Темы

Казловічы

Казловічы

Дзесьці ў канцы ХІХ стагоддзя ў ваколіцах Глуска знаходзіліся тры мясціны з назвай “Казловічы”. Гэта вёска Старыя Казловічы, пазней Казловічы-1; возера Дзікае, па-мясцоваму Казловічы; і вёска Зайцы, яна ж Казловічы, пазней Казловічы-2. 

 Пачатак. Казловічы-2

Сёння аповед пойдзе пра вёску Казловічы-2, якая зараз на ўсіх картах і дакументах пазначана як проста Казловічы, бо засталася ў нашым раёне адзіная з такой назвай. Знаходзіцца гэта вёска кіламетраў за шэсць ад Усцярхоў. Калі ехаць па шляху на Бабруйск (праз Вільчу), то цераз некалькі кіламетраў ад Глуска, амаль насупраць “дарожнага доміка”, ад гэтага шляху адыходзіць управа дарога — вось па ёй можна даехаць да Казловіч. Архіўныя дакументы сведчаць, што вёска Казловічы вядома з 1639 года як вёска Новыя Казловічы, у якой налічвалася 27 двароў, 58 жыхароў мужчынскага полу, 28 валок зямлі, і знаходзілася яна ва ўтрыманні Пятра Трызны. На геаграфічнай карце “Белоруссия и прилегающие территории”, надрукаванай у 1913 годзе ў выдавецтве “Корпус ваенных тапографаў”, відаць, што Гасподскі Двор, вёска Зайцы, побач з якой пазначана ў дужках Казловічы, знаходзяцца ў адным месцы, значыць, панская, гаспадарская, сядзіба была менавіта тут. З цягам часу засталася тут адна вёска з назвай Казловічы.

У 1756 годзе ў Казловічах адкрылася карчма (гэта харчэўня, заезны двор). Яна мела на сяле выгляд хаты, у якой прадаваліся стравы, квас, піва, віно, а з 2-й паловы XVI стагоддзя — і гарэлка. З 1793 года Казловічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, а з 1847 года вёска адносіцца да маёнтка Брожа Бабруйскага павета, гэта дзяржаўная ўласнасць са 195 жыхарамі. Дарэчы, жыхары Казловіч хадзілі на чыгуначную станцыю ў Брожу, якая знаходзілася па лініі Бабруйск — Рудабелка, каб ехаць у горад. Да яе ад Казловіч, праз лес, — 13 кіламетраў.

Казловіцкія яўрэі

З канца ХІХ стагоддзя жыццё Казловіч ушчыльную звязана з яўрэйскім насельніцтвам. Гістарычная даведка сведчыць аб тым, што ў канцы ХІV стагоддзя з дазволу князя Вітаўта яўрэі пачалі сяліцца ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яны мігрыравалі ў асноўным з Польшчы і Германіі. Калі тэрыторыя Беларусі ў канцы ХVІIІ стагоддзя ўвайшла ў склад Расі-йскай імперыі, Кацярына ІІ указам ад 3 студзеня 1792 года ўвяла рысу яўрэйскай аседласці, якая ахапіла 15 рускіх і ўкраінскіх і 6 беларускіх губерняў. У сувязі з тым, што яўрэям дазвалялася займацца толькі гандлем і рамяством, яны сяліліся пераважна ў гарадах і мястэчках. У 1844 годзе была скасавана кагальная сістэма пражывання яўрэяў. (Кагал — абшчына і абшчыннае самакіраванне яўрэяў у Рэчы Паспалітай, узнік у ХVІIІ стагоддзі на землях сучаснай Беларусі, групаваўся вакол сінагогі і рабіна.) Некаторым яўрэям было дазволена жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. І ў 1897 годзе ў Казловічах была заснавана яўрэйская сельскагаспадарчая калонія. Адразу засяліліся 184 чалавекі, а ў наступным годзе іх было ўжо 320. Такім чынам, на той час у Казловічах налічвалася 54 двары і 365 жыхароў, колькасць якіх з кожным годам павялічвалася. Некаторыя яўрэйскія сем’і з гэтай мясцовасці (усяго 301 яўрэйскі селянін) узялі ў дзяржавы за грошы зямлю ў арэнду, болей за 329 гектараў. У несельскагаспадарчай вытворчасці былі афіцыйна заняты 19 мясцовых яўрэяў — яны гандлявалі. У параўнанні з іншымі сельскагаспадарчымі калоніямі, што існавалі ў тыя часы ў нашай мясцовасці, сярод казловіцкіх яўрэяў праца на зямлі была папулярнай; вялікая іх колькасць займалася гэтай справай, каб пражыць і пракарміць сем’і. Традыцыйным заняткам мясцовых яўрэяў была не толькі праца на зямлі, а яшчэ і рыбная лоўля на канавах, што цяклі побач з вёскай, а таксама валка лесу. У Казловічах багата было заможных хатніх гаспадарак — яўрэі вырошчвалі буйную рагатую жывёлу на продаж і таргавалі лесам.

У 1909 годзе ў Казловічах налічвалася 69 драўляных дамоў і 451 жыхар. У гэты час тут дзейнічаюць два малітоўныя яўрэйскія дамы. Бліжэйшая сінагога была ў Глуску. У 1913 годзе ў вёсцы адкрыта народнае вучылішча, так тады называлася школа. У 1917 годзе тут 455 жыхароў і 71 двор.

Пасля рэвалюцыі. Пуцятаў сад

Кастрычніцкая рэвалюцыя, а потым вайна і калектывізацыя ўнеслі значныя карэктывы ў жыццё гэтай вялікай працавітай і культурнай вёскі. Іменна культурнай, такімі заўсёды лічыліся Казловічы сярод жыхароў навакольных вёсак, як успамінае Марыя Карнееўна Якіменка (у дзявоцтве Лях) 1925 года нараджэння. Калі ў 1936 годзе пачалі заганяць у калгасы, расказвае яна, шмат яўрэяў з’ехалі з вёскі — хто ў Бабруйск, а хто ў іншыя гарады і мястэчкі. А гаспадаркі яўрэі трымалі вялікія, гаравалі, як і ўсе сяляне. Працаві-тыя людзі былі. А тут аддай усё немаведама каму. І што далей? Усё новае, невядомае ўспрымалася з цяжкасцю. У гэты ж час пачалі забіраць заможных сялян і некуды ссылаць. Саслалі з Казловіч і Рыгора Пуцяту. Гэты працавіты чалавек яшчэ да рэвалюцыі ездзіў у Амерыку на заработкі. Прывёз багата грошай і пабудаваў у Казловічах сабе дом, як тады казалі, на “амерыканскі манер” — вялікі, прыгожы, на вялікім фундаменце. Зрабіў і прысядзібныя пабудовы. За грошы купіў багата зямлі. І вось на гэтай зямлі пасадзіў на вялікай плошчы сад. Дык вось хату гэтага Пуцяты аддалі пад школу, а ўсю яго гаспадарку забралі ў калгас. А сад кожную вясну і да вайны, і пасля яе яшчэ радаваў вока жыхароў сваёй квеценню, а восенню — смачнымі пладамі. Гэты сад — як добры ўспамін аб працавітым чалавеку з вёскі.

Школа

У школе, што пачала працаваць пры новай уладзе ў вёсцы, было 4 класы. А вучыў дзяцей грамаце, успамінае Марыя Карнееўна, настаўнік па прозвішчы Янкоўскі. З 5-га класа хадзіць трэба было ў школу ў вёску Чыкілі, што знаходзілася за2,5 кмад Казловіч.

У школьным будынку паказвалі кіно. У адной палавіне хаты ўсе сядзелі на лаўках, насупраць на сцяне вісела посцілка, у другой палавіне хаты гудзеў дзвіжок-матор, а на посцілцы відно кіно. Так і глядзелі. Цікава было.

Калгас. Сельскі Савет

Калгас у Казловічах быў арганізаваны ў 1929 годзе, назвалі яго “VI з’езд Саветаў”, у 1932 годзе ён аб’ядноўваў усяго 16 гаспадарак, а ў 1936-м — 107 гаспадарак і меў у сваім распараджэнні 520 гектараў зямлі. У гэтыя 30-я гады ахвярамі беспадстаўных палітычных рэпрэсій сталі многія грамадзяне — хто за свой погляд на новую ўладу, хто па даносе, хто не хацеў ісці ў калгас, а хацеў жыць асобна. Сярод такіх ахвяр былі і жыхары Казловіч: селянін-аднаасобнік Іван Іванавіч Тоўсцік, цясляр арцелі імя Крупскай Гірш Іцкавіч Флідэр, калгаснік Сямён Адамавіч Крук, Меер Ісакавіч Флідэр. Усе яны былі асуджаны на розныя гады выпраўленчых работ з высылкай з вёскі. І ўсе яны пазней былі рэабілітаваны, бо аніякай віны за імі не было.

У пачатку 1926 года ў вёсцы Чыкілі ўтварыўся сельскі Савет, які ў верасні 1926 года быў перайменаваны ў Казловіцкі і пераве-дзены ў Казловічы. Знаходзіўся Савет у доме, дзе колісь быў магазін яўрэя-гаспадара. Старшынёй сельскага Савета ў тыя гады працаваў Фёдар Макаравіч Серада, 1904 года нараджэння. У 1937 годзе яго таксама асудзілі і выслалі, і рэабілітаваны ён быў толькі ў 1990 годзе. Сакратаром Савета працаваў Пётр Андрэевіч Тоўсцік. Жыццё сельсавета і працу ў калгасе ў тыя гады на старонках раённай газеты “Сцяг калектывізацыі” асвятляў Ф. Жураўскі, адзін з першых яе селькараў.

1941-ы. “Бургамістр”

Вайна не абмінула вёску Казловічы. Страшэнная навіна ў адзін момант абляцела вёску, а праз некаторы час з’явіліся тут і ворагі. Немцы імкнуліся ўмацаваць сваё становішча на захопленай тэрыторыі. З гэтай мэтай пачалі ўсталёўваць свой “новы парадак”, сваю ўладу. Хведар Лазаравіч Кулік быў да вайны начальнікам Казловіцкага паштовага аддзялення. Дык вось яго выклікалі ў Глуск, у нямецкую ўправу, і прапанавалі стварыць у Казловічах гэтую “новую нямецкую ўладу” — на месцы, альбо, правільней казаць, замест былога сельскага Савета, які некалькі месяцаў перад вайной узначальваў Апанас Мікалаевіч Тоўсцік. Толькі не сельскі Савет, а воласць, і стаць яе бургамістрам. І што было рабіць чалавеку? Ён прыйшоў за парадай да былога старшыні Казловіцкага сельскага Савета Тоўсціка, які і ўгаварыў Хведара Куліка даць згоду немцам стаць казловіцкім бургамістрам, мяркуючы, што гэта будзе свой чалавек пры новай уладзе і з ім можна паразумецца. Бо не дай бог, калі бургамістрам прызначаць чужынца-заблуду. Вельмі баяўся Хведар, разважаючы, што ж скажуць нашы, калі вернуцца. А ў тым, што нашы вернуцца, яшчэ з самага пачатку вайны ніхто не сумняваўся. Але Апанас пераканаў Хведара, што за яго заступяцца людзі. Вось так Х. Л. Кулік стаў бургамістрам у вёсцы Казловічы.

Па вёсках расклейваліся шматлікія нямецкія загады. Сяляне павінны аб’яднацца ў дзесяцідворкі і строга падпарадкоўвацца ўладам, своечасова здаваць падатак. За непаслухменства — расстрэл. За тое, што хаваеш камуністаў, — расстрэл, камісараў — расстрэл, яўрэяў — расстрэл… Павінны стаць на ўлік у Глускай нямецкай камендатуры ўсе былыя ваеннапалонныя, ваенныя, камуністы. За забойства аднаго нямецкага салдата будуць расстрэльваць дзесяць заложнікаў.

Партызаны

У гэтыя ж першыя месяцы вайны ў казловіцкім лесе пачала дзейнічаць партызанская група пад камандаваннем Усціна Мікітавіча Шваякова, што да вайны працаваў у глускай міліцыі. Пазней яна перарасла ў атрад імя Шчорса. Ноччу партызаны неаднойчы наведваліся ў Казловічы, і жыхары перадавалі ім прыхаваную зброю: вінтоўкі, гранаты, патроны… Былі сярод сяльчан і партызанскія сувязныя. І вось аднойчы цераз іх Шваякоў атрымаў звестку, што да службы ў немцаў будуць прыцягнуты жыхары вёскі Казловічы, і спіс гэтых людзей. Калі сцямнела, партызаны прабраліся ў вёску, зайшлі ў хаты тых жыхароў, што значыліся ў спісе, і растлумачылі ім, якая гэта будзе служба ў немцаў. У тую ж ноч партызаны павыкідвалі з будынка былога Казловіцкага сельскага Савета ўсе цыркуляры нямецкіх улад… Нядоўга пратрымалася воласць у Казловічах. Яе бургамістр Хведар Кулік, да сваёй радасці, стаў партызанам, а праз пэўны час паклікаў у атрад і сваіх сыноў Аркадзя і Івана. У тую ж ноч далучыліся да партызан Іван Марозаў, Павел Лушчык і іншыя мужыкі, што былі ў спісе.

Неяк на казловіцкай грэблі невядомымі быў поўнасцю знішчаны невялікі нямецкі абоз, пры гэтым застрэлены ўсе ахоўнікі, больш за дзесяць салдат. З Бабруйска нахапіліся карнікі з аўчаркамі адразу ў вёску Чыкілі. Але нікога не забілі, бо сяльчане змаглі цераз перакладчыка іх пераканаць, што гэта здарылася не на іхняй зямлі, і выказалі меркаванне, што стычка, магчыма, адбылася з акружэнцамі, якіх у тыя першыя месяцы вайны ішло праз лясы вельмі багата. Тады карнікі накіраваліся ў Казловічы. У гэты ж дзень яны расстралялі тут яўрэйскую сям’ю, а таксама мужчыну, які кінуўся ўцякаць, пазабіралі ў сялян курэй, яйкі, сала, усялякую жыўнасць. Пазней стала вядома, што аперацыю на казловіцкай грэблі здзейсніў атрад пад камандаваннем Мікалая Барысавіча Храпко.

Назва Казловічы яшчэ ў вельмі даўнія часы была ў вялікай пашане і несла значную сэнсавую нагрузку. Казловічы — вытворнае ад слова “каза”. Каза — у старажытным уяўленні — сімвал пладавітасці і жыватворнай сілы, казёл жа — сімвал урадлівасці, што і давала падставу для ўзнікнення па ўсёй тэрыторыі вёсак, азёраў, урочышч, у аснове назвы якіх было слова “каза”. У старажытнай Русі нават часта давалі дзяўчынкам імя Каза, а хлопчыкам — Казёл, Казік. Гэта былі імёны-пажаданні быць здаровымі і пладавітымі, займацца плённай працай, каб пакінуць аб сабе добрыя ўспаміны для ўнукаў, праўнукаў. На аснове гэтых імёнаў узніклі і прозвішчы Казлоў, Козік, Казека… Назва мясцовасці, у аснове якой ляжала слова “каза”, адназначна сведчыла аб тым, што тут багатыя мясціны: ці то для збору ягад і грыбоў, ці то багатыя тут ураджаі або тут багатыя заліўныя прырэчныя лугі, дзе растуць сакавітыя травы ў рост чалавека. Так лічылі нашы продкі.

Іна КІРЫНА

Фота Вольгі ЧУЧВАЛ

Працяг будзе

Последние новости

Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024
АПК

Галоўнае — захаваць маладняк. На семінары-нарадзе, які прайшоў у Глусскім раёне, разглядалі тэхналагічныя аспекты захаванасці і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы

28 марта 2024
Общество

Реконструкция линейно-кабельных сооружений проводится в Глуске

28 марта 2024
Общество

Районные соревнования по настольному теннису прошли в Глуске

28 марта 2024
Актуально

Надо брать! Новый кредит на потребительские нужды «На родныя тавары» запустил Беларусбанк

27 марта 2024
Актуально

В Могилёвской области дорожные предприятия приступили к озеленению транспортных развязок и придорожных полос

27 марта 2024
Общество

Право знать! В Глуске прошел правовой брейн-ринг

27 марта 2024
Власть

Лукашенко о полете белорусского космонавта: это не только имидж страны, мы — космическая держава

27 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024