У гэтым годзе заработкі падлеткаў у лагерах працы і адпачынку вызвалены ад падаходнага падатку. Аб гэтым паведаміла 7 мая ў час анлайн-канфрэнцыі на сайце БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Святлана Шаўчэнка.
Лагеры працы і адпачынку, дзе аздараўленне і адпачынак спалучаюцца з грамадска карыснай працай, набываюць усё большую папулярнасць. «У 2015 годзе даходы, атрыманыя дзецьмі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў за работу ў лагерах працы і адпачынку, вызвалены ад падаходнага падатку. Адпаведна, падлеткі змогуць больш зарабіць», — адзначыла Святлана Шаўчэнка.
Парадак арганізацыі працы ў лагерах працы і адпачынку рэгулюецца пастановай Савета Міністраў нумар 662 ад 2 чэрвеня 2004 года. Абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінгарвыканкамам штогод вызначаецца пералік арганізацый, што могуць працаўладкоўваць дзяцей, якія знаходзяцца ў лагерах працы і адпачынку, па працоўных і грамадзянска-прававых дагаворах. Як правіла, гэта арганізацыі сферы адукацыі, будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі.
У 2014 годзе ў Беларусі на летніх канікулах у лагерах працы і адпачынку пабывалі 15 тыс. падлеткаў.
У гэтым годзе ў аздараўленчую кампанію асаблівая ўвага будзе ўдзелена адкрыццю лагераў працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем.