Рэспубліканская акцыя «Падары дзіцяці футбольны мяч!» пройдзе 29-31 мая ў Беларусі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Футбольныя мячы будуць уручаны першакласнікам з 1 790 школ вёсак і аграгарадкоў у час святочных лінеек з нагоды заканчэння навучальнага года. 30 мая сярэднюю школу пасёлка Міханавічы наведаюць намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, намеснік старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Юрый Курбыка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Баляба, прадстаўнікі ААТ «Белінвестбанк».
У Міністэрстве адукацыі выказалі надзею, што мячы стануць абавязковым атрыбутам гульняў дзяцей летам. Такі падарунак дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам у перыяд летніх канікул далучыцца да самага масавага гульнявога віду спорту — футбола.
Арганізатарамі сацыяльнага праекта сталі Міністэрства адукацыі Беларусі, асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў пры падтрымцы ААТ «Белінвестбанк».