Темы

Казловічы

Казловічы

Працяг

1942-і. Першамай

Ішоў 1942 год. Атрад пад камандаваннем Шваякова вырас і загартаваўся ў барацьбе з ворагам. І вось першая ваенная вясна, хутка свята Першамая. Партызаны, лагер якіх знаходзіўся ва ўрочышчы Ліхач у казловіцкім лесе, вырашылі дастойна адзначыць Міжнародны дзень працоўных — правесці баявую аперацыю. Так і зрабілі: дзве групы партызан у розных месцах за дзясятак кіламетраў ад Казловіч знішчылі 18 фашыстаў і легкавую аўтамашыну з нямецкім генералам і двума афіцэрамі. Гэта прывяло ў шаленства ворага, і немцы вырашылі расправіцца з партызанскім атрадам. Раніцай 1 мая немцы рушылі ў лес, каб знішчыць лагер, аб якім яны дазналіся. Разведка лагера своечасова заўважыла немцаў, падпусціла іх бліжэй і сустрэла агнём. Першым быў забіты нямецкі афіцэр — камандзір карнага атрада. Гэта ўнесла замяшальніцтва ў рады фашыстаў, і партызаны гналі ворага аж да вёскі Нязнанне.

1942-і. Сесія сельскага Савета

Партызанскіх атрадаў у глускіх лясах дзейнічала некалькі. І вось камандзір атрада імя Кірава Мікалай Храпко, які быў здатным прамоўцам і ўмеў добра агітаваць, прапанаваў па прыкладзе Рудабелкі аднавіць савецкую ўладу і на тэрыторыі Казловіцкага сельсавета. Летам 1942 года была склікана сесія Казловіцкага сельскага Савета. Праходзіла яна ў Зелянковічах, што па праву лічыліся своеасаблівай сталіцай партызанскага краю. На сесіі прысутнічалі прадстаўнікі навакольных вёсак, у тым ліку і Сцяпанаўкі. Усяго сабралася каля 60 чалавек. У руках многіх дэпутатаў былі аўтаматы. Як і пры савецкай уладзе, у будынку на сцяне вісеў партрэт У. І. Леніна, а за сталом, засланым чырвоным абрусам, сядзелі члены прэзідыума. На парадку дня — выбары старшыні сельскага Савета, забеспячэнне партызан адзеннем і абуткам, палітмасавая работа сярод насельніцтва, колькасны рост партызанскіх атрадаў. У гэты дзень старшынёй Казловіцкага сельскага Савета быў абраны Апанас Мікалаевіч Тоўсцік з вёскі Чыкілі, што займаў гэтую пасаду перад вайной і ў якога захавалася нават пячатка Савета. Выступалі на сесіі камандзір партызанскага атрада М. Храпко, А. Тоўсцік, Ф. Сысой, П.Тоўсцік, І. Баглай. Усе выступленні былі аднаго накірунку: як папаўняць новымі сіламі партызанскія атрады, каб біць ворага і гнаць яго з роднай зямлі. Акрамя гэтага, на сесіі была выказана думка аб адкрыцці партызанскай школы для дзяцей; пазней гэта задума ажыццявілася. Ахоўвалі ж работу сесіі некалькі ўзводаў партызан з розных атрадаў.

Карнікі

Пасля таго як узнялі чырвоны сцяг над будынкам сельскага Савета, вораг не прымусіў сябе доўга чакаць. Над вёскамі ляталі самалёты, закідваючы іх лістоўкамі, у якіх прапаноўвалася партызанам арыштаваць сваіх камандзіраў і камісараў і перайсці да немцаў. Кожнаму, хто так зробіць, абяцалі па тры гектары зямлі, а лістоўка павінна была служыць пропускам. Але ж ніхто на такую прапанову не спакусіўся. Праўда, лістоўкі, якіх было багата, не прападалі: за імі ахвоціліся курцы, пускалі іх на самакруткі. Мабыць, пра гэта даведаліся немцы, бо потым яны сталі атручваць лістоўкі. Не адзін чалавек памёр ад гэтага, пакуль не раскусілі “подласць”.

Да таго ж у паход на гэты няскораны край, які “так нахабна сябе паводзіць”, з Бабруйска выступілі два батальёны добраахвотнікаў-уласаўцаў “Днепр” і “Бярэзіна”. Дзесьці паміж Чыкілямі і Казловічамі адбыўся жорсткі бой. Партызаны вымушаны былі адступіць у накірунку Рудабелкі і на некаторы час пакінуць казловіцкія мясціны. І хаця Казловічы ўваходзілі ў партызанскую зону, як успамінае Марыя Якіменка, былі частыя налёты немцаў з Глуска, а больш за ўсё — з Брожы. Зганялі ўсіх на сярэдзіну сяла, дзе раней стаяў магазін, — і дзяцей, і старых, і жанчын, — і дапытвалі, хто партызаны і дзе яны. Але ўсе маўчалі, бо амаль з кожнай сям’і ў партызанах былі ці мужыкі, ці дзеці. Аднойчы 5 жанчын пайшлі апраўдвацца перад немцамі, што іхнія мужы ў партызанах, але іх забралі туды сілай. І ўсіх гэтых жанчын расстралялі.

Ілья Букенгольц

А яшчэ ў хвойніку за Казловічамі немцы расстралялі сям’ю яўрэяў. Гаспадар гэтай сям’і быў шавец (той, хто шые боты. — Рэд.), і харошы шавец. Да іх з Глуска прыбег пляменнік Ілья. Немцы неяк дазналіся пра гэту сям’ю, вывелі ўсіх за гумны, выкапалі там яму і расстралялі. Крыху прысыпалі зямлёй. Расказвалі, што нейкі час яшчэ зямля варушылася на тым месцы, мабыць, людзі былі яшчэ жывыя, дыхалі. Жудасна і страшна. Усе вельмі баяліся немцаў. Але пазней сяльчане пахавалі гэтую сям’ю каля месца расстрэлу. На магіле быў пастаўлены помнік з надпісам “Семья Кацер и Букенгольц, зверски замучены фашистами в сентябре 1941 года…”, але гэта ўжо праз доўгі час пасля вайны. Месца пахавання сваіх родных ужо ў першым дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя наведаў Роланд Букенгольц, пляменнік таго самага маладога хлопца Ільі Букенгольца, якога расстралялі ў Казловічах. Ён і паведаў гісторыю жыцця свайго дзядзькі Ільі, што быў малодшым братам бацькі Роланда. Да вайны Ілья паспеў скончыць адзін курс інстытута, пасля яго забралі ў армію. Служыў у Брэсцкай крэпасці. А потым — вайна, акружэнне і цяжкая дарога дадому. Ілья цудам дабраўся да Глуска, дзе жылі бацькі, але тут ужо былі немцы, і заставацца дома было небяспечна. Маці адправіла сына да сваёй сястры Гісі ў Казловічы. Яна спадзявалася, што ў маленькай вёсцы зберажэ сына ад смерці. Але яе сын загінуў, як і яе сястра з мужам і іх двое дзяцей. Аб гэтай трагедыі напісана ў кнізе А. Шульмана “Место его уже не узнает его…”, выдадзенай у 2007 годзе выдавецтвам “Медисонт”.

Бежанцы. Тыф

У канцы вайны ў Казловічах жылі бежанцы. Немцы адступалі, ішлі баі, людзі заставаліся без жылля і ішлі туды, дзе можна было ў такі цяжкі час знайсці прытулак, сяліліся ў вёсках, што трапляліся на шляху. Сяляне, у якіх ацалелі хаты, забіралі бежанцаў жыць да сябе, іншыя дзяліліся апошнім акрайкам хлеба. Вось гэтыя бежанцы і прынеслі ў Казловічы тыф і каросту, успамінае Марыя Карнееўна Якіменка. Калі ў сям’і быў хто хворы на тыф, то немцы баяліся ў гэту хату заходзіць і ставілі на варотах крыж мелам — перасцярогу для сваіх салдат. Першыя захварэлыя ў сям’і тыфам звычайна выжывалі, а вось хто падхапіў хваробу пазней, паміралі часцей. Хвароба страшная, пры ёй валасы на галаве ўсе вылазілі, а як чалавек здаравеў — адрасталі, толькі ўжо чамусьці кучаравыя, ногі адымаліся, муціўся розум. Шмат людзей тады захварэла ў вёсцы, многа і памерла. Але Марыя Карнееўна, якая таксама захварэла, выжыла. Лекаў ніякіх не было, паілі нейкімі травамі, вельмі хацелася малака. І бежанцы, што жылі ў іх, хадзілі ў Глуск па малако, бо кароў у вёсцы амаль не засталося. А тое малако, калі піла, — здавалася гарчэй за палын, а кіслае шчаўе — зусім прэсным.

Ахвяры Вялікай Айчыннай

Прайшло колькі часу, а тое даўняе і зараз успамінаецца з жахам. У Вялікую Айчынную фашысты расстралялі 54 жыхары вёскі Казловічы. З фронту ў родную вёску не вярнуліся 17 чалавек, 9 з іх прапалі без вестак. Больш як праз 50 год пасля вайны, у 1999 годзе, групай “Пошук” з Архангельска былі знойдзены астанкі салдата і медальён, на якім захаваўся запіс: “Глускі раён, Казловіцкі с/с, в. Казловічы-2. Бацька: Лях Зіновій Кузьміч”. Гэты медальён належаў Мікалаю Ляху, які ў Чырвонай Арміі знаходзіўся з 1940 года, а загінуў у жніўні 1944-га ў Карэліі. Ён таксама лічыўся без вестак прапаўшым.

Пры вызваленні Глускага раёна ад немцаў каля вёскі Казловічы загінулі Рэдзькін Сцяпан Пракоф’евіч (27 чэрвеня 1944 года) і Скарадумаў Мікалай Іванавіч (26 чэрвеня 1944 года). Тут, у Казловічах-2, яны і пахаваны.

Адраджэнне

Нямецка-фашысцкія акупанты былі выгнаны з нашай зямлі. Прыйшлося яшчэ ўсім вытрымаць і пасляваенныя цяжкасці. Аралі зямлю сабою, упрогшыся ў плуг, капалі яе лапатамі, засявалі палі… Коней жа не было, а пра якую-небудзь тэхніку і думаць не маглі. Калі пачалі з фронту вяртацца мужчыны, стала крыху лягчэй. Працавалі ў асноўным у калгасе, а хто і ў леспрамгасе ў Брожы. Мірнае жыццё паступова брала сваё. Гулялі вяселлі, нараджаліся дзеткі. У школу хадзілі ў Чыкілі, бо сваёй не было. Стараліся працаваць усе, гультаёў тады не было. Ды й сорамна было перад аднавяскоўцамі — не працаваць.

Свайго росквіту вёска Казловічы дасягнула дзесьці ў 70-х гадах ХХ стагоддзя. У 1971 годзе ў Казловічах пражывала 150 чалавек у 58 дварах. У людзей былі ўжо і добрыя гаспадаркі, як кажуць, быў хлеб і да хлеба. Электрычнасць, радыё, тэлефон, у некаторых нават свае тэлевізары і матацыклы — добра пачала жыць вёска. Была ферма, працавалі пошта і крама. І як тады, да вайны, Казловічы былі цэнтральнай сядзібай сельсавета.

Наш час. Вёска знікае?

Ужо ў 1986 годзе колькасць жыхароў вёскі значна зменшылася: 65 чалавек, 34 гаспадаркі. Але на ўсёй тэрыторыі сельсавета жыло каля тысячы чалавек. У 2009 годзе да Казловіцкага сельсавета, у склад якога ўваходзіла 12 вёсак і на тэрыторыі якога пражывала 629 чалавек, далучылі Кіраўскі сельсавет. Так Казловіцкі сельсавет павялічыўся на 10 населеных пунктаў і 805 чалавек. Было ў гісторыі Савета, што яго зноў перавялі ў Чыкілі, адкуль ён браў свой пачатак. Перавезлі ўсе бумагі, а вось назву, як і пячатку, пакінулі — Казловіцкі. Казалі, вельмі затратна ўсё мяняць. Ганарыліся жыхары вёскі, што іх Казловіцкі сельскі Савет жыве. На 1 сту-дзеня 2011 года ў сельсавеце налічвалася 663 гаспадаркі, у якіх трымалі людзі 119 кароў, 685 свіней, 32 кані, 4 750 галоў рознай птушкі. На прысядзібных участках вырошчвалі зерневыя на плошчы ў 45 гектараў, пад бульбай занята было 180 гектараў зямлі і 39 гектараў — пад гародніну. Назва “Казловіцкі сельскі Савет” засталася і па сёння, хаця адміністрацыйны будынак цяпер знаходзіцца ў цэнтральнай сядзібе — аграгарадку Засценак Усцярхі. А вось пражываючых у Казловічах з кожным годам становіцца ўсё менш. Калі ў 2012 годзе было ў вёсцы 12 сем’яў і 16 жыхароў, у тым ліку чацвёра дзетак да 15 гадоў, то на 1 студзеня 2015 года — 10 сем’яў і 14 чалавек.

 Іна КІРЫНА

Фота Вольгі ЧУЧВАЛ

Последние новости

Власть

Лукашенко заслушал доклады Крутого и Кочановой. В числе главного — совещание по Витебщине и мониторинг в торговле 

22 октября 2025
Читать новость
Актуально

С 20 октября по 6 ноября проходит республиканская профилактическая акция «За безопасность вместе!»

22 октября 2025
Читать новость
Общество

Конкурсная программа к Дню отца прошла в ЦКиД «Орион»

22 октября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: Беларусь и Ливия восстанавливают интенсивные отношения

21 октября 2025
Читать новость
Актуально

Прямую линию проведет 22 октября заместитель начальника Могилевской таможни Михаил Артюховский

21 октября 2025
Читать новость
Общество

Семейные старты. На районный спортивный праздник пригласили глусские семьи

21 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем