з яго курам зерне і спявала:

Упала ігрушка дадолу, дадолу,

Паехала Каляда дадому, дадому!

Вось так і святкавалі.

Мне здаецца, што ўдзельніцы Дуброўскага ансамбля і  Анастасія Сямёнаўна вельмі цікава расказалі пра мясцовыя   традыцыі.  Хочацца верыць, што нашыя такія прыгожыя нацыянальныя калядныя песні, абрады будуць і далей захоўвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне.

В. ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота С. РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024