Нават зараз, калі сведкі таго часу ўспамінаюць ваенныя і пасляваенныя гады, на вачах у іх з’яўляюцца слёзы… І гэта не звычайная сентыментальнасць, уласцівая людзям сталага веку. Гаварыць пра гэта ім і насамрэч цяжка, таму многія не любяць успамінаць той час. Але нам ведаць пра гэта патрэбна, бо калі не памятаеш гісторыю свайго роду і народа, то сам не ведаеш, хто ты ёсць на самой справе. Зараз узгадала хвіліны і нават гадзіны, калі выпытвала ў свайго дзеда, дзе ён нарадзіўся, як жыў, кім працаваў. Падрабязна даведалася пра шлюб, службу ў арміі і працу ў родным калгасе, а вось аб дзяцінстве пачула ў адказ: “Цяжка было, вельмі цяжка, галадалі ўсе”. І з вачэй старога раптоўна паліліся слёзы. Ужо значна пазней я распытала бабулю, і яна расказала мне, што дзядуля ў адзінаццаць гадоў застаўся сіратою (бацька памёр у 36-м, а маці загінула на пачатку вайны), разам з ім засталіся дзве сястры, якім споўнілася на той час дзевяць і пяць гадоў. Выжывалі, як маглі, вельмі часта недаядалі, а то і зусім галадалі.
Да чаго я вяду гаворку… Трэба памятаць аб тым, якое гора і няшчасце прыносіць вайна. Памятаць і з вялікай удзячнасцю, з павагай адносіцца да тых, хто нарадзіўся і вырас у ваенны час, слухаць і нават занатоўваць іх расказы, пры гэтым кожны раз знаходзіць у аповедах новае і павучальнае для сябе.
Зараз па ўсёй Беларусі праводзяцца самыя разнастайныя акцыі, праекты і мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэтай сувязі Магілёўская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі аб’явіла акцыю “Дзеці вайны”. Падчас яе правядзення ў кожным раёне Прыдняпроўскага краю прадстаўнікі галіновага прафсаюза наведаюць ветэранаў педагагічнай працы, што нарадзіліся і жылі ў гады ваеннага ліхалецця, павіншуюць з юбілеем Перамогі, уручаць грашовыя прэміі, салодкія пачастункі, падораць кветкі.
У Глускім раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму з энтузіязмам адгукнуліся на гэту ідэю і вырашылі правесці раённую акцыю “Дзяцінства, апаленае вайною”. Ужо ў аўторак, 24 сакавіка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Ахрэмчык і старшыня савета ветэранаў работнікаў адукацыі і прафсаюзнага руху раённага аддзела адукацыі Таццяна Мардусевіч наведалі двух ветэранаў педагагічнай працы.
У госці да Міхаіла Канстанцінавіча Гардзіенкі, заслужанага настаўніка БССР, былога дырэктара Гарадоцкай сярэдняй школы, мы трапілі амаль апоўдні. Не буду зараз расказваць пра ўсё яго жыццё — гэта гісторыя заслугоўвае асобнага артыкула. Скажу толькі, што сям’я Гардзіенка сустрэла нас з радасцю. Гаспадар — настаўнік геаграфіі, жонка — фізікі, сяголета яны адзначаць 65-гадовы юбілей сумеснага жыцця. На сёння ў сям’і Гардзіенка трое дзяцей, восем унукаў і ўжо восем праўнукаў. Дынастыя педагогаў працягваецца: унук зараз працуе дырэктарам адной з гімназій Мінска, унучка — таксама ў сталіцы, намеснік дырэктара гімназіі. Непрыкметна прайшлі гадзіны ў гутарцы з Міхаілам Канстанцінавічам і Надзеяй Іосіфаўнай. Хацелася б болей пабыць з гэтымі добразычлівымі і шчырымі людзьмі, але нам неабходна было наведаць яшчэ аднаго ветэрана педагагічнай працы.
Наступнай кропкай нашага прыпынку стала вёска Бабірова. Тут пражывае Васіль Мікалаевіч Арцёмчык, былы дырэктар Бабіроўскай сярэдняй школы і настаўнік гісторыі. У свой час ён скончыў дзесяць класаў, адразу трапіў у армію, служыў радыстам у Германіі ў Дрэздэне, пасля скончыў радыёвучылішча і вучылішча электратэхнікі, працаваў спачатку ў калгасе, пасля — у школе выхавацелем групы падоўжанага дня, завочна скончыў педагагічны інстытут, а праз год пасля паступлення стаў дырэктарам школы, кім і працаваў да выхаду на пенсію. Сям’я Арцёмчыкаў была даволі вялікая — шэсць дзяцей (тры дачкі і тры сыны). Цяжкім выпрабаваннем для іх стала смерць любімай жонкі і маці, але ж жыццё прадаўжаецца. Амаль два гады таму назад Васіль Мікалаевіч зноў ажаніўся, каб не аднаму век свой векаваць. А дзеці, як прызнаецца, гэтаму радыя. Усё ж разам весялей, ды і сам па сабе чалавек ён жыццялюбівы, як цяпер гавораць, пазітыўны. Шмат чаго цікавага мы пачулі ад гэтага вясковага настаўніка — жарты, вершы, успаміны пра дзяцінства, гісторыі з жыцця…
Увогуле, з такімі людзьмі, як мы сустрэліся ў аўторак, хочацца гаварыць і гаварыць, слухаць, запамінаць і распытваць падрабязнасці. Але час, на жаль, не бясконцы, і нам прыйшла пара развітвацца…
Як паведаміла старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Ахрэмчык, наступная сустрэча з ветэранамі працы не за гарамі. Плануецца наведаць яшчэ трох настаўнікаў, сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Завяршэннем акцыі “Дзяцінства, апаленае вайною” стане правядзенне святочнага вечара, куды будуць запрошаны ўсе ветэраны-педагогі, што нарадзіліся і раслі ў гады вайны.
Лілія ХАРЛАНЧУК
Фота аўтара