Темы

Вайна і лёсы

Вайна і лёсы

Вайна адышла ад нас далёка — 70 гадоў назад над Берлінам узняўся савецкі сцяг. Семдзесят гадоў! Падумайце, якая страшэнная была тая вайна, калі праз столькі часу, праз столькі іншых, радасных і не вельмі, гістарычных падзей, не зажываюць яе раны. Плачуць ветэраны, успамінаючы франтавых таварышаў, плачуць сівыя ўжо бабулі і дзядулі, чыё дзяцінства асіраціла вайна. На старонках газеты мы раз-пораз друкуем успаміны нашых землякоў — непасрэдных сведкаў падзей Вялікай Айчыннай. Сёння гэта — аповед Зоі Васільеўны Серады, што зараз жыве ў Глуску, а нарадзілася ў суседнім з намі Любанскім раёне. Ды толькі вайна, як кажуць, унесла свае карэктывы, аб’яднаўшы частку нашага Глускага раёна з суседнімі ў адну вялікую партызанскую зону. Там, дзе знаходзіцца знакаміты партызанскі востраў Зыслаў, і прайшло дзяцінства маленькай Зоі Сініцкай. Аб гэтым — яе ўспаміны.

Калгас

Канешне, гэта не пры маёй памяці было, бацька расказваў. Дзед мой хацеў купіць фальварак. Назбіраў грошай, паехаў, а фальварак той не спадабаўся. Як ехаў назад — учуў пра Леніна. Вярнуўся і сказаў: дзеці, ідзем усе ў калгас, таму што гэтага цара ніхто не скіне. Ну і пайшлі. У нас стаялі тры хутары, і непадалёк яшчэ адзін,  называлі Костусеў бераг, — такі ў нас быў калгас, зусім маленькі. Жылі і вельмі добра. Людзі так беглі на работу… Як свята якое ці там дажынкі, у нас у садзе збяруцца, бацька мой, звалі яго Васіль Савіч Сініцкі, іграў на скрыпцы, а бабы спявалі. Маці маю звалі Марыя Антонаўна, яна з палякаў, а бацька рускі. У сям’і нас было чатыры дзеўкі, старэйшая Маруся, Зіна, самая малая Яня і я.

У 1939 годзе, гэта я ўжо сама помню добра, перасялялі хутары ў вёску Старасек. Прыехалі, трактарам сцягнулі дах. І паехалі, а вы рабіце што хочаце. Дзядзька мой быў тады на фінскай вайне. Дык бацька, маці і цётка перавозілі тую хату. Пакуль паставілі новую, мы жылі на хутары ў стопцы. Стала ўжо і трохі халаднавата, покуль хату зрабілі. Аднаго разу запалілі печку — і пачадзелі. Цётка прачнулася: яе дзеўка нежывая. Маці схапілася за малую Яню: нежывая! Прыклала яна люстэрка — пара йдзе, значыць, дыхае. Маці пабегла, узяла начоўкі, наліла вады. (Хата раскіданая стаяла, а печ засталася, там вада цёплая была). Паклалі ў начоўкі і адну, і другую, галоўкамі ў адзін і другі бакі, і сталі кіслым малаком ліць у роцікі: расшчэпвалі вусны, трымалі ложкамі і лілі. Ачухаліся, на шчасце. І цяпер мая тая сястра жыве, у Пружанах.

Пераехалі, зажылі някепска. Я яшчэ ў школу  не хадзіла. У адну нядзелю было вяселле ў Сыцько Мікалая. Маці дапамагала гатаваць. Яна пайшла дзярэўняй, па дарозе, а мы са старэйшай сястрою напрасткі, ды і прыбеглі раней, схаваліся, каб маці не бачыла (яна вельмі не любіла, каб мы ішлі за ёю куды-небудзь). Прывезлі ўжо маладую, толькі паселі на кут — і прыносяць павестку на вайну. Тут ужо і плач, і зусім другая гамонка. Мікалай пераначаваў і назаўтра пайшоў.

Немцы

Першыя немцы мо цераз два дні прыйшлі ў Старасек. Мы з сястрой хацелі вельмі паглядзець, што за такія. Яны прыйшлі: “Матка, яйкі, шпек”. Першы раз  яны  аднаго яўрэя забілі. І то, яны б пра яго і не ўведалі, а ён таксама назбіраў яечак і прынёс ім, дык яны агледзелі: “Юда, юда”. Людзі сталі казаць, што ён харошы, рабочы. Дык перагаворшчык і кажа, каб усе выйшлі, а з ім проста пагавораць і адпусцяць. Людзі выйшлі, і яму ўжо загадалі ісці, той за клямку — яго і застрэлілі.

З тых людзей, што першых забралі на фронт, — ні адзін чалавек не прыйшоў. Набралі другі набор, іх разбілі, і яны ўсе паварочаліся ў нашы балоты, сталі арганізоў-ваць партызанскія атрады. Наехалі немцы, а пяць чалавек з гэтых разбітых часцей не паспелі схавацца. Іх і майго дзядзьку і яшчэ аднаго чалавека, Сініцкага Івана Канстанцінавіча, паставілі і сказалі, што адлічаць чатыры, а пяты будзе расстраляны. А на майго дзядзьку сказалі, што ён “юда” (мая радня картавая ўся). Пабег нехта, прынёс яго пашпарт, і дзядзьку адпусцілі. А тых шасцёра павезлі і забілі. Дык падумаць: мая маці і мачаха таго Івана паселі на воз і паехалі ў Глуск да немцаў папытаць, дзе іх пабілі. Ведалі, што немцы могуць забіць ні за што ні пра што, былі ж ужо навучаныя, але не пабаяліся і паехалі. Дзе тых салдат пахавалі, не ведаю. А нашага як прывезлі, ужо ў яго вароны выклявалі вока, шчокі… Пахавалі яго.

І ўжо як другія немцы ішлі, то яны ўсё людзей забівалі і вёскі палілі. Ідуць і з запальных куль як стануць страляць, тады хаты гараць. Зусім цяжка стала, далей болей, і тады пайшлі людзі ўсе ў лес. Аднойчы так і Старасек загарэўся. Немцы ішлі з боку Загалля, як пачалі страляць, а хаты саломаю крытыя, дык загарэліся. Адна жанчына разгубілася, накідала ў торбу сала і бегае кругом хаты. Пад’ехалі немцы, адзін і кажа: “Што, ты гэта нам есці нясеш?” І шашкай адсек ёй галаву.

Партызаны

Да таго, як усе ў лес пайшлі, у нас жылі параненыя партызаны. І ў іншых жылі, але ж я вам толькі пра тых раскажу, што ў нашай хаце. Падпалкоўнік адзін быў з Масквы, яго скінулі з самалёта з парашутам. У яго твар увесь аблез. Дык ён чакаў самалёта, каб назад ляцець. Потым яго і адправілі. Яшчэ быў у нас Антон з цяжка параненай рукой, аж з мясам вырвана. Я яму дапамагала раны перавязваць, а ён казаў, маўляў, закончыцца вайна і вывучышся за доктара. Быў яшчэ Сцёпа, у яго вока было выбіта.

Кругом жа партызанская зона, дык мы не вельмі баяліся, што ў нас партызаны жывуць. Але калі ўжо наязджалі карныя атрады, то забівалі ўсіх, яны нікога не пакідалі жывымі. Калі ўсе пайшлі ў лес, то ў зямлянках жылі. Як ідуць немцы — партызаны трывогу падымалі. Тады беглі ўсе ў балота, а немцы баяліся туды ісці. Памятаю, бацька нясе маленькую Яню на плячах, на купінах дзеці сядзяць, што пагубіліся, і яна плача: “Ой, татачка залаценькі, хаця ж мяне не кідай!”

Яшчэ выпадак памятаю, я сама там, канешне, не была, расказвалі: партызанка Рыма Шаршнёва накрыла нямецкі дзот сваім целам. Нашы дзеці бегалі гля-дзець, а мяне малую не пусцілі. Пасля вайны часта пра Рыму гаварылі, і ўрок у нас у школе нават быў пра яе, а цяпер мала дзе і ўспамінаюць.

Налёт

Адзін раз мы з сястрою і яшчэ адной дзяўчынкай пайшлі ў вёску, яна яшчэ незгарэлая была. Канешне, маці не папярэдзілі, бо яна не пусціла б. Ціха, спакойна, а далей аб’явілі трывогу. Маці бачыць, што нас няма, крычыць, шукае, бегае. А мы ўжо ідом з вёскі. Усе-ўсе людзі паехалі хавацца на балота, а там жа багата людзей было, не толькі з нашай вёскі. Тут наляцелі самалёты, строчаць, людзі назад бягуць. Столькі пабілі там людзей! Памятаю, вязуць Марусю Мохартаву параненую, яна крычыць “Піць! Піць!”, а дзіця маленькае, дзяўчынка ў яе была, лазіць па ёй. Марусі малака нальюць, а яно ўсё ў грудзях выходзіць. Так і памерла. Аскерка была, дык у яе двойня: на адной руцэ дзіця, на другой, а сама нежывая. Багата лю-дзей тады пабілі. У Турыно жыве жанчына Раговіч Каця. Мы з ёй у арцелі разам працавалі. Як стала я ўспамінаць той дзень, яна і кажа: “Дык і я ж у той кашы была! Майго брата забілі, мацяру і сястру паранілі. Я папала ў чужыя рукі, дык потым дзед знайшоў”.

Аблава. Маці

І што далей, то ўсё часцей налёты былі. А ў 43-м пайшлі немцы лавіць людзей. Усе, як і раней, у балота пабеглі, яно надзейна хавала, а немцы на гэты раз надзелі сапагі доўгія і пайшлі лавіць па балоце. Нас і маці таксама злавілі. Што неслі, мы ўсё пакідалі. Хто думаў, што мы будам жыць, калі дагарвалі кругом людзі? Прыгналі да хлява, адчынілі дзверы, а хто ж хоча ў хлеў? Яны людзей сілком піхаюць, крыкі, плач. Маці зразумела, што ўсё роўна не ўцяком, ды ўзяла посцілку, разаслала, дзяцей пасадзіла і кажа: “Шкода, што бацькі няма, хай бы ўсе разам і пагарэлі”. Ну а мы ж дзеці, дык пазасыналі. А раніцай расчынілі дзверы і павыпускалі людзей. Клункі нашыя ляжаць, і адзежа ў іх, а што з яды — дык няма, пазабіралі. Загналі нас некуды, дзе калючым дротам было загароджана. Назаўтра яшчэ прыгналі адзін хлеў людзей. Тут ехаў на кані Савіцкі Альбін, ён быў паліцай, пад’ехаў, маці папытала, што з намі будзе. Ён і сказаў, што маладых забяруць у Германію, а старых і малых пакідаюць тут, і паабяцаў, што як-небудзь паспрабуе яе вызваліць. І паехаў адразу, ён жа баяўся, што ўбачаць, як ён з намі гаворыць. Трое сутак мы ні грамачкі не елі, толькі вады каўтанеш з лужыны, а на трэці дзень нас загналі ў Ляскавічы. Упярод узялі туды колькі баб маладых, каб варылі есці. І нам ужо давалі па чарпаку таго наваранага. А там дагарвалі людзі, папалілі ваеннапалонных. Пайшоў дождж, нас сталі заганяць у будынак, дзе сядзелі тыя ваеннапалонныя. Ой-ёй, там жа было вошай, як мурашак. А назаўтра раненька паставілі нас па чатыры чалавекі ў шарэнгу і адбіралі: маладых — на машыну, а малых і старых кідалі тут. Мама так плакала, так плакала, што дзяцей забралі, яе шампаламі збілі і за рукі-за ногі закінулі на машыну. І той Альбін, колькі іх везлі, ён стараўся і такі вярнуў яе дадому. У мяне і цяпер асадак на душы: як яго судзілі, чаму мне не пайсці і не расказаць, што ён добры быў, што вярнуў маю маці і цётку. Маці Альбін вярнуў, толькі не дадому, а ў Глуск, там маміна сястра жыла на вуліцы Савецкай. Маці прыпісалі ў гэту сям’ю. Дык падумайце: прыйдуць гуляць бабы і кажуць: “От сабаку павесілі, от там сабаку расстралялі”. А сабаку — гэта значыць партызана. Маці пры іх маўчыць, а як пойдуць, дык плача-заліваецца. Пайсці дадому нельга, бо яна прыпісана сюды была, і кожную ноч правяралі, тым болей Глуск — гэта ж нямецкая зона была, а там партызанская. Тады пайшла пагалоска, што з дзяцей кроў высмактваюць. Маці не вытрымала: пайду дадому, нашто мне зусім жыць, дзяцей няма і мужыка няма. Тут гаспадыня ў слёзы: “Нас жа назаўтра ўсіх на клады павязуць!”

Была перагаворшчыца ў Глуску, пэўне, з партызанамі звязаная, бо яе і не судзілі пасля вайны. Пайшлі яны да гэтай перагаворшчыцы, расказалі ўсё-ўсё, як ёсць. Тая загадала прыйсці ў камендатуру, але маўчаць, яна сама будзе гаварыць што трэба. Немцам перагаворшчыца сказала, што гэтай жанчыне вельмі цяжка жыць у Глуску, а яна ўмее шыць, дык у вёсцы будзе шыць і на хлеб заробіць. Далі маме пропуск у Вайцяхоў, там жыў яе дваюрадны брат. Далі нават запіску для старасты, Кураленя зваўся, каб ён выдзеліў кватэру. Мама і пайшла са сваёй сястрой, той, што разам уганялі ў Германію. Пабылі ў брата дваюраднага трошкі, і ён завёў іх у Бярэжкі, адтуль перавёз іх цераз раку, яны і пайшлі дадому.Як ступілі на слаўкавіцкую зямлю, іх і палавілі. Не пакажаш жа нямецкі пропуск. Завялі ў штаб, а там сядзеў наш кватарант Сцёпа, той, з выкаланым вокам. Ён даў распіску за мацяру і прывёў сам у Старасек. Яна ўвесь гэты час нічога пра нас не ведала, дзе мы і што, і мы не ведалі пра яе.

Слаўкавічы. Бацька

А нас загналі ў Слаўкавічы. Людзей тут не было, хаты пустыя, затое цэлыя. Нас, дзяцей, “замацавалі” за адной бабай, не з нашай вёскі, баба Кікарыха яе звалі. Яня наша малая ж зусім, а сястра захварэла на запаленне. З лесу жанчына адна прыйшла і наказала за намі добра прыглядаць, яна ж дала дзежку пшаніцы, белай, цвілой, але бабы паставяць у печ, пшаніца высахне, яны абтаўкуць, змелюць у жорнах, пякуць. Хоць і гаркавата, але было што пад’есці.

А бацьку ў гэты час таксама злавілі і загадалі гнаць кароў на станцыю. Утраіх яны былі, загналі кароў у слаўкавіцкі лес, адзін аднаму падміргнулі — і ўцякаць. Удвух уцяклі, а трэці быў глухаваты, немец застрэліў яго. Бацька і дапытаўся, дзе мы, прыйшоў уночы і забраў. Сястру хворую нёс на плячах, а мы з сярэдняй сястрой неслі малую. Лесам дабраліся да Падлуга. Бацька паклаў хворую ў знаёмых, а мы пайшлі ў Старасек. Уся вёска спалена, толькі пяць хат засталіся на канцы. Бацька зрабіў нам будан і пайшоў, бо яму трэба было ісці. Прыйшла баба Тофіліха, пазвала нас у хату, бо, кажа, дзеткі, вас ваўкі за ноч паядуць. У той хаце жыло тады сем сямей!

Вызваленне. Страты

Гэта было ў 43-м, а хутка і нашы прыйшлі, у 44-м. Пасля вызвалення мы спачатку жылі ў Старасеку,  у хаце, дзе школа была, — гаспадар жыў, і мы жылі, і школа была. Памятаю, як з піянерважатай па прозвішчы Сікіржыцкая песні развучвалі. Пасля мы каля Любаня хату купілі. У маці было трохі золата, яна яго  ўшыла ў жакетку і ўсё насіла з сабой, дык за яго і купілі. Маці пайшла пабяліць у новай хаце, і там яе забралі ў бальніцу ў Любань. Ну што там бальніца? Вокны паўбіваныя, урачоў не было. Яна там і памерла. Адзін месяц пасля вайны пражыла. Дзявятага мая вайна закончылася, а дзявятага чэрвеня мама памерла. Асталіся мы без маці.

Вайцяхоў. Новае жыццё

Бацька ў 46-м годзе прыйшоў жыць у Вайцяхоў, туды, дзе мамін дваюрадны брат жыў.  І да другой маці, звалі яе Аміля, нас прывёў. Дык тут жа людзі жылі, скажу я вам! Тут жа былі каровы ў кожнай сям’і, у кожнага было парася. Тым, хто ў партызанскай зоне быў і там застаўся, давалі дапамогу на ўладкаванне. Бацька пайшоў, маўляў, можа, і маім дзецям дадуць. Яму сказалі: “Ты пайшоў у непастрадаўшы раён, табе не паложана”.

Як перайшлі ў Вайцяхоў, бацька разважыў: “Маруся  больш класаў закончыла, ёй трэба вучыцца; Зіна слабага  здароўя, хай вучыцца; Яня малая. А ты, Зоя, на хазяйстве будзеш”. Вось і ўся мая адукацыя — тры класы: два гады вучылася ў Старасеку і год у Вайцяхове. Праўда, сястра мая  старэйшая 7 класаў скончыла да Вайцяхова, а тут — ні ў якую. Бацька за тыя капейкі, што былі (ставілі ж палачкі, грошай не плацілі), купіў ёй падручнікі ў 8 клас. Ён плакаў, каб яна ішла ў школу. А яна паехала да дзядзькі ў Тулу.

Я пайшла ў калгас. Мне гадоў 13 было, такі шчэ розум быў: мы будзем работаць — і нас адправяць у Маскву! Кожны дзень раненька ўстаём, бяжым капусту паліваць. Паядзім трошкі — і ячмень палоць. Тады жніво пачалося. Увосень пайшлі гной разбіваць. Прыйшоў п’яны старшыня, паразганяў: нядобра гной разбіваеце. Мы са слязьмі і пайшлі дадому. Вырашылі ў Глуску шукаць работы, у арцелі. Мне, дарэчы, не хацелі даць даведку, раней жа трэ было даведку прынесці, што з калгаса адпускаюць. Дзеўкам далі, а мне не. А таго я не разумела, што сястра старэйшая паехала ў Тулу — ёй далі спраўку. Зіна паехала вучыцца ў тэхнікум у Мар’іну Горку — ёй далі. А мне ўжо трэцяй не даюць, перабор на адну сям’ю. Праўда, бацька неяк дагаварыўся са старшынёю.

У арцелі, у швейным цэху, Зоя Серада адпрацавала 8 гадоў. Пасля вярнулася ў калгас, пайшла на цялятнік — 23 гады без водпуску, без выхадных. Жыццё было цяжкае, мужык рана памёр, трое дзяцей. “Трыццаць рублёў плацілі нам за месяц, і паспрабуй дзяцей адправіць у школу, — кажа Зоя Ва-сільеўна. — А за водпуск і выхадныя нам даплачвалі. Я думала: хоць без спадніцы сама буду хадзіць, а дзяцей вывучу ўсіх”. І вывучыла. Адна з дачок настаўнічала ў Жодзіна, адна працуе ў Глуску, сын — у Мінску. У Зоі Васільеўны шэсць унукаў і чатыры праўнукі, імі яна ганарыцца, кажа, дзякуй богу, глядзяць бабулю, праведваюць.

Запісала Алена ВАЛОШКА

Здымкі з архіва Зоі Серады

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024