Темы

З блакнотам па раёне. Вёска Старое Сяло

З блакнотам па раёне. Вёска Старое Сяло

Вёска сустрэла нас пакорлівым шчымлівым маўчаннем. На вуліцы панавала дрымотна-сонная цішыня. Было так непрывычна назіраць такую карціну менавіта ў гэтай вёсцы, што маё сэрца міжволі працяў казытлівы  боль.

Нахлынулі ўспаміны, і перад вачыма паўсталі карціны колішняга жыцця. Таго, што я сама бачыла гадоў дзесяць-дваццаць таму. Такога ніколі не было, каб, прыехаўшы ў Старое Сяло, не ўбачыць на вуліцы чалавека. Людзі мітусіліся сюды-туды, бы тыя мурашкі ў вялікім муравейніку. Хтосьці спяшаўся ў магазін, а іх тут было два — прадуктовы і прамтаварны, хтосьці браў курс на пошту, а некаму спатрэбілася завітаць у калгасную кантору… Ды мала ў каго былі якія патрэбы. Вёска ж вялікая, а значыць, і людзей жыло шмат. Да прыкладу, у 1986 годзе тут налічвалася 156 двароў, дзе пражывала 390 чалавек, з якіх толькі дзяцей было 96.  Варта нагадаць, што Старое Сяло колісь — ажно ў 1897 годзе — было паселішчам з аднаго дома і 7 жыхароў і належала Гарадокскай воласці Бабруйскага павета. Літаральна праз 10 гадоў там ужо налічвалася 15 двароў і 93 жыхары. Сведкаў тых часоў даўно ўжо няма. Засталася толькі адна статыстыка.

 Шкада, што з цягам часу мы страчваем цікавыя звесткі пра нашы вёскі. Таму наш прыезд у Старое Сяло быў планавы. Хацелася хоць крышачку заглянуць няхай і не ў такое далёкае, але ўжо гістарычнае мінулае. Яшчэ жывуць у вёсцы сведкі, якія памятаюць самі альбо па расказах сваіх блізкіх, чым жыла вёска, скажам, у пасляваенныя гады. Адна з такіх апавядальніц — Ганна Андрэеўна Хартановіч з вуліцы Калгаснай.

— Можа, гэта ўжо гады, але я часта ў думках пражываю сваё мінулае. Хочацца пачаць з дзяцінства, а не магу нічога дакладнага ўспомніць. Нейкімі ўрыўкамі праскакваюць эпізоды, звязаныя з вайной. Добра ўрэзаліся ў памяць карцінкі, калі мы з маці і старэйшай сястрой хаваліся ад немцаў. Падчас акупацыі кожны дзень жылі пад страхам. Як убачым, што немцы на матацыклах едуць у вёску, маці хапае нас за рукі і ўцякаем куды-небудзь, каб не знайшлі. Цяжкія тыя былі дні для ўсіх старасельцаў. А яшчэ цяжэй было пасля вайны. Амаль усе мужчыны, якіх забралі на фронт з першых дзён мабілізацыі, не вярнуліся дадому. Я вось цяпер гляджу па тэлевізары, што робіцца на Украіне, і жаль агортвае. Разбураныя дамы, людзі, якія бягуць ад вайны. Нам, перажыўшым падобныя жахі, усё гэта блізка і зразумела.

Успаміны так растрывожылі душу Ганны Андрэеўны, што яна не магла стрымаць слёз, і яны, няпрошаныя, шчымліва-жаласлі-выя, каціліся па яе шчаках. На нейкі момант у хаце ўсталявалася тужлівая цішыня. Першай не хацелася яе парушаць. Праз хвіліну мая субяседніца зноў пачала расказваць пра колішняе жыццё. Аказалася, што яе сям’я ў 50-я гады мінулага стагоддзя была ледзь не цэнтральнай фігурай ва ўсім калгасным жыцці. Менавіта ў іх хаце, якая і цяпер стаіць побач з той, дзе жыве Ганна Андрэеўна, знаходзілася кантора калгаса “Другая пяцігодка”.

— Бурлівае жыццё тады ў нас было. У адной палавіне хаты жылі мы, а ў другой працавалі ўсе работнікі канторы. Цесна, шумна было, нават урокі рыхтаваць мне даводзілася на печы. Але такое суседства для нас падыходзіла. У маці, якая на той час працавала даяркай, адпала неабходнасць на зіму дровы нарыхтоўваць. Гэта ўжо быў клопат калгаса. А яшчэ я помню, як калгас набыў першую машыну маркі ГАЗ,  яна таксама стаяла ў нас, у хляве. Для ўсіх гэта была навіна, і спачатку кожны хацеў проста паглядзець на дзіва. Потым машына стала для жыхароў асноўным транспартам для паездак. Садзіліся ў кузаў і ехалі — то ў райцэнтр, то ў Бабруйск. Складаныя былі тыя часы, але чамусьці заўсёды ўспамінаю іх з асаблівай цеплынёй. Людзі тады былі іншыя — больш адкрытыя, шчырыя, добразычлівыя. Не было зайздрасці і злосці, а наадварот, радаваліся чужому шчасцю, як свайму. Можа, таму, што дастатак ва ўсіх быў амаль аднолькавы. Бадай, не было такой сям’і, якая б не гаравала. Толькі суму месца ніколі не было. Нездарма ж кажуць, што разам можна і горы адолець. Так і ў нас было. На работу — усе дружна разам, ды не проста так, а з песнямі. На святы  — складчыны, ды не такія, каб напіцца, а павесяліцца ад душы. На кірмаш, які ладзілі на Міколу, госці хадзілі з хаты ў хату. На стале немудрагелістыя пачастункі — квашаная капуста, бліны, масла, тварог. Няхай і небагата было, але ад душы. Па выхадных арганізоўвалі музыку, збіраліся ў каго-небудзь у хаце і скакалі амаль да раніцы. І музыка ў нас свой быў — Аляксей Башан, іграў на гармоніку, ды так, што ногі самі ў пляс ішлі. Разлічваліся з ім хто чым мог. У асноўным яйкамі ды грашыма. Потым, калі ў 1957 годзе пабудавалі клуб, сталі збірацца там. З усёй акругі моладзі наб’ецца столькі, што не праціснуцца. Былі і бойкі паміж хлопцамі, не без таго. Як разыдуцца, дык ажно шыбы ў вокнах ляцяць.

Не дзіўна, што хлопцы ўчынялі такія бойкі. Бо ў Старым Сяле было 99 дзяўчат — так жартавалі ўсе ў акрузе. Ды якіх дзяўчат! Прыгожых, разумных, вясёлых. Напрыклад, пра Ганну Андрэеўну казалі “відная дзеўка”, бо яна адна сярод сваіх равесніц мела сярэднюю адукацыю. У 1956 го-дзе закончыла 10 “А” клас, дзе было 23 вучні, Чыкілёўскай сярэдняй школы. Так, бо ў Старым Сяле была толькі пачатковая школа, а потым дзеці працягвалі вучобу ў Чыкілях.

Былі ў вёсцы і мясцовыя знакамітасці. Кацярына Васільеўна Алёхна, маці Ганны Андрэеўны, у пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў складзе делегатаў ад Магілёўскай вобласці ездзіла на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку. Дачка беражэ фотакартку з выстаўкі, як дарагую сямейную рэліквію. І не толькі сямейную, такі фотаздымак — гэта жывая гісторыя вёскі. Яшчэ доўга пасля прыезду з Масквы, дзе даярка правяла 10 дзён, мясцовыя ціка-віліся: як яно там, у сталіцы? І для калгаса было пачэсна, што менавіта іх працаўнік пабываў на такім прэстыжным форуме. 

Вёска Старое Сяло — вялікая па працягласці, але з кожным годам меншае па колькасці жыхароў. І цяпер хіба толькі старажылы памятаюць, што да вайны вёска была падзелена на дзве часткі: адна называлася першыя Казловічы, другая — Старое Сяло. А тыя Казловічы, якія мы ведаем цяпер, былі другімі Казловічамі. Цікавую гісторыю пра назвы паведала нам Любоў Сідараўна Алёхна — маці апошняга старшыні калгаса “Звязда” (у маі 2009 года шляхам рэарганізацыі яго далучылі да калгаса “Зара камуны”) Юрыя Сяргеевіча Алёхны. Яна жыве на вуліцы Міра, якая больш вядома па народнай назве — Ігрушаўка. Чаму менавіта так? Аказваецца, на полі, на якім потым пабудаваліся людзі, расло шмат ігруш.

— У нас многа было самабытных назваў, — расказвае Любоў Сідараўна. — Гэта цяпер хаты стаяць адной вуліцай, а раней былі хутары. Літаральна за Вільчай, праз некалькі сот метраў, пачыналіся старасельскія будоўлі. Дзе цяпер лясок расце (Любоў Сідараўна паказала ў напрамку Вільчы, бліжэй да дарогі. — Аўт.), там была Нікіцікава гара. Гаспадара хутара,  дзе стаяла 7 хат, звалі Мікіта. Былі яшчэ такія хутары, як Тарасаў і Анапрэйчыкаў. Сустракаліся і смешныя назвы — Тарэндаў хутар, хаця дзеда звалі Фёдар.  А ў гаспадара хутара па імені Сцяпан была мянушка Лейба, дык і хутар называўся Лейбаў. Цяпер пра ўсё гэта засталіся адны ўспаміны.  Сёння і я жыву, бы на хутары. Хоць і стаяць хаты побач, а нікога ў іх няма. Старыя паміраюць, а моладзь раз’язджаецца хто куды. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна па суседстве жыла самая вялікая сям’я на вёсцы — Багуны, у якіх было 15 дзяцей. А цяпер іх хата пустуе. Гаспадыні ўжо няма, яе муж жыве ў дзяцей, якія раз’ехаліся хто куды. Ведаю, што адзін з  сыноў Мікалай жыве ў Глуску і працуе ў жылкамгасе. Харошая была сям’я, працавітая. Вось так, час  ляціць, а мы старэем. Мне яшчэ добра, я не адна. Сын Юра жыве недалёка, родная сястра Яўгенія, з якой мы блізняты, — так што ёсць каму дапамагчы і ёсць з кім пагаварыць.

Але рана яшчэ спісваць Старое Сяло ў разрад вёсак, якія знікаюць. На 1 студзеня тут налічвалася 60 гаспадарак і пражываў 131 чалавек. Хаця лічбы гэтыя адносныя. Частка людзей, асабліва старых, на зіму пакідае свае мясціны і едзе да дзяцей, а хтосьці проста прапісаны, а не жыве тут. Але ўсё роўна яшчэ па вечарах свецяцца агеньчыкі ў хатах сяльчан, якія па-ранейшаму не страцілі ўласцівай ім працавітасці. Сеюць агароды, трымаюць жыўнасць, нават каровы ёсць — 16 галоў на ўсю вёску, хаця не ў такім ужо  далёкім 2006-м іх было 83. Адна з маіх субяседніц, Марыя Васільеўна Дранёва, якая 30 гадоў адпрацавала на мясцовай пошце, расказала, што раней у іх на кожнай вуліцы — Савецкай, Калгаснай, Рабочай, Міра — было па статку кароў. Шчыра скажу, мы былі прыемна здзіўлены, калі ў адным з двароў убачылі ажно дзве каровы, а побач стаяў запрэжаны конь. Падумалася: працавітыя людзі тут жывуць. Мы не памыліліся. Селішча, якое пабудавана на знакамітай Ігрушаўцы, належыць сям’і Крук. Гаспадыня Святлана Рыгораўна працуе на ферме даяркай, яе муж Васіль Іванавіч — там жа слесарам. У сям’і чацвёра дзяцей, двое з іх, сыны Анатоль і Мікалай, працуюць разам з бацькамі, адзін слесарам, другі жывёлаводам. Яшчэ адзін сын Аляксандр і дачка Юлія пакуль што не працуюць — дапамагаюць дома па гаспадарцы.

Я пакідала Старое Сяло ўжо з больш аптымістычным настроем. Жыццё, няхай сабе і не такое кіпучае, як раней, усё ж такі прадаўжаецца. Побач з пустуючымі хатамі стаяць яшчэ дабротныя, па-гаспадарску дагледжаныя пабудовы. Гэта цяпер, пакуль яшчэ ранняя вясна, там ціха і спакойна. А настане пара сяўбы — вёска ажыве. І няхай яно будзе так.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В Глусском районе проходят мероприятия, посвященные Дню Победы и 80-летию со дня освобождения Беларуси

8 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Делегация из Москвы приняла участие в мероприятиях, посвященных Дню Победы и 100-летию Глусского района

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Районный турнир «Кожаный мяч» завершился в Глуске

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Маленькие патриоты. Районный этап игры «Зарничка» в Глуске

8 мая 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко наградил девять населенных пунктов Беларуси вымпелом за мужество и стойкость в годы войны

8 мая 2024
Читать новость
Власть

Главное о планах Беларуси, ядерном оружии и красных линиях. О чем предупреждает и к чему призывает Лукашенко?

8 мая 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко 8-9 мая совершит рабочий визит в Российскую Федерацию

7 мая 2024
Читать новость
Общество

Программа праздничных мероприятий в День Победы, Глуск

7 мая 2024
Читать новость
Общество

Встреча с коллегами из Москвы

6 мая 2024
Читать новость
Общество

С 6 по 24 мая в Глусском районе пройдет спецпрограмма «Детство без насилия»

6 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Стрелка вверх
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

Программа праздничных мероприятий в День Победы, Глуск

7 мая 2024
Стрелка вверх
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Стрелка вверх
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Стрелка вверх
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Стрелка вверх
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Стрелка вверх