• Главная
  • О газете
  • Контакты
  • Реклама
  • Фотогалерея
    • 2016 год
    • 2015 год
    • 2014 год
    • 2017 год
    • 2018 год
    • 2019 год
    • 2020 год
    • 2021 год
    • 2022 год
Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска

Пяценка

Четверг, 28.05.2015 19:00. Category: Творческие проекты    

Вёска Пяценка знаходзіцца на поўдзень ад Глуска, за кіламетраў сем, абапал шляху, які вядзе на г. п. Акцябрскі. Гэта адносна маладая вёска. Паводле архіўных дакументаў, Пяценка вядома з пачатку XIX стагоддзя. Вёска ўваходзіла ў склад маёнтка Рылавічы Бабруйскага павета і належала панам Тышкевічам.

Пяценка — ад слова “пяць”?

У назве вёскі Пяценка выразна бачна сувязь з лічбай “пяць”, магчыма, назва адлюстроўвае нейкія зямельна-прававыя адносіны альбо адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Існуе і мясцовае паданне наконт назвы вёскі. Жыў колісь у гэтых мясцінах чалавек, і было ў яго пяцёра дзяцей. Што галоўнае — усе сыны. Каб усё добра, дык толькі радавацца можна, што памочнікі падрастаюць. А тут… З маленства бацькі іх да працы і да сяброўства паміж сабою прывучалі. Але ўсё дарэмна — раслі дзеці гультаямі. А працы ж было вельмі багата. Трэба і поле засеяць, і грады пасадзіць, і ўраджай потым сабраць, і скаціну дагледзець… Усё ж сваё было, са свайго жылі. Калі аднаму з іх загадвалі якую справу зрабіць, а другому — іншую, то пачыналі хлопцы сварыцца, каб памяняцца альбо і зусім нічога не рабіць. І ўчынялі такую лаянку, што было далёка чуваць, пакуль у сварку не ўмешвалася маці, крычучы сваім зычным голасам і хапаючыся за камяню: “Зараз вы ў мяне ўсе атрымаеце, разумнікі! Працаўнікі знайшліся! А ну, сціхніце! Толькі і глядзіце, каб дзе што дармавое сцянуць”. І яе слухаліся. Разыходзіліся. Але справа тая рабілася як мокрае гарыць. Калі ж прыходзілася працаваць усім пяцярым на адным полі, разам, то суседзі, чые надзелы знаходзіліся побач, аж за жываты браліся ад рогату. Бо пачыналася такая спрэчка і такая лаянка, а то часам і адкрытая сутычка, дзе справа вырашалася пры дапамозе кулакоў ці якіх-небудзь іншых пабочных сродкаў. “Гэта ж заб’юцца да смерці”, — казалі адны суседзі. “Не, не заб’юцца,  — адказвалі другія, —  залянуюцца. Бачыш, колькі скасілі травы: пяць пракосаў на пяцярых. Пасварацца ды пад куст заваляцца, адпачываць, пакуль маці не паганяе”. Так яно і было заўжды. Доўга гаравалі з імі бацькі, але цярпенню прыйшоў канец. І вырашылі яны ажаніць сыноў і падзяліць добрую частку сваёй зямлі на пяцярых. Хай самі сабе хлеб зарабляюць, хопіць сядзець на бацькавай шыі ды сварыцца. Так і зрабілі. Вось тады толькі хлопцы спазналі, што такое сапраўдная праца. Есці ж хацелася, ды і сем’і карміць трэба, дзеткі пачалі нараджацца. А тое поле, што было падзелена на пяцярых і на якім браты пачалі сяліцца і разжывацца, атрымала назву “Пяценка”.

Царква

У 1835 годзе ў вёсцы была пабудавана царква, драўляная, побач з могілкамі. На жаль, пакуль што не ўдалося знайсці звестак, імя якога святога яна мела, але думаецца, што хутчэй за ўсё — Святой Параскевы Пятніцы,  заступніцы жаночай працы і дзявочага лёсу. Імя Параскева, Параска, было колісь вельмі распаўсюджаным. Месцы, дзе стаяў такі храм, лічыліся пад апякунствам Святой Пятніцы, якой заўжды пакланяліся ў пяты дзень тыдня, што традыцыйна лічыўся жаночым днём, і ў дзясятую пятніцу пасля Вялікадня. Як успамінаюць сталыя жыхары вёскі Пяценка, у іх царкве на Дзясятуху заўжды было вялікае гадавое свята. “Праводзілася святочная служба, з’язджацца пачыналі аж з чацвярга, каб зранку, у пятніцу, пачаць гандаль. А гандляваць пачыналі, як крышку пачынала развідняваць, яшчэ прыцемак быў. Адусюль прыязджалі людзі — і з Гродна, і з Мінска, былі нават з Кіева”, — успамінала Вольга Савішна Ліпская. Таварам гандлявалі ўсякім. Чаго толькі не было ў гэты дзень на кірмашы. Асабліва на ўсё жыццё запомніўся квас. Прывозілі яго прадаваць у Пяценку на кірмаш вельмі багата, і калі што заставалася, то раздавалі ўсім дарма. Калі ж пачыналі раз’язджацца, а было гэта дзесьці ўжо к абеду, то астаўлялі гэты квас прама ў бочках — добра ім ласаваліся ўсе, асабліва дзеці. Вельмі смачны быў.

Праз некаторы час царква перастала дзейнічаць. У ёй зрабілі склады калгаса імя Сталіна. Як успамінаюць сяльчане, калі былі малымі яшчэ, то, як гулялі ў хованкі альбо так забягалі ў гэтыя склады, збоку, у каморы, бачылі вельмі вялікія абразы, яны стаялі прыхіленыя да сцяны, у кутку. Дзе яно ўсё падзелася, гэта царкоўнае, невядома. Потым былую царкву зусім разбурылі і перавезлі ў Клетнае, зрабілі з яе бальніцу, будынак якой і зараз стаіць,  — так сцвярджаюць адны жыхары, другія кажуць, што прыстасавалі пад пошту. Але ж не гэта галоўнае. Галоўнае тое, што хоць царкву і разбурылі, але вось вера засталася. Яе загубіць не змаглі, засталася яна ў душы кожнага селяніна. І святы спраўлялі, і абразы ў хатах заўжды былі, і ў апошні шлях амаль усе адпраўляліся з крыжам…

У 1886 годзе ў вёсцы Пяценка налічвалася 5 двароў і 48 жыхароў, у 1897 годзе — 11 двароў і 63 жыхары.

Баравое

Кіламетраў за тры ад вёскі знаходзіцца возера з прыгожай назвай Баравое. Возера Баравое лічыцца басейнам ракі Пціч, яго плошча восем гектараў. Вакол возера раскінулася балота, дзе расце багата журавін. Да берагоў возера цяжка падысці: дрыгва — ідзеш, а пад нагамі зямля гойдаецца. Але ў рыбакоў ёсць свае сцяжынкі, яны і лодкі прышвартоўваюць да гэтых берагоў, каб лавіць рыбу на сярэдзіне. У возеры водзяцца шчупак, лешч, плотка, карась. Зімой, пры вялікіх маразах, у возеры зніжаецца ўзровень кіслароду аж да адзінкі. І тады, па просьбе спецыялістаў з аддзела па ахове прыроды, леснікі прасякаюць лункі ў лёдзе, кладуць у іх голле, каб менш замярзалі і не здарыўся мор рыбы. А яшчэ расказваюць, што на гэтым журавінным балоце, якое з’яўляецца заказнікам мясцовага значэння, багата розных паўзучых гадаў — вада, вільгаць ствараюць добрыя ўмовы для іх існавання. У аснове ж назвы Баравое — слова “бор”. Яно і сапраўды адпавядае сваёй назве: возера, балота, а потым баравы лес. У межах возера Баравога і  Пяценкі знаходзіўся яшчэ і хутар з назвай Баравое, у якім у 1897 годзе было 5 двароў і 34 жыхары. У 1907 годзе ў вёсцы — 17 двароў і 79 жыхароў, на хутары — 6 двароў і 27 жыхароў.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

« Детдомовское братство
Рэспубліканская акцыя «Падары дзіцяці футбольны мяч!» пройдзе 29-31 мая »
  • Год мира и созидания
  • Падпіска 2023
  • Оплата услуг редакции через ЕРИП
  • Реклама

  • Версия для слабовидящих
  • Мы в соцсетях





  • Рубрики
    • Актуально (1 119)
    • АПК (405)
    • Беларусь помнит (157)
    • Власть (476)
    • Гісторыя Глушчыны (136)
    • Год мира и созидания (11)
    • Духовность (178)
    • Есть вопрос? Есть ответ! (82)
    • Как выписать газету (2)
    • Калейдоскоп (63)
    • Культура (320)
    • Общество (5 132)
    • Происшествия (399)
    • Реклама (0)
    • РОЧС информирует (42)
    • Спорт (358)
    • Творческие проекты (202)
    • Тема недели "БелТА" (59)
    • Четыре стороны света (4)
    • Экономика (407)
  • Баннеры
  • Архив газеты
  • Погода в Глуске
    Глуск
  • Яндекс.Метрика
Тема предоставлена Web 2.0 News.
© 2023 Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска  Все права защищены.
Сайт Президента Республики Беларусь Глусский районный исполнительный комитет
Top