Темы

Сямёнаўна

Сямёнаўна

Адны завуць яе Насця, другія — Сямёнаўна, трэція — наша Сямёнаўна, і ўсё гэта яна — Анастасія Сямёнаўна Жарнаклёва, добрая, прыемная, спагадлівая жанчына, клапатлівая маці і бабуля.

“Жыццё пражыць — не поле перайсці, усякае ў ім было, як і ў кожнай сям’і: і шчасце, і радасць, і нястача, усякае …”, — успамінае наша Сямёнаўна, дзявочае прозвішча якой Дзядзюля. Калі хто пытае, колькі Сямёнаўне гадоў, яна заўжды з усмешкай адказвае, што без году 100. Хай яно так і будзе падолей. “Бывае, што ўчора было — забуду, — гаворыць Сямёнаўна, — а вось тое, даўняе, з маладосці, ды яшчэ маміны песні добра помню”. А родам наша Сямёнаўна з вёскі Балашэвічы, што тут непадалёк ад Глуска, за ракой Пціч. У сям’і было пяцёра дзетак. Старэйшыя з іх — наша Сямёнаўна і яе брат, на жаль, ужо яго даўно няма, яны былі з двойні, што нарадзіла матуля Ірына Апанасаўна ў 1931 годзе. Жыла сям’я, каб сказаць багата, то не, але хлеб на стале заўжды быў. А хлеб у Ірыны Апанасаўны ўдаваўся вельмі смачны: духмяны, пышны… Трымала сям’я сваю гаспадарку. Жылі проста, як і ўсе сяляне ў тыя часы.

Калі пачалася вайна, немцы прыйшлі і ў Балашэвічы. У вёсцы стаяў іх гарнізон. Пахаджвалі з аўтаматамі, нібы тыя гаспадары. 

Дзіцячая памяць не кінастужка, якая можа захаваць усе дзеі. Яна выбарчая. Але ж калі штосьці ў ёй адклалася, то на ўсё жыццё. Вось так і ў нашай Сямёнаўны. З дзяцінства ў памяць урэзаўся выпадак часоў ваеннага ліхалецця, калі тады яшчэ дзесяцігадовая дзяўчынка Насця ледзь не загінула. Яе павінны былі расстраляць. І дасюль не разумее, дзівіцца Сямёнаўна, як засталася жывой. А было вось што. Якраз на мяжы прысядзібнага ўчастка Дзядзюляў, з боку Побліна, ад Галабурдава астраўка, паўз вялікую грушу-дзічку, цераз суседскі Адар’ін двор, у вёску па зямлі цягнуўся чырвоны дрот. Ну ляжаў ён, хай бы сабе і ляжаў. Насця ж сябравала з суседскай дзяўчынкай з сям’і Чабан. І вось аднойчы, калі яна гуляла ў суседзяў, там дома якраз былі Алёш Чабан і яшчэ адзін вясковец — Лукаш Каўхута, па-мясцоваму Паліётаў. Яны і прапанавалі Насці перарэзаць гэты чырвоны дрот і зрабіць з яго сабе пацеркі, а яшчэ наверх за гэта далі гасцінец — цукеркі стоўбікам, такія колісь былі, і нажніцы. Дзяўчынка пайшла да гэтага дроту, тым больш што яна яго бачыла кожны дзень — яркі, прыгожы, і адрэзала такіх добрых доўгіх два кавалкі. Нейкія тоненькія дроцікі, што былі ўнутры чырвонага, яна павыцягвала, а чырвоны, таўсцейшы, парэзала на невялікія кавалачкі, панізала на шнурок, пацапіла на шыю і пайшла ў гэтых пацерках красавацца. Прыгожыя пацеркі атрымаліся. А да сяброўкі, сястры Чабана, Насця хадзіла амаль штодня, хоць тая і была на гадоў два маладзейшая за яе. Але ж дзеці на тое і дзеці, у гульні гадоў не лічаць… Прайшло колькі часу, і зноў у адзін з дзён у хаце Чабаноў былі Алёш і Лукаш. І яны зноў папрасілі яе, Насцю (чаму не яе сяброўку, невядома), перарэзаць той самы чырвоны дрот, пачаставалі цукеркамі, уручылі нажніцы і навучылі: калі немец будзе пытаць, навошта дрот, скажы, што на пацеркі. І Насця пайшла да вялікай грушы-дзічкі і толькі прыгнулася рэзаць гэты дрот, як ззаду за шыварат яе схапіў немец і па-свойму пачаў лапатаць, а рукой паказваў на вёску; што разабрала Насця, дык гэта слова “матка”. Адкуль узяўся той немец, ліха яго ведае. Малая была наша Сямёнаўна, але зразумела неяк, што трэба ісці з ім дадому, да мамы. І прывяла яна гэтага немца да сваёй хаты. А мама якраз нешта рабіла ў двары. Немец паказвае на дзяўчынку, наставіў ружжо і кажа: “Матка пух”. Мама зразумела, што яе Насцю, яе дачушку, хоча немец застрэліць. Упала яна перад ім на каленцы, абхапіла ногі ворага, пачала іх цалаваць, плакаць і прасіць немца, каб ён гэтага не рабіў. Прасіла яна па-нашаму, па-беларуску, але той, мабыць, нешта зразумеў. Немец апусціў ружжо, паказаў рукой убок і прамовіў: “У зямлянку яе, у зямлянку, а то будзе “пух” — і пайшоў з двара. А ў двары, якраз куды паказваў немец, быў склеп. Плакалі з перапуду і мама, і Насця, але зразумелі: жыць засталіся. Гэты Алёш Чабан і Лукаш Паліётаў не аднойчы прыходзілі ў вайну дадому да Дзядзюляў, як прыцямнее, па вечарах, і мама Насці заўжды іх карміла і давала з сабою свайго смачнага хлеба. Чамусьці ўрэзалася ў памяць Сямёнаўны, што давала не цэлы бохан хлеба, а пераразала яго напапалам. А хата Дзядзюляў стаяла амаль у самым канцы вёскі, далей быў лес.

У сям’і Чабан было таксама пяцёра дзяцей, але мама Сямёнаўны падкармлівала гэтых дзяцей, ды і маці іх Антолю, калі тая прыходзіла ў хату да Дзядзюляў, галоднай ніколі не выпускала, давала пад’есці. Чаму так было, малая Насця не разумела. І толькі багата пазней, як кажуць, дайшло, ды і людзі казалі, што гэтыя хлопцы, па просьбе якіх Насця перарэзала чырвоны дрот, а быў гэта хутчэй за ўсё тэлефонны кабель, былі партызанамі, са сваёй вёскі, свае сяльчане. Вось мама і дапамагала і ім, і іх сем’ям выжыць у гэты цяжкі час. Атрым-ліваецца, што і маленькая Насця дапамагла. Відаць, нешта ж перашкаджаў той тэлефон партызанам.

За вайну Насця падрасла і, як немца пагналі, пайшла працаваць у Глуск, на торфазавод. У тую пару ўсе сталелі хутка. Кожную раніцу дзяўчаты з Балашэвіч, чалавек 9-10, пераходзілі раку Пціч, што працякае побач з вёскай, і ішлі на працу. Мужчыны рэзалі торф спецыяльнымі нажамі, а дзяўчаты яго падхоплівалі і складвалі ў доўгія штабелі. Але гэта была сезонная праца. І крыху пазней Сямёнаўна ўладкавалася працаваць на Глускі хлебазавод. Працавалі на хлебазаводзе не так, як зараз, калі ўсё механізавана. Гэта быў асобы працэс — усё рабілася ўручную. Печы ў цэху стаялі вялікія, памерам прыкладна 4 на4 метры, іх называлі “жаравыя печы”. Прыходзіла брыгада на працу, і адзін з брыгады паліў печ. Гэта рабіла і Сямёнаўна, а распалку для печы прыносі-ла з дому, то смалякі, то рызіну, бо яна вельмі добра гарэла, і дровы хутка ўгараліся. Пакуль печ гарыць, мясілі рукамі цеста. Цеста падыходзіць, формы абмазвалі алеем, а потым на прыпечку, пад агеньчык лучыны, фармавалі і ставілі ў печ, якую закрывалі засланкай. Бывала, успамінае Сямёнаўна, што жару ў печы было надта багата, прыходзілася з каўша па сценах печ паліваць, а то, не дай бог, хлеб ападзе альбо згарыць. У хлеб той, пасляваенны, укладвалі ўсю душу, і ён атрымліваўся духмяны, смачны, прыгожы, бохан да бохана. Гэты хлеб быў самы смачнейшы ласунак у тыя гады, гаворыць Сямёнаўна, смачней таго хлеба больш нічога і не каштавала. Працавалі на хлебазаводзе ў некалькі змен. Асабліва не хацелася ісці на змену, што цягнулася да поўначы, успамінае Сямёнаўна, маладая была, гуляць хацелася, на танцы… І вось вырашыла яна кінуць гэтую працу на заводзе і шукаць іншую. А начальнікам тады быў яўрэй Ліўшыц. Разумны чалавек, і відаць, падабалася яму, як працавала Насця, надта спрытная была, як кажуць, усё ў яе руках “гарэла”. Ён пачаў угаворваць дзяўчыну застацца на заводзе. Нават павялічыў прэзент. У тыя часы ніхто хлеб з завода не краў і ніякая міліцыя нікога не пільнавала, не лавіла. Начальнік сам час ад часу ў канцы змены даваў работнікам па бохану хлеба — калі чорнага, калі белага. А Сямёнаўне, каб засталася працаваць на хлебазаводзе, стаў даваць па дзве буханкі — адну чорнага і адну белага. Ды яшчэ нейкія капейкі трохі плацілі. І ўгаварыў, засталася Сямёнаўна працаваць на хлебазаводзе, стала пекарам. На вока ў формы хлеб клала так, што вагавая розніца буханкі была не болей за 1-3 грамы, як і дапускалася па норме. Шэсць год адхадзіла на працу пешшу з Балашэвіч у Глуск, бо транспарту тады аніякага не было. Бывала, пройдзеш шэсць кіламетраў, а потым хлеб пячэш з ахвотай, ды яшчэ і песні спяваеш. Радасна на сэрцы. І ніякай табе стомленасці. Эх, маладосць! Пазней перабралася Сямёнаўна ў Глуск, кватаравала ў гаспадароў, пакуль сваё жыллё не атрымалі. К таму часу ўжо замуж выйшла, дзетак нарадзіла — сына і дачушку.

Як сынок пайшоў служыць у войска, ой жа і хвалявалася  Сямёнаўна, бо служыў ён у марфлоце. А тое мора да гэтага ў вочы і не бачыў. І паехала наша Сямёнаўна ў тую Прыбалтыку, доўга шукала патрэбную часць. Сямёнаўна ж лічыла, што яна там адна, гэтая часць: мора адно — і часць адна, а іх аказалася там ой як багата. Ледзь знайшла тое месца службы сына, добрыя людзі дапамаглі.

І ўсё сваё жыццё Сямёнаўна пякла хлеб, больш за 40 год, ахвотна дапамагала навічкам, якія прыходзілі ў калектыў. За час яе работы на хлебазаводзе змянілася 11 дырэктараў, і ўсіх іх Анастасія Сямёнаўна памятае: Грыпінскі, Парахневіч, Лапцеў, Шваякоў, Казакевіч, Кірнажыцкі, Якімашка, Томашаў, Лахманаў, Мандзік, Лазарэнка. “Залатыя рукі ў нашай Сямёнаўны. Паназіраўшы за яе работай, любы зразумее, што каля гарачай печы працуе сапраўдны майстар. Яна заўсёды і іншым дапаможа, бо за агульную справу хварэе”, — гаварыла пра яе начальства хлебазавода. А ў 1959 годзе глушчане аказалі Сямёнаўне давер, выбраўшы яе дэпутатам Глускай гарпасялковай выбарчай акругі № 34.

Як на пенсію Сямёнаўна пайшла, то зноў часу няма дома заседжвацца. Летам — лес, ягады, грыбы, агарод… Наведвае аматарскае народнае аб’яднанне “Зносіны”, спявае ў народным калектыве “Спадчына”, што пры Хваставіцкім доме культуры, актыўны ўдзельнік калектыву інвалідаў па зроку, спявае там у вакальным ансамблі “Дубравушка”… Не аднойчы прымала яна ўдзел у розных песенных народных конкурсах і выходзіла пераможцай. Колькі год назад нават завіталі ў Глуск, да Сямёнаўны, хлопцы з мінскага інстытута культуры. Больш чым паўдня песні яна ім спявала, а яны ўсё запісвалі, запісвалі на сваю тэхніку яе, колішнія маміны, песні. І паехалі вельмі задаволеныя. Колькі жыве наша Сямёнаўна, столькі не расстаецца з песняй, а яшчэ шмат ведае розных пацешак ды гумарэсак. Спрытная была Сямёнаўна на працы, спрытная засталася і ў песні.

Вось так тады, у тыя далёкія ваенныя гады, шчырая маміна любоў ды яшчэ нейкі цуд выратавалі Анастасію Сямёнаўну для жыцця, каб яна радавала сваіх землякоў і смачным хлебам, што заўжды ў яе ўдаваўся, як раней удаваўся ў мамы Ірыны Апанасаўны, і шчырай душэўнай песняй, і вясёлай байкай…

І сапраўды, жыццё пражыць — не поле перайсці, хай яно будзе доўгім, прыгожым і шчырым. 

Іна КІРЫНА

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

 

Последние новости

Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024
АПК

Галоўнае — захаваць маладняк. На семінары-нарадзе, які прайшоў у Глусскім раёне, разглядалі тэхналагічныя аспекты захаванасці і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы

28 марта 2024
Общество

Реконструкция линейно-кабельных сооружений проводится в Глуске

28 марта 2024
Общество

Районные соревнования по настольному теннису прошли в Глуске

28 марта 2024
Актуально

Надо брать! Новый кредит на потребительские нужды «На родныя тавары» запустил Беларусбанк

27 марта 2024
Актуально

В Могилёвской области дорожные предприятия приступили к озеленению транспортных развязок и придорожных полос

27 марта 2024
Общество

Право знать! В Глуске прошел правовой брейн-ринг

27 марта 2024
Власть

Лукашенко о полете белорусского космонавта: это не только имидж страны, мы — космическая держава

27 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024