Темы

З блакнотам па раёне. Бабровічы

З блакнотам па раёне. Бабровічы

 

Ні для каго не сакрэт, што шмат беларускіх вёсак паступова знікае з геаграфічнай карты Беларусі. Моладзь пераязджае ў горад, дзе больш розных магчымасцяў, ды і ўвогуле, як кажуць, жыць лягчэй. Навукоўцы гэты працэс называюць урбанізацыяй. Але тыя, хто нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства ў вёсцы, часта вяртаюцца да роднага парога, хаця б у якасці дачнікаў. І тады вёсачкі ажываюць, напаўняюцца людскім гоманам і дзіцячым смехам.

На жаль, і ў нашым раёне ёсць вёскі, якія ажываюць толькі летам, напрыклад, Бабровічы. Я прыехала сюды ўпершыню і, каб не ведала дакладна, што тут жывуць людзі, падумала б, што вёска пустая — у сонечны вясновы дзень на вуліцы не было аніводнага чалавека. Калісьці шумная (а вёска налічвае шмат гадоў — у летапісах Бабровічы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1568 годзе), маланаселенай яна стала не так даўно.  Цяпер маўклівымі сведкамі былой велічы Бабровіч з’яўляюцца пустуючыя хаты, двары, якіх тут шмат.

Кніга “Памяць. Глускі раён” прыводзіць вось такі цікавы факт. У 1914 годзе ў Катцы на сабраныя насельніцтвам грошы пабудавалі новую школу. У будаўніцтве не ўдзельнічалі жыхары Бабровіч, таму, калі пачаліся заняткі, каткаўскі стараста адправіў усіх дзяцей з гэтай вёскі дамоў, і больш у школу іх не прымалі. Толькі з прыходам савецкай улады ў Бабровічах была адкрыта працоўная школа першай ступені, у якой у 1925 годзе было ажно 78 вучняў і нават дзейнічаў драматычны гурток.

У 1926 годзе ў вёсцы — 81 двор і 423 жыхары. А ў 1931 годзе 13 гаспадарак аб’ядналіся ў калгас “Чырвоны востраў”, к 1940 году тут меліся 200 кароў, 150 авечак, 100 коней, чатыры малатарні.

Мірнае жыццё вяскоўцаў парушыла Вялікая Айчынная вайна. Вось што расказаў пра той цяжкі час жыхар Бабровіч, цяперашні стараста вёскі Фёдар Міхайлавіч Багам’я:

— У 1941 годзе мне было восем гадоў. Дзіцячая памяць цэпкая, таму ўсе па-дзеі запомніліся добра. У нядзелю, 22 чэрвеня, па радыё аб’явілі, што пачалася вайна, а ўжо праз некалькі дзён немцы былі ў Бабровічах. Спачатку нямецкія салдаты нас, малых, цукеркамі частавалі, а некаторыя мясцовыя жыхары іх урачыста сустракалі — магчыма, сваю ролю сыграла савецкая прапаганда (сяброўскі дагавор жа заключалі з немцамі), а можа, проста баяліся і такім чынам спрабавалі дамовіцца з акупантамі. Але ж яны фашысты, як ты з імі дагаворышся. Вяскоўцы хутка адчулі на сабе іх “сяброўства”. Зімою 1942 года ў Бабровічы прыйшоў нямецкі карны атрад. Тых  жыхароў, што не паспелі ўцячы ў лес, сагналі да клуба і расстралялі за сувязь з партызанамі. Мой дзед, які жыў у Катцы, пачуўшы страляніну, запрог каня і паехаў да нас, але пры ўездзе ў вёску немцы яго забілі. А вось нашага суседа, які быў там, каля клуба, толькі паранілі, і, калі фашысты пасля расправы паехалі ў Замасточча, жонка на санках забрала яго дадому. Аж раптам карны атрад вярнуўся, немцы па слядах знайшлі іх, прымусілі прывезці параненага назад да клуба і там забілі яго, жонку і іх дачку. З усіх, каго сагналі да клуба, жывымі засталіся толькі два чалавекі — Надзея Варава і Мікалай Марус. Калі пачаўся расстрэл, яны пападалі і ляжалі, як нежывыя, пакуль усё не скончылася.

Трэба адзначыць адметны факт: у нашай вёсцы здраднікаў-паліцаяў не было. Шмат нашых мужчын было на фронце, у партызанах. Пасля таго масавага расстрэлу большасць вяскоўцаў, і наша сям’я таксама, перабраліся жыць у лес. Мы пабудавалі там зямлянку, забралі з сабою хатнюю жывёлу — конь і карова былі ў нас. Па сена для іх хадзілі ў вёску, летам там садзілі агарод. У 1943 годзе  не стала нашага бацькі: ён выконваў даручэнне партызан і нарваўся на немцаў, схаваўся ў канаве з ледзяной вадой, прыйшоў дадому і праз некаторы час памёр. А зімою 1944 года, у канцы лютага, я застудзіўся ў лесе і захварэў. Маці прывезла мяне ў вёску да цёткі, каб крыху ачуняў у цёплай хаце, а сама паехала па сена. Раптам з боку Каткі — немцы. Я якраз накінуў кажух і выйшаў  з хаты, гляджу: маці імчыць на кані і крычыць: “Сынок, прыгай у воз!” Так мы выратаваліся. Усіх, хто застаўся ў вёсцы, 27 чалавек, сярод якіх былі нават немаўляты,  сагналі ў канец сяла ў хлеў і спалілі. Зараз на тым месцы ёсць абеліск у іх памяць.

Пасля вызвалення ў 1944 годзе паступова наладжвалася мірнае жыццё. Аднавілі калгас, старшынёй якога аж да пачатку 60-х гадоў быў Сцяпан Нікіфаравіч Багам’я. Працавалі ў калгасе ўсе: і старыя, і малыя —  трэба ж было аднаўляць гаспадарку раёна.

— У нас вельмі багатыя лясы, — працягвае расказ Фёдар Міхайлавіч Багам’я, — грыбоў, ягад, арэхаў было калісьці шмат. За вёскай балота было, праз яго кароў ганялі, на вазах ездзілі. Дык у сцежках, дзе каровы хадзілі, праступала вада, і рыбы там было столькі, што на ўсіх вяскоўцаў хапала. У галодныя пасляваенныя часы гэта дапамагло нам выжыць.

Нягледзячы на цяжкасці жыцця, жыхары Бабровіч умелі і весела адпачываць. У Глускім раёне была і ёсць традыцыя: у кожнай вёсцы на вызначанае рэлігійнае свята праводзіцца кірмаш — прыязджаюць госці, радня і святкуюць. Гэтая традыцыя не выкаранілася нават у савецкія часы. У Бабровічах кірмаш быў на Раство і вясной на Міколу — запрашалі да сябе гасцей з другіх вёсак, хадзілі адзін да аднаго, пелі песні. Гатавалі адметныя для Бабровіч стравы. Напрыклад, марзюху. Бралі льняное семя, сушылі яго, таўклі ў ступе да стану мукі. Потым адварвалі бульбу, злівалі з яе адвар, у які сыпалі льняную муку, клалі сырую парэзаную цыбулю і з бульбай елі. Альбо вось яшчэ бабровіцкая страва — смажаны тварог. Падсмажвалі сала (а калі было, то і мяса крыху), залівалі гэтым тварог і ставілі ўсё ў печ, каб добра падсмажылася. Смаката!

— Усё менш і менш у вёсцы людзей застаецца. Зараз нас на ўсю вёску 25 чалавек, — гаворыць Фёдар Міхайлавіч. — За апошнія два месяцы чатырох пахавалі. Ферма разбурылася, клуб і магазін пачалі па цаглінах разбіраць. Нават вады ў нас амаль няма — кожны дзень я альбо хто-небудзь іншы ходзім да воданапорнай вежы ўключаць помпу, каб была вада ў калонцы. Дык цяпер помпа папрацуе некалькі гадзін — і з вадой мы на суткі, а раней хапала аж на 3-4 дні. І да бальніцы дабрацца цяжка. У аўторак у Катку доктар прыязджае, а аўтобус да нас заходзіць толькі ў сераду. А вось аўталаўка тры разы на тыдзень бывае — гэта добра.

Фёдар Міхайлавіч правёў цікавую экскурсію па Бабровічах для мяне. Пазнаёміў з жанчынай з незвычайным захапленнем. Любоў Васільеўна Марціновіч — калісьці перадавая даярка, а зараз проста пенсіянерка, у якой хобі — вуджэнне рыбы.

— Мае захапленні — збіранне грыбоў і рыбалка, — гаворыць Любоў Васільеўна. — Я вельмі люблю прыроду. Мне цікава, як рыба клюе, я адпачываю за вудай і ў грыбах. Як пайшла на пенсію, дык гэтым справам аддаю ўвесь вольны час. Зяць мне падарыў добрую вуду. У асноўным лаўлю карасёў. А аднойчы на канаве пашчасціла на  невялікага шчупака. За фермаю была ў нас проціпажарная яма, думаю, хоць малькоў палаўлю там. Аднаго злавіла. Пасядзела крыху ды й на канаву пайшла. На чарвяка не клявала, пацапіла таго малька — і выцягнула шчупака! Вось такая самая вялікая мая рыба.

Прыгожыя краявіды вакол Бабровіч. Назва вёскі паходзіць (на думку вяскоўцаў) ад назвы жывёліны — бабёр. Тут іх шмат водзіцца ў канавах і зараз. Людзей мала, сяло далёка ад шумных дарог, вакол лес, балоты, таму лясныя звяры прыходзяць проста ў двары да мясцовых жыхароў. Ваўкоў, праўда, не бачылі, затое зайцоў можна за вухам пачасаць, так смела і блізка яны ідуць да чалавека.

А яшчэ  ў Бабровічах я ўбачыла дзве нафтавыя свідравіны. Правільна кажуць мясцовыя жыхары: багаты ў іх край. І, магчыма, калі-небудзь багацце гэтай зямлі прынясе вёсцы  адраджэнне.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024