Такія прыгожыя глаксініі я бачыла ўпершыню. Бучныя, з шапкай пышных кветак і вялікімі сакавітымі лістамі. Яны былі сапраўдным упрыгажэннем гэтай сялянскай хаты, што стаіць на ўскраіне вёскі Падкаленды. Глаксініі красаваліся на вокнах і сталах і стваралі вясёлкавы настрой. Гаспадыня дома Любоў Яфімаўна Дзяшчэня пра кожны вазон гаварыла з цеплынёй і радасцю.
— Кветкі я любіла заўсёды — і хатнія, і вулічныя, — распавядала наша субяседніца. — Глаксініі ж у мяне з’явіліся гады чатыры таму. Знаёмыя далі лісток, пасадзіла яго, вырасла кветка, і я ўлюбілася ў гэтую прыгажосць. Потым з’явілі-ся падораныя вазоны, яны мне асабліва дарагія. Цяпер я ўжо і сама даю іншым лісткі, каб разводзілі кветкі, — няхай не толькі мне будзе радасць.
У Любові Яфімаўны што ні глаксінія, то асобны экземпляр — са сваімі колерам, формай, памерам. І я не стрымалася, каб не спытаць, як жа гаспадыня іх даглядае. І вось што нечакана для сябе пачула:
— Ніякага сакрэту па догляду няма. Не забываю штодня паліваць вазоны, падкормак ніякіх не даю. Адзінае, што раблю: калі кветка адцвітае і прападае лісце (надземная частка расліны на зіму адмірае. — Аўт.), то да самага клубня выбіраю зямлю і засыпаю наверх свежай. Вось і ўсё.
Магчыма, не толькі ў гэтым сакрэт такога раскошнага цвіцення глаксіній. Такімі іх робіць атмасфера цеплыні і дабрыні, якая пануе ў гэтым доме. І стварае яе сама гаспадыня — шчырая, гаманкая, добразыч-лівая — шчодрай душы чалавек. А яшчэ пра такіх гавораць: у яе лёгкая рука. Дарэчы, яно і сапраўды так. Гадоў шэсць назад Любові Яфімаўне рэальна пашчасціла.
— У банку мне прапанавалі купіць латарэйны білет “Суперлато”, — расказвае жанчына, — і я ўзяла. Настаў час розыгрышу, я сама не ведала, як там што закрэсліваць, і дала білет унуку. Называюць лічбы, а ён нешта закрэслівае, потым кажа: “Бабуля, мы амаль выйгралі пуцёўку ў Чарнагорыю, адна лічба засталася, добра будзе, як яна выпадзе”. Прайшло некалькі секунд і сапраўды — выпала наша лічба. У Чарнагорыю я не паехала, а замест пуцёўкі забрала грошы. Частку дала дочкам, іх у мяне дзве, а на астатняе перацягнула сабе мяккую мэблю. Зараз я ўжо сама перыядычна купляю білеты. Выйгрышаў вялікіх не бывае, але я так думаю: я ж калісьці выйграла, і гэта былі грошы, якія сабралі ад прададзеных білетаў. Дык цяпер няхай і мае грошы прынясуць камусьці радасць.
Падчас размовы з Любоўю Яфімаўнай я атрымала шмат станоўчых эмоцый. Яна распавядала не толькі пра кветкі, але і пра сваё жыццё. І ні разу ў яе словах не прамільгнула сумнай ноткі, хаця жыццё не заўсёды складвалася гладка. Проста такі яна аптымістычны чалавек. І дзякуй тым людзям, якія патэлефанавалі ў рэдакцыю і папрасілі напісаць пра гэту прыветлівую жанчыну і яе кветкі. Што да глаксіній, то цвісці яны будуць яшчэ доўга, бо на змену кветкам, якія параспускаліся, падрастаюць новыя бутоны.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА