Сустрэчу з актывістамі маладзёжнай арганізацыі БРСМ правяла на мінулым тыдні член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Касцян.
Гаворка мелася быць не столькі масавай, колькі канструктыўнай, таму першы сакратар райкама БРСМ Юлія Стаўская прыйшла з найбольш актыўнымі старшынямі пярвічных арганізацый — Дзмітрыем Арцёмчыкам, які прадстаўляў моладзь “Жылкамгаса”, і Аленай Пятровай з аддзела адукацыі, спорту і турызму. Сустрэча і насамрэч атрымалася карыснай: Ніна Касцян і яе памочнік Віктар Гарбанёў расказалі пра вопыт работы маладзёжнага парламента, які пачаў дзейнічаць у Бабруйску, паслухалі пра тыя ініцыятывы, над рэалізацыяй якіх працуе вучнёўская і працоўная моладзь Глушчыны. Ніна Касцян прапанавала актывістам БРСМ здзейсніць азнаямляльную паездку ў Савет Рэспублікі і абяцала ўсялякае садзейнічанне са свайго боку.
Т. ЛУКАШЭВІЧ